Сёлета ірляндцы пачалі раней звычайнага сьвяткаваць Дзень сьвятога Патрыка – нацыянальнага сьвята Ірляндыі. Штогод 17 сакавіка яны дазвалялі кожнаму чалавеку адчуць сябе сапраўдным ірляндцам. Але для саміх ірляндцаў гэта яшчэ й дзень станаўленьня Ірляндыі як хрысьціянскай краіны. У Менску адбыўся фэстываль ірляндзкай музыкі і танцаў.
Паколькі ірляндцы ў асноўным каталікі, а сёлета Вялікдзень 23 сакавіка, то дзень сьвятога Патрыка вырашылі адзначыць у лютым, каб потым не парушаць пост.
Сьвяты Патрык – апякун Ірляндыі. Згодна з паданьнем, недзе ў V стагодзьдзі маленькага Патрыка прадалі ў рабства з Шатляндыі ў Ірляндыю, каб ён пасьвіў жывёлу. Калі хлопчык вырас, то ўцёк у Францыю. Там ён стаў сьвятаром і вярнуўся ў Ірляндыю. Да заслугаў Патрыка ірляндцы залічваюць тое, што ён выгнаў з краіны ўсіх зьмей, а таксама блаславіў ірляндцаў на выраб віскі.
У дзень сьвятога Патрыка трэба апранацца ў зялёны колер, жартаваць, пець, піць эль, віскі, натуральна, піва, але пажадана, каб яно было зялёнага колеру.
Ты павінен думаць, што ты з Ірляндыі. Гэта самае важнае...
“Гэта вялікі фэстываль у Дубліне, у Амэрыцы, у Аўстраліі. Каталікі Ірляндыі ўсе вераць. Ты павінен думаць, што ты з Ірляндыі. Гэта самае важнае. Мы больш размаўляем па-ангельску, чым па-ірляндзку. Гэта кепска. Людзям трэба размаўляць на сваёй мове. Гэта вельмі важна. Ірляндзкая мова вельмі прыгожая і вельмі добрая. Беларуская таксама. Чаму ж не размаўляць?”.
Марыя Міцкевіч, старшыня дзіцячага фонду “Сакавік”, адна з арганізатараў фэстывалю, які адбываецца ў фільгармоніі.
“Упершыню праводзім такі вялікі міжнародны фэстываль. Ірляндцы цягам многіх гадоў дапамагаюць нашым хворым дзецям. Спачатку і пачаліся дні сьвятога Патрыка як наша ўдзячнасьць тым ірляндцам, якія так шмат робяць для нашых дзяцей”.
Не ўсе ахвотныя змаглі набыць квіткі на канцэрт ірляндзкай музыкі і танцу. Некалькі гадзінаў каля будынку фільгармоніі не разыходзіліся юнакі і дзяўчаты ў зялёных капелюшах і з налепленымі на твар лісткамі канюшыны. Шмат у каго ў руцэ заўважана была бутэлька з “Гінэсам”.