Віцебскі Мірон вывесіў сьцяг у гонар Тадэвуша Касьцюшкі.
Бел-чырвона-белы сьцяг лунаў над жылой "пяціпавярхоўкай" на скрыжаваньні вуліц Кірава і Касмсамольскай. Яго было добра відаць з Кіраўскага мосту цераз Дзьвіну, які вядзе ад цэнтру горада да чыгуначнага вакзалу.
Зрэшты, убачыць сьцяг пасьпелі нямногія: ён зьявіўся каля паловы на восьмую вечара, а ў 20.20 яго ўжо не было. Зьняты нацыянальны сымбаль міліцыянты завезьлі ў Чыгуначны райаддзел, дзе за апошнія гады сабралася ўжо каля дзесятка бел-чырвона-белых "Міронавых" сьцягоў.
Вядомы зьмест цыдулкі, якая была прымацавана да сьцяга: "У гонар выдатнага ліцьвіна, сына беларускага народа, нацыянальнага героя нашай любай Бацькаўшчыны Андрэя Тадэвуша Банавэнтуры Касьцюшкі. Мы пераможам! Жыве Беларусь!" і подпіс "Мірон".