Агляд беларускага сеціва.
На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць артыкул электроннага выданьня “Ежедневник» пад назвай “Лукашэнка апошнім часам скінуў 13 кіляграмаў”. Артыкул прысьвечаны ўчорашняй сустрэчы кіраўніка краіны са студэнтамі БДУ. Менавіта ў часе гэтай сустрэчы Аляксандар Лукашэнка крыху расказаў пра сваё асабістае жыцьцё: ня мае ўласнага псыхоляга, у маладосьці днём і ўначы чытаў кніжкі, сам, без дыетоляга схуднеў на 13 кіляграмаў, хоць любіць салодкае.
Камэнтары ўдзельнікаў форумаў:
“Пагутарыў пра ўсё, нават пра салодкае... А наконт адмены льготаў і кампэнсацыі гэтай адмены канкрэтна для студэнтаў неяк забыліся. Цікава, чаму забыліся?”
“Тым студэнтам, што задавалі пытаньні, льготы нецікавыя”.
“Нешта я не заўважыла, каб ён схуднеў на 13 кіляграмаў. Ці гэта тэлевізія кожны раз візуальна павялічвае? А калі і схуднеў настолькі, гэта ўвогуле трывожны знак. Бо ён ніколі ня быў тоўстым і займаўся спортам”.
“На 13 кіляў схуднеў без дыетоляга? Альбо са здароўем праблемы, альбо яму трэба кансультаваць барацьбітоў і баксёраў... Але, выглядае на тое, што наконт таго, як правільна схуднець, ён кансультуе толькі народ (чарка, хлеба крыху)”.
Чытачы сайту “Нашай нівы” абмяркоўваюць кадравую ракіроўку мінулага тыдня: Пётар Міклашэвіч узначаліў Канстытуцыйны суд, а Рыгор Васілевіч стаў генэральным пракурорам.
«Цікава, а цяпер Васілевіч будзе распавядаць пра прасоўваньне расьследваньня ў справе Захаранкі?”
“Памянялі Пецю на Рыгора –
Значыць, заўтра будзе як учора».
«Усё як у Вялікага Ўсходняга Брата: там мянялі пракукора на міністра, а мы чым горш?»
Блогер Wal_de_maar зьвярнуў увагу на паведамленьне на сайце прадпрыемства “Менсктранс” Адзін з наведнікаў абураецца з нагоды таго, што ў Менскім транспарце стала зашмат беларускай мовы і, на ягоную думку, гэта дзіўна для “расейскамоўнага гораду”.
На сайце moladz.org напярэдадні дня Сьвятога Валянціна зьявілася ТОП-10 самых рамантычных месцаў Менску. У сьпіс мясьцінаў, дзе можна гуляць, размаўляць пра паэзію і прызнавацца ў каханьні, трапілі вуліца Камуністычная, Траецкае прадмесьце, Лошыцкі парк, дахі 12-павярховых дамоў у раёне «Белай Вежы», а таксама... Кальварыйскія могілкі – для неардынарных асобаў.