Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў удзельнічае ў Венскім форуме ў справе барацьбы з гандлем людзьмі. Гэта мерапрыемства пад эгідай ААН пачалося сёньня ў сталіцы Аўстрыі.
Як паведамляе афіцыйны сайт МЗС Беларусі, асноўныя мэты форуму – падвышэньне дасьведчанасьці міжнароднай супольнасьці аб праблемах гандлю людзьмі, пошук інавацыйных падыходаў да яе рашэньня, абмен перадавым досьведам.
Сустрашыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Анатоль Лябедзька, якому беларускія ўлады забараняюць выяжджаць за мяжу, адзначае:
“Безумоўна, ва ўсясьветным маштабе гэта праблема надзвычай важная. Але ў беларускіх уладаў праглядаецца пэўная спэкуляцыя на гэтым. Значная частка нашых грамадзянаў знаходзіцца ў такой эканамічнай і палітычнай залежнасьці ад уладаў, што можна казаць: і ў Беларусі ідзе гандаль. Людзі мяняюць сваё сумленьне, мяняюць свае пазыцыі і фактычна ператвараюцца ў жывы тавар унутры краіны.
Калі сто тысячаў чалавек ужо ня могуць пакінуць Беларусь, дык можа ёсьць сэнс наагул даваць дазвол на выезд толькі прадстаўнікам уладаў. І тады ніякіх праблемаў наагул ня будзе”.