Адзін з самых прыгожых і каштоўных помнікаў архітэктуры другой паловы XVIII — пачатку XIX стст. у ваколіцах Горадні — палацава-паркавы комплекс Сьвяцк — пачынае разбурацца. Апошнія тры гады будынак пустуе й не ацяпляецца.
Сёлета нават у параўнаньні зь мінулым годам стан будынка прыкметна пагоршыўся: асыпаюцца сьцены, якія ў кожны момант могуць паваліцца.
Цяпер помнік — на балянсе ўпраўленьня адукацыі Гарадзенскага райвыканкама. На працягу трох гадоў будынак выстаўлялі на аўкцыён, але пакупніка так і не знайшлося. Да гэтага ў палацы з пасьляваеннага часу месьціўся санаторый для хворых на сухоты.
Вартаўнікі, якія ахоўваюць будынак, распавядаюць, што сюды даволі часта наведваюцца розныя госьці, у тым ліку й замежныя, глядзяць, цікавяцца, але ніхто пакуль не купляе.
Палацава-паркавы комплекс Сьвяцк лічыцца помнікам рэспубліканскага значэньня й знаходзіцца за 15 км ад Горадні і за 7 км ад Аўгустоўскага канала.
На здымках: так зараз выглядае палац Валовічаў у Сьвяцку, створаны паводле праекту італійскага архітэктара Джавані Сака ў другой палове XVIII — пачатку XIX стст.