Цягам 12-24 лютага ў Музэі гісторыі беларускага кіно прэзэнтуюцца творы нефармальнай студэнцкай творчасьці.
Назва выставы – “Unreal student life” (“Нерэальнае студэнцкае жыцьцё”). Імпрэза ладзіцца ініцыятывай “Студфармат” пры падтрымцы брытанскай амбасады ў Менску.
Прасторная заля Музэю кіно забітая цалкам: некалькі дзесяткаў чалавек, у асноўным маладога ўзросту.
На пачатку імпрэзы выступіў прадстаўнік амбасады Вялікай Брытаніі Найджэл Гултэвіс.
Найджэл Гултэвіс: “Вельмі правільна, што гэтая выстава ўключае творы ня толькі тых, хто вывучае мастацтва. Яна адкрытая для ўсіх”.
На пачатку імпрэзы выступіў прадстаўнік амбасады Вялікай Брытаніі Найджэл Гултэвіс.
Канцэпцыю выставы тлумачыць маладая мастацтвазнаўца Алеся Раманюк:
“Тут прадстаўленая вулічная творчасьць, клясычны жывапіс... Асноўнае ў тым, што гэтыя творы выкананыя студэнтамі: альбо студэнтамі па жыцьці, альбо студэнтамі па ўзросьце, па сацыяльным статусе... Тут інсталяцыі, фотаздымкі, жывапіс, графіка...”
Тут можна пасядзець на ложку са студэнцкага інтэрнату, альбо зазірнуць у сапраўдны студэнцкі пакой. Далей Алеся Раманюк:
“Мы прыходзім да высновы, што студэнты, якія збольшага не мастакі па адукацыі, мысьляць крэатыўна. Яны асэнсоўваюць, пераасэнсоўваюць прадметы з рэчаіснасьці. І атрымліваюцца сапраўдныя канцэптуальныя творы”.
Алесі Раманюк у стварэньні выставы дапамагала Ганна Родзіна:
“Вядома, работы прыносяць розныя. Ёсьць шмат абсалютна аматарскіх работ, якія вельмі добра ўпісваюцца ў канцэпцыю. Мы так і пастараліся перадаць дух студэнцтва, дух творчага студэнцтва. І пры гэтым паказаць з прафэсійнага пункту гледзішча ўсе творы”.
Валізкі са слоікамі, ложак, карціны, канцэптуальна аздобленыя саколкі, скульптуры: усё разам утварае выставу пазарэальнага жыцьця беларускіх студэнтаў.
Штодня а пятай тут будзе імпрэза: паказ модаў, відэапрэзэнтацыі, выступы музыкаў. Апроч барда Яўгена Валошына на адкрыцьці выставы выступілі гурты “Джамбібум”, “Ё-ё”, паэты ды іншыя.