Рада рэспубліканскага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” зрабіла заяву, у якой канстатуецца, што канфлікт паміж індывідуальнымі прадпрымальнікамі і ўрадам ня вырашаны, ён паглыбляецца з кожным днём.
“Пэрспэктыва” заявіла пра поўную падтрымку прадпрымальнікаў, сяброў арганізацыі “усімі тымі мэтадамі і формамі, якія прадугледжаныя статутам аб'яднаньня і заканадаўствам Беларусі”.
“Мы былі, застаёмся і будзем разам з індывідуальнымі прадпрымальнікамі Беларусі. Мы адстойваем і будзем адстойваць законныя патрабаваньні прадпрымальнікаў, сяброў арганізацыі па свабодзе найму работнікаў зь ліку любых грамадзянаў краіны, не абмяжоўваючы іх толькі блізкімі сваякамі, і стварэньню ўмоваў дзеля эфэктыўнага разьвіцьця прадпрымальніцтва ў Беларусі”, – гаворыцца ў заяве.
“Пэрспэктыва” падзякавала прадпрымальнікам і грамадзянам за падтрымку дзейнасьці арганізацыі і цьвёрдай пазыцыі яе лідэра Анатоля Шумчанкі.
“Пэрспэктыва” заклікае кіраўніцтва краіны “спыніць рэпрэсіі адносна актывістаў прадпрымальніцкага руху і настойвае на мірным характары пераадоленьня канфліктаў інтарэсаў дзяржавы і малога бізнэсу”.
Асаблівую ўвагу аб'яднаньне надае праблеме, зьвязанай з прэзыдэнцкім указам №760 аб абмежаваньні правоў індывідуальных прадпрымальнікаў па найму работнікаў. Аднак улады не пайшлі насустрач вырашэньню ўзьнятых праблемаў.
Паводле “Пэрспэктывы”, сёньня імкліва адбываецца палітызацыя прадпрымальніцтва. Некаторыя прадпрымальнікі былі кінутыя ў турмы альбо былі аштрафаваныя за ўдзел у акцыях пратэсту.
“Падзеі студзеня 2008 года, калі тысячы прадпрымальнікаў выйшлі на плошчы і вуліцы гарадоў, ёсьць сьведчаньнем вострай напружанасьці ў асяродзьдзі малога бізнэсу і канфлікту з урадам, які адмовіўся ад адкрытага і сумленнага дыялёгу, не знайшоў часу на аналіз нашых аргумэнтаў і разьлікаў”, - гаворыцца ў заяве.
Нагадаем, пасьля мітынгу 10 студзеня Міністэрства юстыцыі падало ў Вярхоўны суд пазоў аб ліквідацыі Рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня "Пэрспэктыва". Яе лідэр А.Шумчанка быў арыштаваны на 15 сутак. Праз некалькі дзён Міністэрства юстыцыі адклікала пазоў зь Вярхоўнага суду аб ліквідацыі аб'яднаньня.