“Тэлефон даверу” – так называюцца ананімныя лініі псыхалягічнай дапамогі ў Беларусі. Кожны можа пазваніць туды ў крытычнай жыцьцёвай сытуацыі і атрымаць прафэсійную дапамогу.
Цяпер тэлефоны даверу маюць беларускія Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства ўнутраных справаў і Камітэт дзяржаўнай бясьпекі. Ці павышаюць гэтыя лініі эфэктыўнасьць працы названых ведамстваў?
Парушальнікі заплацілі за 57 паведамленьняў 442,3 мільёны беларускіх рублёў
Дзякуючы інфармацыі, якая паступіла на тэлефон даверу Міністэрства падаткаў і збораў у 2006-м годзе, парушальнікам заканадаўства прадстаўлена да аплаты 442,3 млн. рублёў”, – паведамляе сайт міністэрства nalog.by.
Гэтая сума – вынік рэагаваньня на 57 пацьверджаных паведамленьняў. А ўсяго за 2006 год на тэлефон даверу міністэрства прыйшлі 183 паведамленьні.
“У нас колькасьць паведамленьняў на парадак вышэйшая”, – кажуць у прэс-службе МУС.
Летась грамадзяне пакінулі каля 4000 паведамленьняў, сьведчыць Алег Сьлепчанка, які выконвае абавязкі начальніка ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС. Каля 20% такіх паведамленьняў патрабуюць праверкі.
Тэлефон даверу МУС: “Мы – перадатачная інстанцыя...”
“Мы не разглядаем скаргі. Мы – перадатачны мэханізм. Мы прымаем на тэлефон даверу інфармацыю і перадаем яе далей па інстанцыях – тых, якія зацікаўленыя ў гэтай інфармацыі”.
Прымаюцца да ўвагі і паведамленьні, пададзеныя ананімна.
“Мы разглядаем любую інфармацыю”, – кажа Алег Сьлепчанка.
Ананімнасьць – сродак паклёпу
Гісторык, дасьледчык палітычных рэпрэсіяў мінулага стагодзьдзя Ігар Кузьняцоў кажа, што мажлівасьць паскардзіцца ў праваахоўных інстанцыях была й раней:
“Тэлефонных нумароў адмысловага прызначэньня на пачатку савецкай улады не было. Проста людзі ведалі, што ёсьць Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, Камітэт дзяржкантролю, Міністэрства унутраных справаў, – і туды пісалі так званыя лісты працоўных – даносы. А тады там іх разглядалі, прымалі рашэньне: давалі ход справе ці не”.
Ігар Кузьняцоў лічыць, што ананімнасьць – слабое месца тэлефонаў даверу:
“Ёсьць плюсы, ёсьць мінусы... У час, калі трэба змагацца з тэрарызмам, добра, што ёсьць куды паведаміць пра нешта падазронае. Але паведамленьні не павінны быць ананімнымі, бо гэта дае магчымасьць паклёпу на суседа, зь якім стасункі благія”.
Прагрэс дазваляе скардзіцца... зручна
“Але ж ніхто не панясецца на злом галавы адразу некага караць – асобу ці арганізацыю, – інфармацыя ж спачатку правяраецца”, – запэўнівае Алег Сьлепчанка.
Пытаньне аб этычнасьці ананімнай інфармацыі не засмучае і Міністэрства падаткаў і збораў:
“Гэта – зручна. Проста прагрэс адкрывае новыя магчымасьці, больш эфэктыўныя. Пра тэлефон нават і казаць няма чаго – любы карыстальнік інтэрнэту можа пакінуць паведамленьне для нас на нашым сайце”.
Праваабаронца, былы палітвязень Валеры Леванеўскі таксама ня бачыць праблемы ў ананімнасьці тэлефонаў даверу:
“Паводле ананімнай нейкай заявы крымінальную справу не распачнуць. Тут пагрозы няма. Тым больш што там даецца пэўны вызначаны час на праверку факту. Плюс гарачых лініяў, на мой погляд, у тым, што можна паскардзіцца на чыноўніка, які вымагае хабар, на нейкія перавышэньні службовых паўнамоцтваў...”
На дзеяньні супрацоўнікаў МУС, кажа Алег Сьлепчанка, летась было каля 700 скаргаў. У 80 выпадках міліцыянтаў пакаралі.
Жыцьцёвае крэда – прафэсійны скаржнік
Цяжкасьць працы апэратараў тэлефонаў даверу – у досыць частых зваротах паталягічных скаржнікаў.
“Дзяўчаты, якія працуюць на тэлефоне, нават па галасох некаторых пазнаюць. То больш звоняць, то менш. Пэрыядычнасьць нейкая”, – кажуць у прэсавай службе МУС.
Гэткія людзі на прафэсійнай мове мэдыкаў называюцца “паталягічныя квэрулянты”, кажа псыхіятар Васіль Варажцоў:
“Імя ім – параноікі. Людзі, якія шукаюць паўсюль ворагаў, пішуць скаргі, сварацца... Гэта не абавязкова захворваньне, гэта можа быць проста праявай паталёгіі характару, паталёгіі асобы”.
Але і на іх скаргі рэагаваць прыходзіцца.
“Закон адзін для ўсіх. Адзін раз чалавек зьвярнуўся да нас ці робіць гэта штодзённа – мы павінны адрэагаваць на сыгнал”, – кажуць у прэсавай службе ГУУС.
Пільнасьць грамадзянаў – прыбытак бюджэту
Зыходзячы са статыстыкі Міністэрства падаткаў і збораў, пільнасьць беларускіх грамадзянаў – справа даходная. Болей за 442 мільёны беларускіх рублёў удалося спагнаць зь вінаватых дзякуючы толькі трэцяй частцы паведамленьняў на тэлефон даверу. З другога боку, зыходзячы зь лічбаў, каля сотні скаргаў аказаліся пустымі.