Выканаўца абавязкаў старшыні Каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Алесь Макаеў зьвярнуўся да спэцдакладчыка Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў пытаньнях Беларусі Андрэа Рыгоні.
Ён запрасіў спадара Рыгоні наведаць Менск 18 лютага, падчас акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.
Паводле спадара Макаева, візыт Рыгоні дасьць магчымасьць правесьці мірнае шэсьце і мітынг на Кастрычніцкай плошчы ў Менску:
“Хоць улады не даюць дазволу на мітынгі прадпрымальнікаў, у іх няма іншага выйсьця, бо сотні тысячаў людзей страчваюць працу. Прадпрымальнікі вынішчаюцца як кляса. Прыбыткі прадпрымальнікаў падаюць, і гэта адаб’ецца на ўсім рынку Беларусі. Таму ў прадпрымальнікаў ёсьць выйсьце — праз кансалідацыю, праз плошчу адстаяць сваё канстытуцыйнае права на працу.
Мы лічым, калі Рыгоні будзе наведваць Менск, то ўлада будзе менш рэпрэсіўна ставіцца да дыялёгу з прадпрымальнікамі. Трэба, канечне, наладжваць дыялёг, прычым такі, каб не вынішчаць прадпрымальнікаў.
Мы вельмі спадзяемся на станоўчую рэакцыю”.
У лісьце да А.Рыгоні спадар Макаеў апавядае пра сытуацыю, у якой апынуліся прадпрымальнікі ў Беларусі, а таксама пра факты рэпрэсіяў супраць удзельнікаў акцый пратэсту 10 і 21 студзеня.
Алесь Макаеў таксама прапануе, каб Рада Эўропы, АБСЭ і Эўрапейскі зьвяз прынялі праграму па дэмакратызацыі Беларусі. Гэтую ініцыятыву падтрымалі ўдзельнікі мітынгу 21 студзеня ў Менску.
У італійскім бюро Андрэа Рыгоні сказалі, што ліст ад спадара Макаева атрымалі, але пакуль невядома ці зможа спадар Рыгоні прыехаць у Менск.