Паводле сацыялягічных апытаньняў, большасьць расейцаў ня верыць, што прэзыдэнцкія выбары будуць сумленнымі, аднак тры чвэрці апытаных кажуць, што будуць галасаваць, і многія чакаюць, што ў выніку выбараў іх жыцьцё палепшыцца.
Апытаньне было праведзена ў студзені на замову нашага радыё расейскім аналітычным цэнтрам Юрыя Лявады ў супрацоўніцтве з кампаніяй InterMedia Survey Institute. Было апытана 1600 чалавек у 45 расейскіх рэгіёнах.
Вынікі выглядаюць парадаксальна: 45% апытаных выказваюць сумневы ў тым, што выбары пройдуць сумленна, 65% мяркуюць, што адказ на пытаньне, хто будзе наступным прэзыдэнтам, залежыць ад Уладзімера Пуціна і ягонай адміністрацыі, і толькі 19% мяркуюць, што гэта будзе залежаць ад волі выбаршчыкаў. І разам з тым тры чвэрці апытаных кажуць, што пойдуць галасаваць, пры гэтым 45% апытаных чакаюць ад прэзыдэнцкіх выбараў лепшага жыцьця для сябе і сваёй сям’і і прыкладна столькі ж – падвышэньня пэнсіяў і заробкаў.
Чаму ж людзі гатовыя ісьці на выбары, калі, паводле іх меркаваньня, яны ня будуць сумленнымі і ад іх голасу нічога не залежыць?
Сваё тлумачэньне гэтых дзіўных асаблівасьцьяў расейскай масавай сьвядомасьці прапануе экспэрт маскоўскага цэнтру Карнэгі Мікалай Пятроў:
“У цяперашняй сытуацыі негалоснай дамовы, калі людзі атрымалі пэўную асабістую свабоду і пэўны рост узроўню жыцьця, яны лічаць, што хай астатняе ўлада робіць так, як яна хоча, і не асабліва ўмешваюцца ў тыя рашэньні, якія ўлада праводзіць у галіне ўнутранай палітыкі. Вось у гэтай сытуацыі асаблівай увагі да таго, наколькі сумленна праводзяцца выбары, ў людзей няма”.
Сацыёляг цэнтру Лявады Барыс Дубін зьвяртае ўвагу, што чаканьні людзей наконт паляпшэньня іх жыцьця зьвязаныя з чаканьнем, што выбары нічога ня зьменяць, што пераемнік будзе працягваць курс дзейнага прэзыдэнта:
“Асноўнае, на што спадзяюцца расейцы – гэта працяг курсу Пуціна. Яны бачаць у Мядзьведзеву прадаўжальніка гэтага курсу”.
Варта адзначыць, што ў параўнаньні з апытаньнямі мінулай восені колькасьць людзей, якія мяркуюць, што выбары пройдуць сумленна, павялічылася ў 2 разы, да 37%. Таксама няшмат, але ў чым прычыны гэтага росту? На думку экспэртаў – у імклівым росьце папулярнасьці Мядзьведзева, паводле апытаньняў таго самага цэнтру Лявады, сярод тых, хто гатовы галасаваць 2 сакавіка, 82% маюць намер аддаць галасы за Мядзьведзева.
Мікалай Пятроў:
“Павялічэньне даверу да таго, што выбары будуць сумленнымі, зьвязана, апроч іншага, з тым высокім рэйтынгам, які мае цяпер Мядзьведзеў. З рацыянальных меркаваньняў Крамлю цяпер няма ніякай патрэбы фальсыфікаваць выбары, бо і бяз гэтага лёгка ў першым туры перамагае той кандыдат, якога Крэмль выставіў”.
На думку Мікалая Пятрова галасаваньне на выбарах людзі ўспрымаюць больш як дэманстрацыю ляяльнасьці, чым як сродак уплыву на палітыку:
“Я мяркую, што цяпер выбары, як і шэраг іншых інстытутаў, успрымаюцца хутчэй як рытуал, як яны ўспрымаліся ў савецкім мінулым”.