Сёньня на паседжаньні беларускага ўраду прэм’ер Сяргей Сідорскі і міністар эканомікі Мікалай Зайчанка заявілі пра сваю ўпэўненасьць ва ўтрыманьні тэмпаў інфляцыі ў 2008-м годзе ў межах 8%.
Сяргей Сідорскі паведаміў, што інфляцыя ў студзені склала 2,5%:
“Мы узьнялі на 5 даляраў кошты на паслугі ЖКГ і гэта ўжо склала 1,7% плюс 0,8% у рэальным сэктары эканомікі. Гэта нядрэнны паказчык, ёсьць усе падставы, каб у выніку вайсьці ва інфляцыю за год”.
Былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч у інтэрвію Радыё Свабода адзначае:
“Гэта папулісцкая заява, выканаць якую абсалютна нерэальна. І прычынаў тут шмат. Назаву толькі некаторыя. Растуць кошты ў краінах-суседзях, зь якімі ў нас вялікія гандлёвыя стасункі, мы ад іх неізаляваныя. Грашовая маса ў Беларусі павялічваецца хутчэй за рост прадуктаў і тавараў, а гэта абавязкова вядзе да росту цэнаў. Цэны можна штучна абмежаваць у першым ці другім квартале, але ж яны абавязкова “вылезуць” у трэцім і чацьвертым”.
Дарэчы, летась узровень інфляцыі ў Беларусі склаў 12%.