Агляд форумаў і блогаў беларускага інтэрнэту.
Чытачы сайту “Нашай нівы” абмяркоўваюць новы прэзыдэнцкі ўказ, які зьмяніў правілы паступленьня ў ВНУ. У прыватнасьці, цяпер для паступленьня на пэўныя спэцыяльнасьці, дзе выстаўляюць асаблівыя патрабаваньні, трэба прайсьці сумоўе. Меркаваньні чытачоў:
“Гэта азначае, што ідэёлухі ў выканкамах будуць адбіраць “добранадзейных” на гуманітарныя спэцыяльнасьці, а людзі, якія ўмеюць самастойна мысьліць, доступу да адукацыі ня мецьмуць. У такіх умовах варта ствараць свае навучальныя ўстановы”.
“Разумнаму прыкінуцца дурнем лягчэй, чым наадварот, таму справа не такая ўжо безнадзейная – “нашы” пройдуць усе бар'еры. Дый што тут складанага: запытаюць у цябе пры паступленьні на агранамічны факультэт БАТУ, ці хочаш ты стаць прэзыдэнтам, дык адказвай, што не, што хочаш правесьці ўсё сваё жыцьцё ў аграгарадку...”
На форумах парталу TUT.by гутараць пра замежную палітыку. Наведнікаў прывабіла навіна пра тое, што прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс пагражае перакрыць нафтавы вэнтыль “імпэрыі Злучаных Штатаў”. Камэнтары:
“Неўзабаве Чавэс будзе сваю нафту на сьняданак піць, бо ягоная краіна бяз продажу нафты ЗША пражыць ня можа”.
“Чавэс мае рацыю. Багацьці нетраў павінны належаць народу Вэнэсуэлы, а не замежным фірмам. Прыбыткі ад гандлю прыроднымі багацьцямі павінны заставацца ў краіне. З гэтага пункту гледжаньня пазыцыя Чавэса ў справе нацыяналізацыі нафтавай галіны выглядае разумнай і патрыятычнай. Ці нехта з гэтым ня згодны?”
“Я ня згодны. Няхай прыбыткі ад здабычы нафты належаць Вэнэсуэле... але няхай маржа ад гэтага бізнэсу не перавышае хаця б 50%”.
“У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах прыбыткі ад гандлю прыроднымі багацьцямі належаць краіне. Там у канцы фінансавага году дзяржава грамадзянам рэальныя грошы на рахункі залічае. А Чавэс, седзячы на неймаверных запасах, народ у галечы трымае...”
Фотакарэспандэнтка “Нашай нівы” Юлія Дарашкевіч, якая вядомая ў “Жывым журнале” як Fotaczka, знайшла на сайце “Народных навінаў” інфармацыю пра тое, што сябрам БРСМ напярэдадні Дня сьвятога Валянціна даслалі разнарадку – каму зь вядомых асобаў яны павінны прызнацца ў каханьні. Сярод такіх асобаў – Натальля Пяткевіч і Лідзія Ярмошына.
Адзін з чытачоў блогу Fotaczka’і камэнтуе:
“Лепей ужо Пяткевіч, у яе хоць фігура...”
А блогер Kirilllka таксама разважае пра прыгажосьць. Ён натрапіў на артыкул пра кастынг “Міс Беларусь” з такім загалоўкам: “У нас адабралі найпрыгажэйшых”. “Спачатку льготы, потым шапікі, потым найпрыгажэйшых...” – піша блогер.