Прызванага служыць у чыгуначныя войскі студэнта-выдатніка Зьмітра Жалезьнічэнку камандзіры хочуць прызначыць кінамэханікам. Дэмакратычны актывіст ня траціць аптымізму й заяўляе: “Жаўнеры плакаць не павінны!”
Адмовіўшыся 9 лютага прымаць вайсковую прысягу на знак пратэсту супраць сьпешнага прызыву на тэрміновую службу, Зьміцер Жалезьнічэнка распавёў сябрам пра свае салдацкія будні й пра стаўленьне да сябе з боку камандзіраў.
Жалезьнічэнка: “Яны адразу ведалі, хто я такі. Спачатку адносіліся, як да міністра абароны. Прыглядаліся! Цяпер ставяцца, як і да ўсіх астатніх. Я выконваю тое, што мне кажуць. Іншая справа – можа, агрызаюся больш за астатніх”.
На галаўны боль пасьля спыненьня галадоўкі Зьміцер ня скардзіўся. Паведаміў толькі, што чамусьці баляць ногі. Але ж, па словах Зьмітра, “жаўнеры плакаць ня могуць”.
Жалезьнічэнка: “Ногі баляць. Але ж трываць можна… Жаўнеры плакаць не павінны”.
У вайсковай чыгуначнай частцы ў Жлобіне, дзе служыць паўторна адлічаны з унівэрсытэту дэмакратычны актывіст Зьміцер Жалезьнічэнка, салдаты займаюцца рознымі будзённымі справамі шаснаццаць гадзінаў у суткі.
Навабранцаў навучаюць розным нескладаным спэцыяльнасьцям – быць стропальшчыкамі, бульдазэрыстамі.
Зьміцер, хутчэй за ўсё, будзе кінамэханікам.
Жалезьнічэнка: “А шостай гадзіне раніцы — пад’ём. І да дзясятай вечара бегаем, як кажуць, туды-сюды. А дзясятай спаць кладземся. Сказалі мне, што пайду ў кінамэханікі. Буду салдатам кіно паказваць”.