МЗС Беларусі выказаў сур'ёзную заклапочанасьць у зьвязку з прыняцьцём у Польшчы закону пра “Карту паляка”. У зьнешнепалітычным ведамстве лічаць, што закон наўпрост закране інтарэсы асобных катэгорый грамадзянаў Беларусі і прыняты без папярэдніх кансультацыяў зь беларускімі ўладамі. МЗС ініцыюе правядзеньне незалежнай юрыдычнай экспэртызы закону на адпаведнасьць яго міжнародным нормам. Да атрыманьня экспэртнага заключэньня Беларусь прапануе мараторый на “Карту паляка” для беларускіх грамадзянаў. Чым заклапочаныя беларускія ўлады?
Паводле задумы польскага боку, “Карта паляка” павінна стаць чымсьці кшталту “нацыянальнай візы”. Яна будзе сьведчыць пра тое, што ўладальнік “карты” або яго нашчадкі калісьці мелі польскае грамадзянства ці належалі да польскага народу. Як паведамілі ў амбасадзе Польшчы ў Менску, чалавек з “Картай паляка” можа бясплатна атрымаць доўгатэрміновую візу з правам шматразовага перасячэньня мяжы, легальна працаваць, займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю на тых жа ўмовах, што і польскія грамадзяне. Як і палякі, ён можа карыстацца сыстэмай адукацыі, у выпадку неабходнасьці бясплатна зьвяртацца ва ўстановы аховы здароўя. Апроч таго, яму даецца права карыстаньня 37-працэнтнай зьніжкай на чыгуначны праезд па тэрыторыі Польшчы і бясплатнае наведваньне дзяржаўных музэяў. “Карта” лічыцца дзейнай цягам 10 гадоў ад моманту атрыманьня.
Падаваць дакумэнты ўсе ахвотныя змогуць, пачынаючы з канца сакавіка, калі закон набудзе моц. У красавіку на тэрыторыях з самым шматлікім польскім насельніцтвам будуць створаныя спэцыяльныя аддзяленьні фонду “Дапамогі палякам на Ўсходзе”. Іх задачай будзе непасрэдная дапамога ў запаўненьні заяваў на атрыманьне “карты”.
“Няправільныя палякі”: нічога кепскага для Беларусі ня будзе
Як мяркуюць у Польшчы, на “Карту паляка” можа прэтэндаваць каля 1 мільёна грамадзянаў Беларусі. У Беларусі гэтыя лічбы называюць моцна завышанымі, бо на тэрыторыі былога СССР найбольш палякаў у Вільні (звыш 100 тысяч) і ў Горадні (больш за 80 тысяч). Паводле перапісу 1999 году, усяго ў Беларусі жыве каля 400 тысяч палякаў.
Лідэр не прызнанага Міністэрствам юстыцыі Зьвязу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс перакананая, што заклапочанасьць беларускіх уладаў прынятым у Польшчы законам — неабгрунтаваная. Ніякай “пятай калёны”, як ужо заявілі некаторыя афіцыйныя беларускія палітыкі, у Беларусі ня зьявіцца:
“Па-першае, ідуць перамовы паміж міністэрствамі замежных справаў адной краіны і другой. А як чалавек я лічу, што нічога крыўднага для Беларусі няма ў гэтым. Таму што гэта звычайная справа: людзі, перш за ўсё, атрымаюць візы. Грамадзяне Беларусі атрымаюць візы на ўезд – ну дык што ў гэтым дрэннага? Бо ў тым, што людзі будуць мець візу, я ня бачу нічога кепскага”.
Карэспандэнт: “Калі ўдакладніць, то гэта для этнічных палякаў найперш добры крок з боку Польшчы...”
“Так многія краіны робяць. Ёсьць “Карта літоўца”, ёсьць “Карта Ўкраіны”, ёсьць “Карта грэка”. Калі ёсьць такая зацікаўленасьць, то, значыць, людзі гэтага жадаюць. Бо каб не было зацікаўленасьці, то нічога і не рабілася б”.
У МЗС Беларусі адбыліся беларуска-польскія кансультацыі. Адной з тэмаў перамоваў стала прыняцьце ў Польшчы закону пра “Карту паляка”. Як падкрэсьліў прэс-сакратар МЗС Андрэй Папоў, Беларусь асабліва акцэнтавала ўвагу польскіх партнэраў на тым, што рэалізацыя закону ў цяперашняй рэдакцыі можа “сур'ёзна дэстабілізаваць міжнацыянальныя адносіны, выклікаць напружанасьць у грамадзтве і спарадзіць недавер паміж беларускімі грамадзянамі розных нацыянальнасьцяў”.
“Правільныя палякі”: былі неўязнымі і застанемся бяз “карты”
Адрозна ад Зьвязу палякаў Беларусі, які на афіцыйным узроўні ў Беларусі не прызнаны, праўладны “Саюз палякаў на Беларусі” лічыцца нелегітымным якраз у Польшчы. Як паведаміў старшыня арганізацыі Юзэф Лучнік, з гэтай прычыны найбольш актыўныя сябры Саюзу — неўязныя ў Польшчу. Юзэф Лучнік прагназуе, што наўрад ці яны будуць выключэньнем падчас раздачы “картаў”:
“Нашай арганізацыі — ня ведаю, як гэта будзе тычыцца. Таму што многія маюць “заказ” на ўезд у Польшчу. Маю на ўвазе, што многія актыўныя сябры маюць забарону на ўезд. Ня выключана, што аўтаматычна яны будуць мець забарону і на атрыманьне “Карты паляка”. Таму я ня бачу, каб хтосьці ў нашай арганізацыі выяўляў вялікую цікавасьць да гэтага закону. Гэта тычыцца некаторых дырэктараў школаў з польскай мовай выкладаньня, настаўнікаў, супрацоўнікаў газэты “Глос з-над Немна”. У гэтым пытаньні я зьвяртаўся ў вышэйшыя органы Польшчы — на падставе чаго так робіцца. Але адказу не атрымаў. Неаднаразова і ў Сэйм, і ў Сэнат, і ў Бюро Канстытуцыйнае зьвяртаўся. Так што складана мне меркаваць пра гэтую “карту” – як яна і кім будзе выдавацца. І на падставе чаго. Да таго ж у нас шмат сем’яў зьмяшаных па нацыянальным складзе. Пра гэта штосьці я нічога ня вычытаў, як гэта будзе выглядаць”.
Беларусь прапануе Польшчы не сьпяшацца з рэалізацыяй закону і выйсьці з сумесным зваротам да кампэтэнтных міжнародных структураў, уключна з Вэнэцыянскай камісіяй Рады Эўропы.