Сёньня ў судзе Савецкага раёну Гомеля адбылася гутарка ў справе пазову Алы Жалезьнічэнкі да прызыўной камісіі ваекамату наконт неправамернага прызыву ў войска яе сына Зьмітра Жалезьнічэнкі, студэнта-выдатніка, паўторна адлічанага з унівэрсытэту імя Ф.Скарыны.
Ніхто з прадстаўнікоў гарадзкога ваенкамату ў суд не прыйшоў.
Судзьдзя Юрый Жораў пацьвердзіў, што сваёй пастановай прыпыніў выкананьне рашэньня Гомельскай гарадзкой прызыўной камісіі. Пастанова накіраваная ў гарадзкі ваенкамат. Вайсковае камандаваньне павінна адпусьціць Зьмітра з войска дадому на час судовага разбору.
Гаворыць маці Зьмітра Ала Жалезьнічэнка:
Яму не далі магчымасьці сябе абараніць, значыць, даводзіцца гэта рабіць мне...
Судзьдзя выдаў Але Жалезьнічэнцы прынятую ім пастанову наконт прыпыненьня службы ў войску яе сына.
Спадарыня Жалезьнічэнка адразу ж зьвязалася праз тэлефон з камандзірам вайсковай часткі 83469 у Жлобіне, дзе служыць сын. Аднак падпалкоўнік Войшаль паведаміў, што ня можа адпусьціць Зьмітра дадому на падставе пастановы судзьдзі. Патрэбна, каб прызыўная камісія адмяніла рашэньне пра накіраваньне Зьмітра Жалезьнічэнкі на тэрміновую службу.
Але камісія ўжо распушчана, прызыў скончыўся. І атрымліваецца, што пастанову суду няма каму выконваць.
"Сёньня вайсковы камісарыят да прызыўніка Жалезьнічэнкі ніякіх адносінаў ужо ня мае"
Гаворыць старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хэльсынскага Камітэту Гары Паганяйла:
Пытаньне вырашана: Зьміцер павінен пакуль быць дома...
Па сутнасьці справа наконт правамернасьці прызыву ў войска Зьмітра Жалезьнічэнкі будзе вырашацца ў сярэдзіне лютага.
Тым часам 9 лютага ў вайсковай часьці 83469, дзе служыць Зьміцер, навабранцы маюць прымаць прысягу.
Радыё Свабода зьвязалася з камандзірам часткі чыгуначных войскаў у Жлобіне падпалкоўнікам Валеры Войшалем На пытаньне, як будзе выконвацца рашэньне суду аб вызваленьні ад службы ў войску Зьмітра Жалезьнічэнкі, ён адказаў:
Войшаль: “Без камэнтару! Ёсьць Міністэрства абароны. Калі ласка, тэлефануйце туды”.
Шматлікія спробы атрымаць меркаваньне кіраўніка прэсавай службы Мінабароны Вячаслава Раменьчыка посьпеху ня мелі. Маўчаў ня толькі службовы тэлефон палкоўніка, але і асабісты мабільны.