У Беларусі 211 тысяч неплацельшчыкаў камунальных паслугаў.
Летась у суды былі пададзены паперы на высяленьне 663 сем’яў, 304 выселены, прычым значнай частцы іншага жытла ўзамен не далі. У параўнаньні з 2006 годам выселеных стала ў паўтары разы болей. Пра гэта паведаміў намесьнік міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Ляпуноў. Якая сытуацыя з кватэрнымі плацяжамі на Гарадзеншчыне?
Запазычанасьць насельніцтва вобласьці за жыльлёва-камунальныя паслугі склала за мінулы год 16 мільярдаў 736 мільёнаў. На разглядзе ў судах знаходзяцца 785 справаў на спагнаньне 369 мільёнаў рублёў. У абласной управе жыльлёва-камунальнай гаспадаркі існуе статыстыка пра неплацельшчыкаў і захадаў, якія робяцца адносна іх.
Спадарыня: “У нас гэтая інфармацыя ў лічбах ёсьць: колькім ваду адключылі, колькі выселілі, колькі неплацельшчыкаў — па кожным раёне Гарадзенскай вобласьці”.
Праўда, да крайняй меры — высяленьня неплацельшчыкаў гарадзенскія камунальнікі, зьвяртаюцца ня часта.
Спадарыня: “Пераселена ў іншае жылое памяшканьне, меншае ад таго, што было (артыкул 71 жыльлёвага кодэксу РБ), — 17 сем’яў, гэта за год. Выселена без прадастаўленьня жылога памяшканьня, гэта артыкул 39 жыльлёвага кодэксу РБ, — 16 сем’яў”.
Мы пацікавіліся ў аднаго кіраўніка ЖЭСу: хто часьцей ня плаціць за кватэру — беспрацоўныя, маламаёмныя, пэнсіянэры? І ў якім выпадку
неплацельшчыкаў высяляюць?
Спадар: “Не, адназначна гэта не маламаёмныя, а тыя, хто п’юць, яны ня плацяць за камунальныя паслугі, і запазычанасьць у іх складае больш за паўгода. Але гэта замала падставаў, яны яшчэ павінны быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці за разбурэньне жылых памяшканьняў. Гэта вельмі цяжкая працэдура, каб выселіць чалавека з кватэры”.
Начальнік ЖЭСу кажа, што ў сьнежні яны склалі пратаколы на дзьве сям’і, у якіх запазычанасьць была больш за паўгода: мільён-паўтара мільёна рублёў.
Спадар: “Іх прыцягнулі да адказнасьці. Быў суд, і кожнаму па дзесяць базавых адзінак штрафу далі. І, шчыра кажучы, я ня ведаю, як судовыя выканаўцы будуць зь іх спаганяць гэтыя штрафы, калі там у кватэрах практычны нічога няма. Звычайна, адным словам, там прытоны”.
Калі людзі перастаюць аплачваць кватэру, запазычанасьць расьце
як сьнежны ком, гаворыць начальнік ЖЭСу, і тады ў іх пачынае не хапаць грошай нават на ежу, усё ідзе толькі на выпіўку.