Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ прыняла рашэньне не накіроўваць сваіх назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары ў Расеі. Гэтая інстытуцыя палічыла непрымальнымі тэрміны працы назіральнікаў, прапанаваныя расейскімі ўладамі. Ад накіраваньня сваіх назіральнікаў у Расею адмовілася таксама і Парлямэнцкая асамблея АБСЭ.
Фармальна бакі не сышліся ў тэрміне ў пяць дзён: Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ настойвала, каб група з 50 яе назіральнікаў прыехала 15 лютага, Масква была гатовая іх прыняць не раней як 20 лютага. Але прычынай адмовы бюро наагул накіроўваць сваіх назіральнікаў, гледзячы па ўсім, стала агульная атмасфэра адносінаў, абмежаваньні, устаноўленыя расейскім бокам і на колькасьць назіральнікаў (ня больш як 75 чалавек), і асабліва на тэрміны іх знаходжаньня ў Расеі. Бюро настойвала на тым, што мае міжнародны мандат менавіта на доўгатэрміновае назіраньне, на адсочваньне ўсяго выбарчага працэсу, а ня толькі ўласна галасаваньня.
Расея мяркуе, што бюро і яго назіральнікі зьяўляюцца інструмэнтам заходняга ўплыву, інструмэнтам крытыкі палітычных сыстэмаў Расеі і іншых постсавецкіх краінаў. У сваю чаргу заходнія ўрады разглядаюць ацэнкі назіральнікаў бюро як ключавы крытэрый, ці былі свабоднымі і справядлівымі выбары ў той ці іншай краіне.
Міністар таксама заявіў:
Лаўроў: “Бюро вынайшла ўласныя правілы. Галоўная праблема з гэтымі правіламі -- гэта абсалютная непразрыстасьць.
Ніхто не разумее, чаму ў выпадку з намі трэба настойваць, жорстка і, я б сказаў, няветліва на тым, што за месяц трэба прыяжджаць і незразумела чым займацца”.
Кіраўнік бюро Крысьціян Строгал пярэчыць Лаўрову.
Спадар Строгал падкрэсьліў, што прадстаўнікі бюро назіралі апошнім часам за выбарамі ў Грузіі, Украіне і Ўзбэкістане і нідзе не сутыкаліся з абмежаваньнямі, падобнымі расейскім.
Бюро дэмакратычных інстытутаў з прычыны непрымальных абмежаваньняў адмовілася назіраць за леташнімі думскімі выбарамі ў Расеі. Але тады назіраньне рабіла Парлямэнцкая асамблея АБСЭ. Цяпер асамблея, як і бюро, адмовілася ад удзелу ў назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Расеі.