Аддзяленьне інфармацыі і камунікацыйных тэхналёгіяў ведамства Гандлю і разьвіцьця ААН (UNCTAD) апублікавала справазадчу “Аб інфармацыйнай эканоміцы”. З дакумэнту вынікае, што доступ да найноўшых тэхналёгіяў, у прыватнасьці да інтэрнэту і мабільнай сувязі, спрыяе імкліваму пашырэньню ведаў і інфармацыі, што ў сваю чаргу зьяўляецца стымулам для эканамічнага разьвіцьця бяднейшых краінаў сьвету.
А як на фоне іншых краін выглядае Беларусь? Найболей мабільных тэлефонаў на 100 жыхароў ( 151) у Люксэмбургу. Беларусь займае ў гэтым сьпісе 74 месца. На сто жыхароў 61 чалавек мае мабільны тэлефон. Беларусь саступае сваім суседзям: Літве -- 138, Украіне -- 105, Польшчы -- 96 і Расеі -- 83.
Што тычыцца доступу да інтэрнэту, дык Беларусь заняла ў гэтай катэгорыі 22-е месца. Паводле справаздачы 56 са 100 беларусаў карыстаюцца інтэрнэтам. Гэта нашмат болей чым ў Расеі. Там 18 чалавек з сотні, а ва Ўкраіне 12 са 100.
Паводле справаздачы, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналёгіі сталі галоўным чыньнікам разьвіцьця шэрагу краінаў сьвету. Дзякуючы ім губляюць значэньне дзяржаўныя межы, зьнікаюць перашкоды з выхадам вынаходніцтваў, ідэяў і прадуктаў на ўсясьветныя рынкі.
Асабліва вялікую ролю ў эканамічным разьвіцьці адыгрывае інтэрнэт і мабільная сувязь. Інтэрнэт становіцца неабсяжнай крыніцай ведаў і інфармацыі. Інтэрнэт і мабільная сувязь аблягчаюць бізнэсоўцам абмен інфармацыяй, кантракты і дамовы на куплю і продаж, рассылку і разьмеркаваньне сваіх прадуктаў і тавараў.
Дарэчы, ўплыў найноўшых тэхналёгіяў на эканамічнае разьвіцьцё будзе прадметам міжнароднай канфэрэнцыі, якая ў красавіку адбудзецца ў Гане. Так званая “нэт-эканаміка” запачаткаваная ў ЗША аказалася надзвычай зручнай і таннай, дзякуючы таму, што гандаль адбываецца без пасярэднікаў і без традыцыйных крамаў. Гэта дазваляе замаўляць і набываць тавар ды расплачвацца за яго электронным шляхам непасрэдна ў вытворцы.
Доступ да новых тэхналёгіяў імкліва пашыраецца ў краінах так званага “ трэцяга сьвету”. Для прыкладу колькасьць мабільных тэлефонаў ў Афрыцы ў 2007 годзе ў параўнаньні з папярэднім годам павялічылася ў чатыры разы і дасягнула 200 мільёнаў. Аднак доступ да інтэрнэту ў прадпрымальніцкіх мэтах даволі абмежаваны ў параўнаньні з Амэрыкай, Азіяй і Эўропай, дзе 34% усіх прадпрыемстваў карыстаюцца інтэрнэтам.