Прадстаўнік БХК Павал Левінаў зьвярнуўся ў віцебскі гарвыканкам па дазвол на правядзеньне шэсьця напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны.
У заяве праваабаронца зазначыў, што мэта акцыі — прыцягнуць увагу да таго, што дзяржавы СНД ігнаруюць пагадненьні наконт сацыяльных і іншых гарантыяў вайскоўцам, асобам, звольненым у запас, і іхным сем’ям.
Да прыкладу, паводле словаў спадара Левінава, цяпер немагчыма скарыстаць права на бясплатны праезд да месца правядзеньня адпачынку і назад, а таксама іншыя правы, зацьверджаныя дакумэнтальна для былых і цяперашніх вайскоўцаў.
Павал Левінаў кажа, што хацеў бы таксама зьвярнуць увагу адказных асобаў на незаконнасьць выкарыстаньня жаўнераў тэрміновай службы на працы, не зьвязанай зь нясеньнем службы — калі вайскоўцаў прымушаюць выконваць абавязкі дворнікаў або грузчыкаў.
Маршрут шэсьця, прыкладзены да заявы ў гарвыканкам, пралягае ад помніка воінам-інтэрнацыяналістам на вуліцы Чкалава да Сьвята-Георгіеўскай царквы на праспэкце Чарняхоўскага. Былы кадравы вайсковец Павал Левінаў мяркуе правесьці гэтае шэсьце цягам гадзіны 21 лютага. Узяць удзел у акцыі выказаў жаданьне і капітан другога рангу ў запасе Валеры Шчукін.
Адказ з гарвыканкаму мусіць прыйсьці не пазьней за 15 лютага.