Сёньня больш за два мільярды кітайцаў ува ўсім сьвеце адзначаць Новы год па месяцовым календары.
Згодна з усходняй традыцыяй леталічэньня, у ноч на 7 лютага наступіць год Пацука. Як адзначаюць кітайскі Новы год у Беларусі?
Як паведамілі ў кітайскай амбасадзе ў Менску, Новы год будзе выключна ўнутраным сьвятам супрацоўнікаў дыпмісіі. Гэта зьвязана з сытуацыяй у самім Кітаі, дзе з-за глябальнага збою ў пастаўках электраэнэргіі мільёны людзей сустрэнуць год Пацука ў цемры, холадзе і без прадуктаў, што не спрыяе сьвяточнаму настрою.
Як удакладняе аташэ Фань Ічуань, да маштабнай аварыі прывялі сьнегапады, якія ў некаторых раёнах краіны не спыняюцца тры тыдні, а сёлетняя зіма ўжо стала самай халоднай у Кітаі за апошнія 100 гадоў:
“Асабліва гэта тычыцца паўдзённай часткі, дзе зноў чакаюцца вялікія сьнегапады і дзе ўжо працяглы час трымаецца вельмі нізкая тэмпэратура. Такіх катаклізмаў раней практычна не было, таму бяды людзі папросту не чакалі. Але цяпер сытуацыя паступова выпраўляецца. Летась, прыкладам, нічога такога не было”.
Карэспандэнт: “Кітайцы – нацыя, якая супрацьстаяла ня толькі надвор’ю...”
“Дзякуй вялікі. Я таксама на гэта спадзяюся, бо жыву тут і даведваюся навіны толькі праз інфармацыйныя рэсурсы. Але, на жаль, перажываць гэты складаны час разам са сваімі роднымі не магу. З улікам вось гэтых абставінаў сёлета мы ніякіх мерапрыемстваў ладзіць ня будзем, у амбасадзе толькі самі будзем сьвяткаваць, для сябе”.
Прыкра, кажуць у амбасадзе, што катаклізмы прыпалі якраз на самае чаканае кітайцамі сьвята. Нават улады найбольшага мэгаполісу, Шанхаю, для эканоміі ўпершыню за апошнія дзесяцігодзьдзі патушылі на вуліцах сьвяточную ілюмінацыю.
Беларусаў фэн-шуй цікавіць, але ў разумных межах
Адзначаць Новы год па месяцовым календары будуць некалькі сотняў кітайцаў, якія жывуць у Беларусі. Паводле Міністэрства адукацыі, у 22 ВНУ краіны навучаецца 1100 студэнтаў з Паднябеснай. Яны апошнімі днямі – найбольш чаканыя наведнікі крамаў фэн-шую (гэта старадаўняя навука мэтадаў ператварэньня дому ў інструмэнт лекаваньня, аднаўленьня і гармоніі).
Гандляр аднаго са спэцыялізаваных шапікаў з кітайскімі прыладамі кажа, што беларусаў пабудова інтэр’еру на ўсходні манер цікавіць:
“Цікавасьць да гэтага вялікая. Нават з улікам таго, што мы ў Беларусі ад усяго сьвету вельмі моцна адсталі, суседнія з намі краіны далёка ў гэтым сэнсе наперадзе. У іх пік пару гадоў назад быў, а ў нас да піку яшчэ вельмі далёка. Нельга сказаць, што мы дзесьці на пачатку шляху, бо цікавасьць насамрэч значная, але такога, як у нашых суседзяў, пакуль што няма”.
Некалькі апошніх гадоў Кітай значыцца ў сьпісе стратэгічных партнэраў беларускіх уладаў. Адбыліся ўзаемныя візыты кіраўнікоў дзьвюх краінаў – адпаведна ў Менск і Пэкін. Падчас перамоваў на найвышэйшым узроўні падпісаныя стосы дакумэнтаў аб узаемным супрацоўніцтве.
Кітайскую мову выкладаюць у трох сярэдніх школах Менску, у Беларускім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце, а таксама на факультэце міжнародных адносінаў Белдзяржунівэрсытэту. Некалькі дзясяткаў беларускіх студэнтаў вучацца ў ВНУ Кітаю.
Ці можна езьдзіць на кітайскіх аўто?
Летась на беларускіх дарогах зьявіліся першыя кітайскія “джыпы”, сёлета да іх дадаліся “малалітражкі”. Менскі аўтасалён “Траянда” гандлюе кітайскімі аўто. У кіраўніка фірмы Андрэя Аляксейчыка пытаюся, як ён ацэньвае шанцы на посьпех, прыкладам, кітайскай мадэлі “Джылі”:
“Ведаеце, пасьля некалькіх гадоў кітайскай прысутнасьці, пэўна, можна было б штосьці казаць. А ў нас – максымум год. Вось гэтыя машыны, прыкладам, летась прадаваліся толькі на ўнутраным рынку Кітаю. З гэтага году мадэль, якую мы сэртыфікавалі і якую пачынаем прадаваць, ужо адпавядае нормам “Эўра-3”, прадаецца ўва Ўсходняй Эўропе і, адпаведна, у нас. Летась такой машыны яшчэ не было. То бок форма была такая ж, але зьмест быў зусім іншы, былі старыя маторы. Вельмі шмат яшчэ было недароблена, што, уласна кажучы, задавальняла ўнутраны рынак Кітаю, але пра экспарт яшчэ гаворкі нават не было”.