Агляд беларускага сеціва.
На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць заяву міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча: у Беларусі абавязкова будзе закон аб інтэрнэце. У прыватнасьці, мяркуе міністар, інтэрнэт-вэрсіі пэрыядычных выданьняў павінны рэгістравацца як сродкі масавай інфармацыі. Меркаваньні ўдзельнікаў форумаў:
“Я мяркую, абмяжуюцца кітайскім досьведам”;
“Дык а ў чым праблема, што яе трэба вырашаць?”;
“Няхай не забудуцца ўвесьці падатак на інтэрнэт дзеля папаўненьня бюджэту. Думаю, пару цэнтаў з мэгабайта ці хвіліны будзе цалкам дастаткова”;
“Рэгістрацыя электронных СМІ – справа патрэбная. Гэта дапаможа вырашыць праблемы шэрагу выданьняў, якія занадта дорага выдаваць на паперы, а церазь няпэўнасьць прававога статусу інтэрнэту яны ня могуць перайсьці ў электронны фармат. Напрыклад, шэраг навуковых часопісаў проста просяцца ў інтэрнэт, але паводле цяперашняга заканадаўства без рэгістрацыі ў Міністэрстве інфармацыі ў іх ня будзе статусу навуковага”.
У суполцы “Жывога журналу” by_politics Liashkou_a зьмяшчае трапныя выказваньні паспалітага люду па актуальных праблемах:
“Выкладчык ВНУ, кандыдат навук на прыпынку грамадзкага транспарту кажа: “Ну, маразм! Флікеры ўсіх прымушаюць насіць. (Зьедліва дадае) Ай-жа, малайцы! Хто там тое прыдумаў? Навумаў? Толькі ім трэба было тыя флікеры вырабіць аднолькавымі ў выглядзе зоркі Давіда. І гэта б адпавядала нашаму сапраўднаму становішчу ў гэтай дзяржаве. Цяпер мы ўсе нібыта тыя габрэі ў гета з гэтымі флікерамі. І цяперака бачна, вунь, Гаспадары – бюракраты, а астатнія – выгнанцы ва ўласнай краіне”.
А ў суполцы minsk_by абмяркоўваюць моўную праблему. Адзін з чальцоў суполкі заўважыў, што на ўказальніках для турыстаў у цэнтры Менску ў ангельскай транскрыпцыі гук “ч” перадаецца па-рознаму. Так, у ангельскім варыянце назвы Кастрычніцкай плошчы (Kastryčnickaja) ужытае “цэ з гачкам”, а ў назве музэі-сядзібы Ваньковічаў (Wankovicz) ужытае спалучэньне літараў “цэ” і “зэт”. Меркаваньні чальцоў суполкі:
“Уся Эўропа выкарыстоўвае ў ангельскіх указальніках нацыянальныя (latin-based of course) альфабэты, за выключэньнем выпадкаў, калі нейкая назва мае гістарычны ангельскі варыянт (напрыклад, Prague). І гэта цьвёрда й абсалютна правільна, бо назва павінна заўсёды выглядаць аднолькава. Якраз для таго, каб ня блытацца ў разнамоўных указальніках і даведніках. А як хто надпіс прачытае – справа дзясятая, бо бальшыня замежнікаў у кожным разе ня зможа зрабіць гэта правільна, фанэтыка, ведаеце, ува ўсіх розная”;
“Думаю, напісаньне прозьвішча Ваньковіч, нядоўга думаючы, узялі з польскае мовы: і W першая, i cz – гэта пальшчызмы...”;
“На гэтых шыльдах беларускія назвы звычайна трансьлітаруюць, як левая пятка пажадае”.
На сайце Indymedia сёньня зьявілася такое паведамленьне: “Менскі камітэт аховы помнікаў архітэктуры ўзгадніў знос будынку былой бібліятэкі імя Леніна. Тое, што будынак ёсьць агульнапрызнаным і афіцыйна зарэгістраваным помнікам архітэктуры канструктывізму, не спыніла чыноўнікаў ад архітэктуры. Канечне, бо знос бібліятэкі ёсьць часткай пляну пашырэньня будынку Адміністрацыі прэзыдэнта, дарэчы, таксама помніка архітэктуры...”