Нападніка на амбасады Вялікабрытаніі і Чэхіі адпуcьцілі

У адзін дзень хуліган напаў на дзьве амбасады — Вялікабрытаніі і Чэхіі. Пасьля затрыманьня беларускія міліцыянты яго адпусьцілі.

Менская міліцыя расьсьледуе напад на амбасады Вялікабрытаніі і Чэхіі, у выніку якога будынку і маёмасьці амбасадаў былі нанесеныя пашкоджаньні.

Чэская амбасада знаходзіцца ў гістарычнай частцы Менска – Верхнім горадзе. Інцыдэнт адбыўся ўвечары ў суботу 2 лютага.

Пра пашкоджаньні распавяла супрацоўніца чэскай амбасады, якая прасіла не называць яе прозьвішча:

“Разьбіта шкло ў вакне, пашкоджаны аўтамабіль – разьбіта шкло і прарэзаны капот”, — распавяла супрацоўніца.

Другі супрацоўнік амбасады паказаў мне парваны чэскі сьцяг, які ўжо замянілі на непашкоджаны. Сьцяг зьвісаў з балькона другога паверху. Каб дацягнуцца да сьцяга з ходніка, трэба мець рост баскетбаліста, ды яшчэ добра падскочыць. Побач з чэскім сьцягам вісеў сьцяг Эўразьвязу, які застаўся цэлы.
На час расьсьледаваньня падазраванага адпусьцілі.


Кіраўнік прэсавай службы Міністэрства ўнутраных справаў Алег Сьлепчанка паведаміў, што заведзена крымінальная справа паводле артыкулу аб хуліганстве. “А 19-й гадзіне быў затрыманы грамадзянін 1981 году нараджэньня, які падазраецца ў пашкоджаньні аўтамабіля чэскай амбасады, марка “Шкода”. Справу расьсьледуюць у Цэнтральным райаддзеле міліцыі. На час расьсьледаваньня падазраванага адпусьцілі”, — паведаміў Алег Сьлепчанка. Прозьвішча падазронага міліцыянт не назваў. Паводле Алега Сьлепчанкі, разарваны сьцяг і разьбітае вакно ў справе не фігуруюць.

Ці ня мела акцыя палітычнага падтэксту? У чэскай амбасадзе інцыдэнт не камэнтуюць. Аднак там паведамілі, што ў той жа дзень, 2 лютага, быў напад і на амбасаду Вялікабрытаніі. Супрацоўніца амбасады Вялікабрытаніі ў Беларусі Кася Бяспалава распавяла пра інцыдэнт:

“2 лютага дзесьці а 5-й гадзіне 50 хвілін невядомы спадар падышоў да амбасады і пачаў мэталічнай трубой біць па дзьвярах і па відэакамэры. Гэты грамадзянін быў затрыманы беларускім ахоўнікам. Ахоўнік выклікаў нарад міліцыянтаў, якія адвезьлі грамадзяніна ў пастарунак”.

Пасьля гэтага паведамленьня я зноў злучыўся з кіраўніком прэсавай службы МУС Алегам Сьлепчанкам. “Гэта той самы грамадзянін. Яго выпусьцілі, але пад падпіску пра нявыезд. Цяпер высьвятляюць і тое, ці ён здаровы”, — удакладніў Алег Сьлепчанка.

Амбасадам некаторых краінаў, якія нядаўна прынялі ў Эўразьвяз, апошнім часам у Менску “не шанцуе”. У 2007 годзе былі пашкоджаныя будынкі амбасады Латвіі і кансуляту Эстоніі. Да акцыі, якая прыпала на час канфлікту ў Таліне вакол помніка расейскім салдатам, маглі мець дачыненьне актывісты філіі расейскай фашыстоўскай арганізацыі РНЕ. Некалькі гадоў таму сур’ёзны інцыдэнт адбыўся з расейскай амбасадай — невядомыя кінулі на яе тэрыторыю выбуховае прыстасаваньне. Вінаватых міліцыя не знайшла.