Як вы мяркуеце, ці паўплываюць наступныя выбары прэзыдэнта ЗША на ўзаемадачыненьні Злучаных Штатаў й Беларусі? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да мінакоў на вуліцах Горадні.
Хлопец: “Напэўна, неяк паўплываюць”.
Карэспандэнт: “А ўсё ж якім чынам?”
Хлопец: “Ня ведаю”.
Спадар: “Я думаю, пакуль Лукашэнка будзе пры ўладзе, нічога ня зьменіцца. А можа й палепшацца ўзаемадачыненьні?..”
Спадар: “Верагодней за ўсё, што гэта паўплывае на нашы адносіны. Там жа ў іх залежыць ад таго, хто прыйдзе да ўлады: рэспубліканцы альбо дэмакраты. Пры рэспубліканцах працягнецца палітыка Буша, пры дэмакратах ціск зьмякчэе, ня будзе такога прэсінгу, як зараз”.
Спадар: “Думаю, што нічога ня зьменіцца. Пры цяперашнім рэжыме, які пануе ў Беларусі, гэта немагчыма. Да ўсяго — думаю, што ў нас прэзыдэнт не памяняецца яшчэ доўга. Чаму ня зьменіцца? Таму што яму трэба адпускаць лейцы, якія ён трымае дзьвюма рукамі. А калі іх адпусьціць, то ўлада ў чыіх руках апынецца? Вось так...”
Спадар: “Думаю, што нічога ня будзе ўплываць. Цяпер і так адносіны з ЗША, лічу, нядрэнныя, ня тое, што раней. Дарэчы, і ў Эўразьвяз можам уступіць, калі толькі захочам. Адным словам, усё нармальна”.
Спадар: “Якога б прэзыдэнта ў ЗША ні абралі, палітыка іх у дачыненьні Беларусі ня зьменіцца. І гэта будзе да таго часу, пакуль у нас будзе трымацца дыктатарскі рэжым Лукашэнкі. Калі яго ня стане, амэрыканцы адразу зьменяць да нас адносіны й абавязкова ў лепшы бок”.
Хлопец: “Дык для Амэрыкі Беларусь нічога не азначае...”
Хлопец: “Нічога гэта не паўплывае. Буш жа сказаў, што хоча бачыць нашу краіну сярод дэмакратычных. Думаю, што й наступны іх прэзыдэнт будзе прытрымлівацца такой самай думкі. Нам самім трэба зьмяняць палітыку, станавіцца больш дэмакратычнай краінай, тады з намі будуць размаўляць па-іншаму”.
Спадар: “Думаю, што гэта паўплывае, і адносіны павінны зьмяніцца да лепшага. Праўда, дзеля гэтага абодвум бакам давядзецца рабіць крокі насустрач, а інакш нічога ня зьменіцца”.
Дзяўчына: “Мне здаецца, што ні на што гэта не паўплывае. А па праўдзе, я ня ведаю, як адказаць на такое пытаньне”.