“Казулін -- апошні козыр у кішэнях улады”

Віталь Цыганкоў

Выйшаў на волю Артур Фінькевіч. 4 студзеня амбасадарка Францыі заявіла, што 2008 год стане пераломным у дачыненьнях Беларусі і Эўразьвязу. Як зьвязаныя гэтыя падзеі? Якія крокі гатовы зрабіць афіцыйны Менск насустрач Захаду?

Гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды палітоляг Юры Чавусаў і былы рэдактар газэты «Згода» Аляксей Кароль.

Цыганкоў: «Сёньня выйшаў на волю палітвязень, актывіст “Маладога фронту” Артур Фінькевіч. Калегія Магілёўскага абласнога суду ў крымінальных справах разгледзела касацыйную скаргу Фінькевіча скасавала пастанову Кастрычніцкага суду Магілёва аб пакараньні Артура Фінькевіча паўтара гадамі зьняволеньня. Нагадаем, ён быў асуджаны 20 сьнежня. Другі факт: 4 студзеня на прэсавай канфэрэнцыі амбасадарка Францыі Мірэй Мюсо спадзяецца, што 2008 год стане пераломным у дачыненьнях Беларусі і Эўразьвязу. Наколькі можна зьвязаць гэтыя два факты? Чым можна патлумачыць рашэньне ўладаў вызваліць Фінкевіча?»

“Вулічнымі акцыі стварылі крытычную для ўлады сытуацыю – ці закручваць гайкі ці вызваляць”

Кароль: «Я б патлумачыў вызваленьне палітвязьняў у агульнай прычынна-выніковай лініі. Гэта вынік двух чыньнікаў – міжнароднага і ўнутранага. Міжнародны – гэта зьнешнепалітычны ўплыў і ціск заходніх краінаў, ЗША і Эўразьвязу. Аднак у пэўным сэнсе і Расеі, якая пераходам на рынкавыя адносіны з Беларусьсю падарвала фінансавае апірышча рэжыму. Магчыма, на апошняй сустрэчы Лукашэнкі, Мядзьведзева і Пуціна была нейкая парада з боку Расеі, якой не патрэбна адыёзнае кляймо на палітыцы Беларусі.

І ўнутраны чыньнік. Ён зьвязаны з эканамічнай няўстойлівасьцю, якая стварылася апошнім часам, -- і з наяўнасьцю апазыцыі. Я маю на ўвазе актыўнасьць моладзі і акцыі прадпрымальнікаў. Па сутнасьці, сваімі вулічнымі акцыямі яны стварылі крытычную для ўлады сытуацыю – ці закручваць гайкі ці вызваляць.

Але ў гэтых вызваленьнях ёсьць і элемэнт гандлю – Жалезьнічэнка ў салдаты, Андрэя Кіма – пад крымінальную справу, а Дашкевіча і Фінькевіча вызваляюць».

Цыганкоў: «Прывяду яшчэ адну важную цытату з учорашняй прэсавай канфэрэнцыі амбасадаркі Францыі Мірэй Мюсо. «Мы вітаем вызваленьне трох вязьняў. І спадзяемся, што за імі будуць і іншыя вызваленьні. Мы ведаем, якую ролю ў гэтым вызваленьні адыграў спадар Лукашэнка. З прычынаў, якія я не хацела б тут тлумачыць, амбасадар Нямеччыны адыграў у вызваленьні асаблівую ролю. І я думаю, што такім чынам ён зрабіў свой унёсак у вырашэньне згаданых мной пытаньняў.» Ці не ўпершыню афіцыйна прызнана, што вызваленьне палітычных вязьняў ёсьць прадметам актыўных дыпляматычных намаганьняў. Якія ўсе ж прапорцыі зьнешняга і ўнутранага чыньніку ў справе вызваленьня палітвязьняў?»

Юры Чавусаў
Чавусаў: «Я б не падзяляў таго аптымізму, што ўнутраных чыньнік ці ціск апазыцыі адыграе значную ролю. Мы бачым, што вызваленьне адзінкавых асобаў адбываецца на фоне масавых адміністрацыйных арыштаў па хлусьлівых сьведчаньнях міліцыянтаў. Казаць пра тое, што махавік рэпрэсіяў спыніўся – было б неабгрунтавана.

Безумоўна, у вызваленьні знакавых асобаў, якія атрымалі міжнародную вядомасьць як палітычныя вязьні -- асноўная роля міжнароднай супольнасьці. Іншая справа, што роля беларускіх праваабарончых арганізацыяў і палітычных структураў была ў тым, што месяцамі гэтыя прозьвішчы называліся ў размовах з замежнымі палітыкамі, дыпляматамі, і гэта стала элемэнтамі міжнароднага парадку дня ў дачыненьні да Беларусі – менавіта вызваленьне палітычных вязьняў. Таму трэба не спыняць гэтага розгаласу, працягваць сьведчыць пра тое, што палітвязьні ў Беларусі ёсьць”.


"Можна арыштаваць 10 зьняволеных, потым адпусьціць 7 – і праслыць лібэральным і дальнабачным палітыкам"

Цыганкоў: “Наколькі тут істотны расейскі чыньнік, пра які ўжо пачаў казаць Аляксей Кароль?”

Аляксей Кароль
Кароль: «Найважнейшы тут усё ж заходні чыньнік – Эўразьвяз і ЗША (санкцыі супраць «Белнафтахіму»). Але істотны і пераход Расеі на рынкавыя ўмовы з Беларусьсю. Цяпер Расея сама дапамагае заткнуць гэтыя фінансавыя дзіркі тымі самымі крэдытамі. У гэтым сэнсе яна падмацоўвае менскі рэжым, але найперш яна хвалюецца пра захаваньне свайго ўплыву на Беларусь

Я ўсе ж яшчэ раз вярнуся і падкрэсьлю важнасьць унутранага чыньніка. Я маю на ўвазе не размах акцыяў, а стварэньне крытычнай масы моладзьдзю і прадпрымальнікамі, якія сваімі самаахвярнымі дзеяньнямі прымушаюць хістацца ўлада. І гэта бачна на справе Фінькевіча – учора асудзілі, а сёньня выпусьцілі. Бо калі асуджалі, ня ведалі, які будзе наступны крок»

Чавусаў: “Рэжым абраў такую даволі тэатральную стратэгію. Можна арыштаваць 10 зьняволеных, потым адпусьціць 7 – і праслыць лібэральным і дальнабачным палітыкам. Ціск з боку Захаду і Ўсходу адбываецца ў процілеглых кірунках. Захад пагражае – “мы з вамі гандлявалі па рынкавых умовах, а цяпер абмяжуем іх з-за вашых кепскіх паводзінах”. З Расеі ж кажуць наадварот – “калі бы будзеце кепска паводзіць, то мы з вамі пяройдзем на рынкавыя ўмовы”.

“На сёньняшні дзень улада не гатова і Казулін будзе апошнім, каго яна вызваліць”

Цыганкоў: Ці можа зьнешні ціск і ўнутраная сытуацыя прывесьці да вызваленьне іншых палітвязьняў і найперш, былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна?

Кароль: “Я думаю, на сёньняшні дзень улада не гатова і Казулін будзе апошнім, каго яна вызваліць. Вызваленьне Казуліна будзе самым знакавым актам у гэтым гандлю беларускіх уладаў. Бяз гэтага пазыцыя Беларусі, яе пэўныя крокі на Захад на будуць прынятыя заходнімі краінамі”.

Чавусаў: “Спадар Кароль мае абсалютную рацыю ў сэнсе ацэнкі магчымасьці вызваленьня Казуліна як самага знакавага з палітвязьняў. Але я вазьму на сябе няўдзячную ролю даць канкрэтны прагноз. На мой погляд, пытаньне вызваленьня Казуліна можа паўстаць толькі ва ўмовах выбарчай кампаніі, калі узьнікне пытаньне прызнаньня парлямэнцкіх выбараў і Палаты прадстаўнікоў новага скліканьня. Казулін -- гэта апошні козыр у кішэнях улады, і яны будуць трымаць Казуліна сёлета яшчэ даволі доўга. Можна казаць пра канец году, калі, дарэчы, зьявіцца фармальная магчымасьць ягонага ўмоўна-датэрміновага вызваленьня”.