Начная аБЛОГа 5 лютага

Агляд сеціва
Наведнікі сайту “Наша Ніва” камэнтуюць вызваленьне маладога палітыка Артура Фінкевіча. 20 сьнежня маладафронтавец быў асуджаны на паўтара году турмы. А ў траўні 2006-га Фінкевіча пакаралі двума гадамі “хіміі” за палітычныя графіці. Пасьля абскарджаньня апошняга прысуду хлопца вызвалілі з-пад варты.

Камэнтары: “Наўрад ці вызваленьне Зьмітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча карэнным чынам зьменіць разьвіцьцё падзеяў на палітычнай сцэне Беларусі, але самае галоўнае, што ЯНЫ ЗНОЎ З НАМІ!!!”;

“Затое цяпер сядзе Андрэй Кім”; “Вельмі ўсьцешаны, але нам яшчэ трэба змагацца ды змагацца. Каб мацней адчуваўся супраціў народу на бязглузьдзе нашага СЁНЬНЯ”;

“Рэжым вядзе звычайны гандаль людзьмі з Захадам – “прэфэрэнцыі наўзамен на палітвязьняў”; “Вядзецца нейкая гульня... Але галоўнае, што Артур на волі”.


На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць новыя правілы разьмеркаваньня студэнтаў, якія ўступаюць у сілу ад сакавіка. Цяпер у студэнтаў яшчэ больш звужаецца магчымасьць пайсьці працаваць туды, куды хочацца.

Камэнтары: “Выснова – не атрымлівайце вышэйшай адукацыі, будзьце быдлам, і будзе вам шчасьце”; “Беларусь – адзіная краіна ў сьвеце, дзе ёсьць прымусовая праца і прымусовае разьмеркаваньне”.


У блогу кіеўскага журналіста Юр’я Сьвірка наведнікі камэнтуюць гісторыю з жыхаром Гомелю Кастусём Жукоўскім, якога пакаралі штрафам за тое, што гомелец своечасова не задэкляраваў грошы, атрыманыя на вясельле ад сваёй украінскай цёткі.

Наведнікі блогу пішуць: “Цяпер зразумела, чаму да Беларусі ў Эўропе ставяцца, як да пракажонага. Цікава, а хто з грамадзянаў Украіны і надалей апраўдвае рэжым Лукашэнкі сталінскім “имеют место быть отдельные перегибы”?;

“Як кажуць, быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца”.

kong-en-ge публікуе ў сваім дзёньніку спасылку на старонку юрыдычнага факультэту БДУ, дзе можна спампаваць заданьні Алімпіяды факультэту. Адно з заданьняў – напісаць эсэ. Сярод прапанаваных тэмаў: “Дырэктывы Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь: прававая прырода і месца ў сыстэме нарматыўных актаў”. kong-en-ge камэнтуе: “Нават гатовы даць грошай, каб пазнаёміцца з творамі па тэме”.