Пяць палітвязьняў выйшлі на волю з турмы на вуліцы Акрэсьціна. Чацьвёра зь іх адбылі адміністрацыйны арышт за ўдзел у акцыі пратэсту 21 студзеня .
Актывіста руху “Джынс за свабоду “ Паўла Кур’яновіча затрымалі ў Дзень салідарнасьці, 16 студзеня, і арыштавалі на 20 сутак.
Фотагалерэя
З турмы на вуліцы Акрэсьціна на волю выйшлі Артур Пэдзько, Віталь Кукрэш, Мікола Шаўцоў, Уладзімер Няпомняшчых і Павал Кур’яновіч.
Рады, што прайшоў праз усё гэта. Я рады, што гэта ня штраф. Я рады, што гэта 15 сутак.
36-гадовы Мікола Шаўцоў упершыню трапіў за краты. Ён апавёў “Свабодзе”, што пайшоў на акцыю разам са сваімі сябрамі-прадпрымальнікамі. Зь іхнай кампаніі затрымалі толькі яго аднаго.
Мікола падзяліўся сваімі ўражаньнямі:
“Невялікі стрэс ад таго, што нейкая новая сытуацыя. Харчаваньне жахлівае. Я рады, што прайшоў праз усё гэта. Я рады, што гэта ня штраф. Я рады, што гэта 15 сутак. Мяне не зламалі і не зламалі тых, хто быў са мной. Скажу болей, мяне нават умацавала гэтае зьняволеньне”.
Артура Пэдзька затрымалі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі. Артур апавёў, што яны яго прывезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну і самі зьехалі. Потым ужо “спэцназаўцы” складалі на яго рапарты пра затрыманьне. На судзе яны сьведчылі, што бачылі Артура ў калёне дэманстрантаў. Артур таксама ўпершыню трапіў за краты:
“Уначы прачынаўся і залазіў на батарэю, бо так было холадна. На мне было двое штаноў, тры швэдры, цёплыя шкарпэткі, пальчаткі. Пад сябе я клаў паліто, і ўсё роўна было холадна. Ежа, ну, ніякая... Катлета — і тая з хлеба. Супы на абед давалі. Толькі аднойчы было мяса, гэта калі была юшка. Там былі кавалкі рыбы з кансэрваў, ці ня ведаю адкуль. У Кіма нейкае сальца было. Добра, што былі цыбуля і часнык. Страшна зусім не было — ну а што баяцца?”
Уначы прачынаўся і залазіў на батарэю, бо так было холадна
Уладзімер Няпомняшчых прыехаў на мітынг прадпрымальнікаў з Гомеля. Ён сам былы капітан міліцыі. На плошчы Незалежнасьці прадпрымальнік зьвярнуўся да міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава са словамі, што ўлады не паважаюць народ. Адразу пасьля гэтага яго затрымалі на загад міністра, які кіраваў разгонам дэманстрацыі.
Паўла Кур’яновіча, актывіста руху “Джынс за свабоду”, адпусьцілі з турмы на вуліцы Акрэсьціна ўвечары.
Такім чынам, адміністрацыйныя арышты адбылі за кратамі больш як паўсотні чалавек. Сярод іх лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, актывісты прадпрымальніцкага руху, актывісты моладзевых незарэгістраваных арганізацыяў. Андрэя Кіма пасьля адбыцьця адміністрацыйнага арышту перавялі ў сьледчы ізалятар.
На гэты момант у турме на вуліцы Акрэсьціна не засталося ніводнага апазыцыянэра.