"Расьцяжкі — не катаваньні, а меры бясьпекі?"

Праграма "СВАБОДА Ў ТУРМАХ" адрасаваная тым, хто апынуўся ў няволі, а таксама сваякам і блізкім гэтых людзей. Цяпер у беларускіх пэнітэнцыярных установах утрымліваюцца каля 47 тысяч чалавек.

Зваротная сувязь


Нам можна напісаць на адрас: Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952

Дзякуй усім тым, хто напісаў ці датэлефанаваўся да нас.

35-гадовы вязень Андрэй, які ўтрымліваецца ў адной зь беларускіх калёніяў, у сваім лісьце распавядае:

"Гатовы пацьвердзіць факты катаваньняў падчас майго знаходжаньня ў Жодзінскай турме ў якасьці падсьледнага ў 2008 годзе.

Падчас аднаго з абходаў начальствам адзін з падсьледных ня быў чыста паголены. На пытаньне, чаму, патлумачыў, што ў яго няма брытвы. За гэта ўсіх у камэры вывелі ў калідор і паставілі на расьцяжку.

Нас абвінавацілі ў тым, што мы ня дзелімся прадметамі асабістай гігіены з астатнімі. Стоячы на расьцяжцы тварам да сьцяны, я паспрабаваў патлумачыць, што гэта прадмет асабістай гігіены і карыстацца ім павінен толькі я. Тым больш я ня ведаю, на што можа хварэць незнаёмы мне сусед па камэры. За гэта я атрымаў моцны ўдар нагою па рэбрах і ўпаў на падлогу. Гэты факт могуць пацьвердзіць тыя, хто знаходзіўся са мной на той момант у камэры, чые прозьвішчы пакажу па фактах завядзеньня справы аб катаваньнях у Жодзінскай турме".

Гэты ды многія іншыя падобныя лісты, як адзначаюць іх аўтары, напісаныя пад узьдзеяньнем заявы экс-кандыдата на прэзыдэнта Алеся Міхалевіча адносна катаваньняў падчас утрыманьня ў СІЗА КДБ і на "Валадарцы".

Нагадаю, што Генпракуратура адрынула абвінавачаньні беларускага палітыка. Як заявіў на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Андрэй Швед, усе заявы і довады палітыка не знайшлі пацьверджаньня з боку супрацоўнікаў КДБ, СІЗА, а таксама з боку сукамэрнікаў Міхалевіча, якія таксама былі дапытаныя ў сувязі з гэтым.

А вось меркаваньне былога начальніка СІЗА на вуліцы Валадарскага — Алега Алкаева, які пражывае цяпер у Нямеччыне.

Ён уважае, што дзеяньні супрацоўнікаў СІЗА, ужытыя да экс-кандыдата на прэзыдэнта Алеся Міхалевіча, лічыць катаваньнямі нельга:

"Да Міхалевіча ўжывалі расьцяжку, надзявалі кайданкі, дык гэта выключна рэжымныя патрабаваньні, прапісаныя заканадаўствам. І гэта выкарыстоўваецца ў дачыненьні да тысячаў. Так, тэхнічна гэта можна выканаць па-рознаму. Чалавека ці групу людзей выводзяць на вобшук. Гэта ў мэтах бясьпекі. І ў ЗША, і ў Расеі, і ў Беларусі.

Пра гэта звычайна зьняволеныя маўчаць. Але Міхалевіч палічыў гэта катаваньнем. Вы думаеце, там нагляду няма? Там пракуратура яшчэ як ходзіць ды глядзіць".

25-гадовая жыхарка Берасьця Іна Мікалайчык, якая цяпер утрымліваецца пад хатнім арыштам, мае іншую, чым сп. Алкаеў, думку наконт пільных праверак пракуратуры:

"Калі я знаходзілася ў карцэры СІЗА, мяне выводзілі на мароз у летнім адзеньні без абутку. Пры гэтым патрабавалі, каб я агучыла прызнаньне. На марозе мяне трымалі па 50 хвілін. Агулам у СІЗА я прабыла 10 месяцаў. У мяне абвастрыліся хваробы. Аднак мэдычную дапамогу мне практычна не аказвалі. Я прасіла аркушы паперы, каб напісаць скаргі, але мне ніхто іх не выдаваў".

Берасьцейка будзе даказваць у Вярхоўным судзе факты зьдзекаў у СІЗА

Цяпер, знаходзячыся пад хатнім арыштам, маладая жанчына рыхтуе дакумэнты ў Вярхоўны суд. Адрозна ад беларускіх палітвязьняў Ірыны Халіп ды Ўладзімера Някляева, якія фармальна маюць такі самы рэжым, Іне дазволена ў пэўныя гадзіны пакідаць дом, аднак ад 19-й па шостую гадзіну яна мусіць знаходзіцца ў хаце, якую ў любы момант гэтага часавага інтэрвалу можа наведаць участковы.

Ініна гісторыя пачалася летась з таго, што ў Тэрэспалі яна набыла сабе аўтамабіль у прыватнага перавозчыка, таксама берасьцейца Юрыя Строганава. Празь некаторы час зямляк зьвязаўся зь дзяўчынай і прапанаваў прадаць машыну на добрых умовах, паабяцаўшы навар у 1,5 тысячы эўра . Іна пагадзілася і перадала гандляру дакумэнты і ключы ад аўтамабіля.

Калі неўзабаве дзяўчына патэлефанавала, каб запытаць, як ідзе гандаль, прыватнік адказаў, што не разумее, чаго яна хоча. Іна зьвярнулася ў міліцыю з заявай. Але праваахоўнікі арыштавалі дзяўчыну і інкрымінавалі ёй заведама ілжывыя зьвесткі і махлярства. Суд Ленінскага раёну Берасьця асудзіў яе на 4 гады турмы. Абласны суд, які адбыўся праз два месяцы, таксама палічыў Іну вінаватай у зьдзяйсьненьні злачынства, але мера стрыманьня была зьмененая. Тым ня менш некаторыя зьдзекі і парушэньні, ужытыя ў дачыненьні да дзяўчыны, судзьдзямі ўсё ж былі прызнаныя. Вінаватых пакаралі, але аўтамабіль Іне так і не вярнулі.

Як узгадвае Іна Мікалайчык, цягам 10 месяцаў знаходжаньня ў СІЗА ў якасьці падсьледнай ад яе патрабавалі прызнаньня віны. Паводле яе словаў, чыніліся сапраўдныя катаваньні, яе ж скаргі ў вышэйшыя інстанцыі не даходзілі:

"Звароты, якія я накіроўвала ў Саўмін і ў ахову здароўя, былі парваныя проста на маіх вачах Каронкам Сьцяпанам Сьцяпанавічам, гэта намесьнік начальніка па выхаваўчай працы СІЗА Берасьця. У знак пратэсту супраць такіх адносінаў я абвясьціла галадоўку. На працягу чатырох сутак я не ўжывала ежы і вады. Але мяне пасадзілі ў карцэр. Адміністрацыя выводзіла мяне на холад, патрабавалі, каб я спыніла галадоўку. Са мною размаўлялі ў грубай форме, патрабавалі, каб я спыніла галадоўку. Я прасіла аркушы паперы, каб напісаць скаргі, але мне ніхто іх не выдаваў".

Пра ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА Іна расказвае асобна:

"Напачатку мяне зьмясьцілі ў адзіночную камэру, дзе я прабыла 26 сутак. Пазьней мяне зьмясьцілі на сем сутак у карцэр. Некалькі разоў было такое, што мне не дазвалялі наведваць душ. Такія катаваньні зацягваліся на некалькі тыдняў. У сваю чаргу, гэта паўплывала на разьвіцьцё скурных захворваньняў. Мэдычную дапамогу мне практычна не аказвалі. Калі я знаходзілася ў карцэры, мяне выводзілі на мароз у летнім адзеньні без абутку. Пры гэтым патрабавалі, каб я агучыла прызнаньне. На марозе мяне трымалі па 50 хвілінаў".

Тым ня менш суд усё ж прызнаў некаторыя дзеяньні супрацоўнікаў СІЗА, ужытыя да дзяўчыны, незаконнымі. Адміністрацыя ізалятара была вымушаная пакараць вінаватых:

"Мяне прымушалі ўжываць лекі, якія мне не былі прапісаныя. Размова ідзе пра прэпарат "карбамазэпін". Гэта псыхатропныя лекі. Прымаць іх трэба вельмі асьцярожна. Бо ў чалавека са слабым сэрцам ад гэтага прэпарату можа наступіць сьмерць. Пазьней высьветлілася, што ў маёй камэры раней была жанчына, якая ўжывала гэтыя лекі, мне іх выпісвалі памылкова.

Акрамя таго, у сваёй ежы я знаходзіла чарвякоў, дробнае шкло. Прычым адміністрацыя ведала пра тое, што ў мяне язва страўніка. Ад такой ежы я магла памерці. Мае сукамэрніцы бачылі такі зьдзек. Мы пісалі калектыўныя скаргі, але яны не выходзілі за сьцены турмы".

Разам з адвакатам Іна піша касацыйную скаргу ў Вярхоўны суд. Яна спадзяецца вярнуць сваю маёмасьць. Паводле яе слоў, справа павінна быць разгледжана на яе карысьць. Бо нехта стаў уласьнікам аўтамабіля, які юрыдычна належыць ёй. Шкода нікому, акрамя непасрэдна дзяўчыны, не была нанесена.

Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць


Сёньня працяг расповеду пра віленскія Лукішкі, дзе ў розныя часы перабывала мноства беларускіх нацыянальных дзеячаў і побач зь якой на аднайменным пляцы 22 сакавіка 1864 году быў павешаны кіраўнік антырасейскага вызвольнага паўстаньня на Беларусі Кастусь Каліноўскі і яшчэ 20 паўстанцаў.

Сёньня пра тыя падзеі нагадвае ўсталяваная на плошчы ў 1920 годзе гранітная пліта, а таксама 6 драўляных лаваў на чыгунных апорах і 10 дэкаратыўных ліхтароў з чырвонага граніту і чыгуну.

У Лукішках сядзелі народжаныя ў Беларусі нобэлеўскія ляўрэаты

Тэрыторыя Лукішак займае 38 000 кв. м. У комплексе — вязьніца, сьледчы ізалятар, царква Сьв. Мікалая Цудатворца зь пяцьцю купаламі і фрэскай на фасадзе, каталіцкая каплічка, адміністратыўныя памяшканьні з кватэрай для кіраўніка турмы, пякарняй, лазьняй, кухняй, пральняй, іншымі гаспадарчымі пабудовамі за цагляным мурам.

Будынак турмы не зьмяняў свайго выгляду і выкарыстоўваўся па прызначэньні ўсімі ўладамі, якія зьмянялі адна адну ў Вільні. Увесь турэмны комплекс ахоўваецца дзяржавай як гістарычны помнік пачатку 20 стагодзьдзя.

Побач з Лукіскім пляцам ужо існуе адзін музэй на месцы былой турмы. Гэта адзіны такі музэй на абшарах былога СССР — Музэй ахвяраў генацыду. Ён месьціцца ў будынку колішняга расейскага царскага Палаца правасудзьдзя, дзе пасьля былі НКВД, дэфэнзыва, гестапа і КДБ. Там можна пабачыць карцэры, катоўню і кабінэты, дзе вяліся допыты, камэру расстрэлаў, карцэр — басэйн, дзе катавалі ледзяной вадой.

З Лукішак будзе таксама ўнікальны музэй. Тут можна будзе вывучаць ня толькі беларускую, але і ўсясьветную гісторыю культуры і навукі. Вязьнямі Лукішак былі і ўсясьветна вядомы навуковец, канструктар амэрыканскай ракетнай тэхнікі Барыс Кіт, і экс-прэм'ер Ізраілю нобэлеўскі ляўрэат Мэнахэм Бегін, і іншыя вядомыя асобы.

Тысячы эўра за пацукоў

Цяпер у сьледчым ізалятары-турме Лукішкі — каля тысячы вязьняў. У іх ліку блізка сотні асуджаных да пажыцьцёвага зьняволеньня. Сядзяць тут і грамадзяне іншых краін.

Улады настойліва нагадваюць, што Лукішкі складаюцца зь дзьвюх розных установаў — сьледчага ізалятара і турмы. У Лукіскай турме адбываюць пакараньне і жанчыны.

Цягам мінулага году праз Лукішкі прайшло больш як 23 тысячы чалавек, а ў сярэднім у месяц у турме знаходзілася 1018 вязьняў (паводле стандартаў, іх не павінна быць больш як 954). Непадалёк працуе Вярхоўны суд Літвы. Кажуць, што ў савецкія часы суд і Лукіскую турму злучаў тунэль. Турма месьціцца за некалькіх сотняў мэтраў ад будынка літоўскага парлямэнту, побач зь ёю — школа і дзіцячы садок.

Лічыцца, што з Лукішак практычна няма як уцячы. Ад 1991 году быў толькі адзін выпадак уцёкаў зьняволенага. А напрыканцы мінулага году здолеў уцячы яшчэ адзін лукіскі вязень-падсьледны. Што праўда, не з саміх Лукішак, а калі яго вазілі ў адзін са сталічных камісарыятаў паліцыі. Аднак уцекача затрымалі ў той самы дзень.

Улады пераконваюць жыхароў, што турма не стварае небясьпекі для жыхароў навакольля.

"Турма — гэта бюджэтная ўстанова, і гэта ня нешта жахлівае. У сярэднім цягам апошніх гадоў з установаў зьняволеньня здараюцца адны ўцёкі ў год. Ну вось былі ўцёкі аднаго асуджанага з выхаваўчага дома ў Кібартай (уцекача знайшлі праз тры месяцы), быў адзін выпадак уцёкаў з установы для непаўналетніх", — сказаў прадстаўнік дэпартамэнту турмаў пры Міністэрстве юстыцыі Літоўскай Рэспублікі Антанас Лаўрыненас.

Выглядае так, што цяпер з Лукіскай турмы вязьні не ўцякаюць, а ідуць іншым шляхам — падаюць на турму ў суд. Лукішкі наведваюць прэзыдэнты і каралеўскія асобы, турма ўдзельнічае ў міжнародных праектах і дае вязьням магчымасьць атрымаць вышэйшую адукацыю, але зьняволеныя падаюць скаргі на ўмовы ўтрыманьня ў міжнародныя структуры і выйграюць справы.

Адну з такіх спраў у Страсбурскім судзе па правах чалавека выйграў у 2008 годзе беларус, які атрымаў кампэнсацыю ў памеры 5 тысяч эўра.

Валеры Савянкоў правёў некалькі гадоў у дзьвюх літоўскіх турмах. Каб зьвярнуць увагу на дыскрымінацыю — на думку саміх актывістаў — сваёй беларускай арганізацыі, Згуртаваньня беларускай моладзі Віленшчыны, Валеры правёў у 1996 годзе такую "акцыю": зь віленскай мэрыі быў скрадзены каштоўны для літоўскіх патрыётаў сьцяг, і пра гэта паведамілі СМІ. У выніку — зьняволеньне на 2 гады, знакамітыя Лукішкі і калёнія ў правінцыі, а пасьля другі прысуд і справа ў Страсбурскім судзе па правах чалавека. Яна была выйграна па двух артыкулах: было прызнана, што мае месца жорсткае, бесчалавечнае абыходжаньне са зьняволенымі і катаваньні, а таксама — умяшаньне ў прыватнае жыцьцё вязьняў. Цяпер Валеры, кіраўнік моладзевай грамадзкай арганізацыі, займаецца і праваабарончай дзейнасьцю.

Нядаўна, напрыканцы сакавіка, у Літве пачаўся разгляд скаргі экс-вязьня Лукішак, грамадзяніна Польшчы Мар'юша Цэлецкага, які заявіў, што ў камэрах Лукішак былі чарвякі і пацукі, і запатрабаваў 500 тысяч літаў (каля 150 тысяч эўра) маральнай кампэнсацыі. Віленскі акруговы адміністрацыйны суд адхіліў скаргу, але Літоўскі вышэйшы адміністрацыйны суд вырашыў, што скарга яшчэ будзе разглядацца паўторна.

Турма і здароўе


Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі беларускага МУС, цяпер у турмах і СІЗА Беларусі на 47 тысяч асуджаных прыпадае каля 1170 хворых на актыўную форму сухотаў.

Сухоты — галоўная праблема зьняволеных

Апошнім часам, калі флюараграфія ў турмах стала абавязковаю, высьветлілася, што сухоты закранаюць ня толькі зьняволеных, але і турэмны пэрсанал. Падлічана, што ў параўнаньні з сытуацыяй на волі маштабы гэтага захворваньня ў СІЗА і калёніях у 7—8 разоў вышэйшыя. Праблема ўскладняецца тым, што Беларусь, у адпаведнасьці з клясыфікацыяй Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, адносіцца да краін, дзе тубэркулёзная інфэкцыя мае мультырэзыстэнтны характар, то бок устойлівая не да аднаго, а адразу да некалькіх мэдыкамэнтаў.

Як сьведчаць адмыслоўцы з НДІ пульманалёгіі і фтызіятрыі, гэткая ўстойлівасьць спрыяе досыць хуткаму распаўсюджваньню сухотаў — штогод такі дыягназ ставіцца 5 тысячам беларусаў. Каб палепшыць эпідэміялягічную сытуацыю, патрэбныя новыя падыходы да выяўленьня і лячэньня гэтай хваробы.

Паводле кандыдата мэдычных навук Уладзімера, галоўная ў Беларусі ўстанова па барацьбе з сухотамі, дзе ён працуе, падпарадкоўваецца Міністэрству аховы здароўя і абслугоўвае хворых на волі. Асуджаныя лекуюцца ў Воршы, у адмысловым шпіталі пры Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў (ДВП). Супрацоўнікі дзьвюх гэтых устаноў між сабой не ўзаемадзейнічаюць. Уладзімер кажа:

"Я ня ведаю той статыстыкі. Зразумела, у турмах сухотаў болей, чым у агульнай папуляцыі. Але гэта ўсясьветная тэндэнцыя. Вядома, што ў закрытых турэмных установах інфэкцыю лягчэй падхапіць, бо людзі ў перапоўненых, сырых камэрах, з кепскай цыркуляцыяй паветра. Але там, адрозна ад волі, абавязковая флюараграфія. Калі ў чалавека кашаль або высокая тэмпэратура, гэта фіксуецца. На волі галоўная праблема ў тым, што людзі могуць не прымаць таблеткі, якія трэба прымаць доўгім курсам. А там усё пад кантролем. Мяркую, што там вынікі лячэньня, калі сухоты выяўленыя ўпершыню, павінны быць добрымі".

Зьняволены адной зь беларускіх калёній Андрэй, аднак, не падзяляе аптымізму лекара з волі. Андрэй распавёў рэдакцыі пра нядаўні выпадак зь ягоным знаёмым сядзельцам Алегам, які падхапіў палачку Коха. Праблемы Алега ўскладняюцца тым, што ён да таго ж мае ВІЧ:

"Тут у нас ёсьць адзін атрад, дзе ўтрымліваюцца хворыя на сухоты. Гэта называецца — трэцяя ступень уліку, або залечаная форма. Усім такім хворым асуджаным ступень уліку вызначаецца ў папраўчай калёніі (ВК) № 12 у Воршы або ў турэмным тубэркулёзным шпіталі. І вось калі гэтыя інфэкцыйныя ачагі залечваюцца, гэтых людзей пераводзяць у звычайную калёнію, у атрад. Апошнім часам у гэты асобны атрад, на падставе таго, што тут няма хворых, што гэтыя хворыя вылечаныя, пачалі разьмяркоўваць іншых людзей. Вось ня так даўно да нас прыбыў гэты чалавек, сам ВІЧ-інфікаваны. Яго якраз і разьмеркавалі ў той атрад. У яго былі сумневы, што не ўва ўсіх хворых сухоты залечаныя, а для яго зь ягоным імунітэтам любая інфэкцыя небясьпечная. Чалавек цягам пяці месяцаў спрабаваў перавесьціся ў іншы атрад. Ён скардзіўся на кепскае адчуваньне і худзеў на вачох. Аднак днямі да нас прыяжджала спэцыяльная машына з рэнтгенам. Усю калёнію празь яе праганялі. І вось у яго гэтыя ачагі выяўленыя, цяпер ён у санчастцы, у мэдычным ізалятары. Пакуль машына не прыехала, ніхто яго ня слухаў. Цяпер у ізалятары гэты хворы чакае этапаваньня ў ВК-12 у Воршу".

Паводле зьняволеных, ВК № 12, або Рэспубліканскі тубэркулёзны шпіталь ДВП, — па сутнасьці, тая ж турма, але з бальнічнымі палатамі ды ўзмоцненай мэдчасткай. Статыстыка сьмерцяў у гэтай установе закрытая. Паводле неафіцыйных зьвестак, штомесяц тут паміраюць прынамсі двое-трое. Як правіла, тыя, у каго, акрамя сухотаў, ёсьць нейкае іншае цяжкае захворваньне.

Высокую рызыку падхапіць інфэкцыю маюць і лекары. Мяркуецца, што ў іх хвароба можа працякаць асабліва складана. Мэдыкі дзень пры дні дыхаюць лекавымі парамі, у выніку палачка Коха, трапіўшы да іх у арганізм, робіцца неўспрыімлівай да мноства нават самых моцных прэпаратаў.

Распаўсюджваньне такой формы хваробы неспрыяльна адбіваецца на эпідэміялягічнай сытуацыі ў краіне.

Наведнік нашага сайту аршанец Юры Канышка пакінуў наступны камэнтар:

"У Беларусі даўно перавышаны парог эпідэміі на сухоты, а ў Воршы гадоў 10—13 назад народ выйшаў на пратэст з прычыны распаўсюджваньня сухотаў у горадзе, таму што сьцёкавая каналізацыя турэмнай лякарні дрэнна чысьціцца і наўпрост зьвязаная з гарадзкой, а гэта рэзка павялічвае эпідэміялягічны парог сухотаў у горадзе і нават далей.

Калісьці ААН выдзяляла 7 мільёнаў даляраў на прафіляктыку сухотаў у Беларусі — гэта было гадоў 8 таму — але Лукашэнка чамусьці адмовіўся.

Прыкладам, у гэтай самай турме не даюць гарачай вады для душу. Можа, штучна зьнішчаюць гэтых зэкаў, у мяне такое падазрэньне, і ня толькі зэкаў... Пра гэтую праблему гады два-тры назад паведамляла газэта "Народная воля". Адзін асуджаны напісаў на волю пра тое, што ў тубэркулёзным шпіталі не даюць гарачай вады...

Цяпер у мяне ў кватэры гарачая вада 32—35 градусаў, чаго можна ад уладаў чакаць у турме?.. Вось такія праблемы і выводзяць народ на Плошчу ў Менску, і ня толькі. Яны гатовыя згнаіць ня толькі зэкаў, але й самых розных людзей — сумленных і прыстойных, таленавітых і глыбока адукаваных, добрых і прыгожых душой, палітычна нязгодных".