Каго судяць за Плошчу: абвінавачаныя і асуджаныя ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19.12.10 вачыма сяброў, калегаў, сваякоў.
Алег нарадзіўся ў 1986 годзе. У дзяцінстве займаўся спортам, грэка-рымскай барацьбой. Паступіў у будаўнічае ПТВ. Працаваў на будоўлі. Вельмі рана заняўся грамадзкай дзейнасьцю. У 2001-2002 гадах браў удзел у кругласутачнай вахце памяці ў Курапатах. У ліпені 2003 году, яшчэ непаўналетнім, быў затрыманы за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў "Маладога фронту".
Тады Алега жорстка зьбілі, з другой гадзіны ночы да позьняга вечара наступнага дня яго пратрымалі ў пастарунку міліцыі Савецкага раёна. Тады мы нават зьвярталіся ў пракуратуру з патрабаваньнем пакараць вінаватых міліцыянтаў.
У сакавіку 2006 году пасьля мінулых прэзыдэнцкіх выбараў быў у намётавым лягеры на Кастрычніцкай плошчы. Пасьля разгону лягера атрымаў 12 сутак арышту. Мужна адседзеў тэрмін.
Сябры Алега дапамагаюць мне зь перадачамі, падносяць сумкі, стаяць у чарзе на "Валадарцы". Даходзіць да маразму: ніяк не магу перадаць яму абутак — Алега ўзялі ў зімніх ботах. Прынесла пантоплі, красоўкі — не прынялі, маўляў, у абутку мэталічныя супінатары, нельга...
19 сьнежня на плошчу пайшоў сьвядома. Да нас прыйшоў ягоны сябра Сяргей. Маё мацярынскае сэрца прадчувала, што дабром гэта ня скончыцца. Я нават хацела схаваць абутак абодвух, каб не пайшлі. Мяне стрымала дачка Насьця... Пасьля плошчы вярнуўся. Спадзяваліся, пранесла.
Але ўжо 6 студзеня 2011 году да нас прыйшлі міліцыянты, затрымалі Алега па падазрэньні ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Праўда, 9 студзеня адпусьцілі. Зноў усё заціхла. А 25 сакавіка зноў прыйшлі. Мяне не было дома, дзеці былі адны. Міліцыянты ледзьве ня выламалі мэталічныя дзьверы... Адразу ж яму выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. З таго дня знаходзіцца ў СІЗА № 1 па вул. Валадарскага. Дома быў ператрус, забралі вінчэстэр ад кампутара.
Сябры Алега дапамагаюць мне зь перадачамі, падносяць сумкі, стаяць у чарзе на "Валадарцы". Даходзіць да маразму: ніяк не магу перадаць яму абутак — Алега ўзялі ў зімніх ботах. Прынесла пантоплі, красоўкі — не прынялі, маўляў, у абутку мэталічныя супінатары, нельга...
У лістах Алег піша, што трымаецца, у яго ўсё ў парадку. Ён вельмі мужны, прынцыповы, адказны чалавек. І ў той жа час надзвычай добры, пяшчотны, уважлівы да блізкіх...
Валянціна Гнедчык, маці Алега Гнедчыка
Алег Гнедчык нарадзіўся ў 1986 годзе. Скончыў будаўнічую вучэльню, працаваў на будоўлях у Менску і Маскве. У 2003—2005 гадах за палітычную актыўнасьць як сябра "Маладога фронту" яго затрымлівалі і каралі адміністратыўнымі арыштамі. У 2006 годзе адседзеў 12 сутак за ўдзел у намётавым лягеры. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі працаваў у штабе Ўладзімера Някляева. Быў на плошчы 19 сьнежня. Затрымалі Алега Гнедчыка 6 студзеня, 9 студзеня адпусьцілі. 25 сакавіка яму выстаўлена абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Знаходзіцца ў менскім СІЗА № 1 па вул. Валадарскага.