Уладзімер Халіп: "Лукашэнка дакладна ведае, як насамрэч прагаласаваў Менск"

Уладзімер Халіп

Падчас прамовы ў Нацыянальным сходзе, гаворачы пра палітычную сытуацыю, Аляксандар Лукашэнка двойчы выказаўся адносна беларускай сталіцы: "гэты "сьвядомы" Менск". Кінасцэнарыст Уладзімер Халіп мяркуе, што тут выявілася стаўленьне Лукашэнкі да таго, як у Менску галасавалі і як паводзілі сябе людзі 19 сьнежня.

"Таму ён ненавідзіць Менск, што тут ён з трэскам правальваўся на выбарах. Зразумела. Як жа гэта так, што знайшлося столькі людзей, якія галасуюць не за яго? Якая можа быць тут дэмакратыя? Канечне, гнаць яе ў каршэнь трэба, толькі спэцназ, толькі спэцназ можа расставіць усё на месцы!".

Некалькі разоў Аляксандар Лукашэнка назваў апазыцыю "пятай калёнай", а тых, хто пратэставаў супроць вынікаў выбараў 19 сьнежня — "горсткай адшчапенцаў", якія "пайшлі граміць будынак парлямэнту, бо прайгралі выбары". Уладзімер Халіп гэтак камэнтуе словы Аляксандра Лукашэнкі:

"У яго ўсё тое ж. "Пятая калёна", "ворагі"... Зноў і зноў крымінальная лексыка. Няўжо мы на нешта можам спадзявацца ў гэтай краіне, калі з гэткай злосьцю і нянавісьцю кіраўніцтва ставіцца да сваіх жа грамадзян? Каго ён лічыць сапраўднымі беларусамі і сапраўдным народам? Толькі тых, хто маўчыць? Хто дазваляе з сабой рабіць, што ім захочацца? Давялі да абсалютнага краху краіны, давялі да таго, што людзі ня могуць спакойна праехаць у мэтро? І гэта пры такой колькасьці спэцслужбаў, якія нічога ня робяць, бо занятыя палітычным вышукам. Яны дыскваліфікаваныя. Могуць працаваць толькі на захоп, зьбіцьцё і зьнішчэньне апазыцыі".