Дакажы, што ты ня "пятая калёна"

У сувязі зь менскім тэрактам беларускія ўлады пачалі масавую прапагандысцкую кампанію супраць апазыцыі, называючы яе лідэраў ворагамі і пятай калёнай. Пакуль гэтая рыторыка не знайшла масавага пацьвярджэньня ў практычных дзеяньнях уладаў.

Палітычныя наступствы менскага тэракту для Беларусі мы папрасілі ацаніць праваабаронцу, палітыка і палітоляга.

Імя Алеся Бяляцкага на працягу апошніх дзён часта гучала ў дзяржаўных СМІ ў нэгатыўным кантэксьце, калі дзяржаўныя прапагандысты асуджалі апазыцыю. Рэагаваць на гэтыя выпады спадар Бяляцкі ня лічыць патрэбным. Але ў цэлым агрэсіўная рыторыка на адрас іншадумцаў, якую дазваляюць сабе Аляксандар Лукашэнка і дзяржаўныя СМІ, — небясьпечная, кажа Алесь Бяляцкі:

Алесь Бяляцкі
"Фактычна мы вяртаемся ў часы сталінскай рыторыкі, калі размова йдзе пра пятую калёну, пра распаўсюджваньне плётак, якія трэба "прэсякаць суровым чынам", пра строгае пакараньне ўсіх, хто нядбала ставіцца да сваіх абавязкаў… Мы ўсё гэта чыталі з кніжак. Гэтая рыторыка стварае атмасфэру недаверу і падазронасьці ў грамадзтве і спрыяе яго расколу. Гэта вельмі небясьпечныя рэчы, пра якія Эўропа ўжо забыла".

Алесь Бяляцкі кажа, што шмат у якіх краінах Эўропы ў апошнія гады здараліся тэракты, але яны не прывялі там да падзелу грамадзтва і паляваньня на ведзьмаў, якое пачынаецца ў Беларусі:

"Такое псыхалягічнае нагнятаньне сытуацыі вельмі небясьпечнае. Таму што яно выклікае абсалютна неправамерныя і незаконныя дзеяньні з боку сілавых структур. Ім фактычна разьвязваюцца рукі на розныя рэчы, якія яны не маглі сабе дазволіць раней. Я, дарэчы, вельмі турбуюся, як будуць ісьці наступныя суды супраць удзельнікаў падзей 19 сьнежня, таму што гэтая атмасфэра перадваеннай нэрвознасьці перадаецца на ўсе слаі грамадзтва, у тым ліку можа адбіцца і на прысудах тым, хто быў затрыманы 19 сьнежня".

Алесь Бяляцкі рэкамэндуе апазыцыі меней зьвяртаць увагу на заявы прапагандыстаў, не паддавацца эмоцыям.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька, адзін з тых, хто чакае свайго суду за Плошчу, таксама ня лічыць патрэбным рэагаваць на выпады Лукашэнкі ў свой адрас. Спадар Лябедзька кажа, што трагедыі, падобныя да менскай, звычайна аб'ядноўваюць народы, а не разьдзяляюць іх. Напрыклад, аварыя самалёта Качыньскага ў Смаленску паспрыяла паразуменьню паміж Польшчай і Расеяй. У Беларусі ж адбываецца наадварот, кажа спадар Лябедзька:

Анатоль Лябедзька
"Калі слухаць афіцыйныя радыё і тэлебачаньне, то ствараецца ўражаньне, што гэтая трагедыя расколвае краіну на сваіх і чужых. Гэта вялікая праблема. Таму я думаю, што колькасьць ахвяр і пацярпелых не абмяжуецца сьпісам Міністэрства аховы здароўя. Колькасьць іх будзе значна большая, калі тое, пра што гаворыцца, што абяцаецца прадстаўнікамі афіцыйных уладаў, будзе рэалізоўвацца на практыцы".

Анатоль Лябедзька мяркуе, што ўлада адмыслова шукае цяпер ворагаў, "пятую калёну", каб ускласьці на іх віну за ўсе цяперашнія праблемы. Ён не выключае, што спэцслужбы на месцах ужо пачалі ціск на актывістаў.

Палітоляг і гісторык Аляксей Кароль кажа, што цяперашнія заявы Аляксандра Лукашэнкі і дзяржаўных СМІ на адрас апазыцыі нагадваюць яму рыторыку канца 20-х гадоў у БССР — пачатак барацьбы з "ворагамі народу". Гэтая паралель не дадае аптымізму, — кажа спадар Кароль:

Аляксей Кароль
"Нагнятаньне сытуацыі ў Беларусі не на карысьць нікому, у тым ліку і самому рэжыму. А тое, што гэта адсоўвае нас ад перамен, то гэта абсалютна дакладна. Гэта, па сутнасьці, праява рэакцыі, руху ў зваротным кірунку ад дэмакратыі".

Аляксей Кароль прагназуе, што ваяўнічая рыторыка на адрас апазыцыі часткова будзе рэалізоўвацца на практыцы. Прыклад гэтага — ціск на незалежную прэсу ў сувязі з асьвятленьнем тэракту — "Наша ніва" і "Народная воля" ўжо атрымалі афіцыйныя папярэджаньні.

Афіцыйная вэрсія наконт арганізацыі тэракту пакуль маладоказная, кажа спадар Кароль. Ён лічыць, што ўлады, жадаючы засьцерагчыся ад новых тэрактаў, рухаюцца ў няправільным кірунку:

"Палітыка дэмакратызацыі, я думаю, выключыла б гэты выпадак. Таму што ў грамадзтве, якое жыве ў атмасфэры нагнятаньня страху, з аднаго боку, а з другога — сацыяльны ўзровень жыцьця вельмі нізкі, адбываецца дэградацыя, рост п'янства і іншае. І ў гэтых умовах сапраўды могуць узрастаць матывы для праяўленьня агрэсіі пэўнай часткай грамадзтва".