Ад панядзелка да пятніцы ў студыі «Свабоды» — героі «чорнага сьпісу», складзенага ўладамі. Музыкі, паэты, празаікі, філёзафы, якія ў Беларусі пазбаўленыя канцэртнай сцэны, доступу да дзяржаўнага тэлебачаньня, радыё, друку, — штодня ў ранішнім і начным эфіры «Свабоды». У «чорным сьпісе» ўладаў — 8 імёнаў беларускіх музыкаў і гуртоў: «Ляпіс Трубяцкой», «Палац», «Крама», «N.R.M.», «Neuro Dubel», «Крамбамбуля», «Нака», сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч.
Гэты сьпявак зьведаў посьпех яшчэ на пачатку 90-х, калі ў складзе гурту «Палац» аб’езьдзіў з канцэртамі ўсю Эўропу. Ён дадаваў нетутэйшага калярыту беларускім народным сьпевам, чытаючы рэп, граў на клярнэце і актыўна рухаўся на сцэне. Свае музычныя пошукі ён працягнуў у гурце «Крыві», але ўжо тады задумаўся пра сольную кар’еру. Адлік, пэўна, варта весьці з славутага «Народнага альбому», дзе гэты сьпявак выканаў самую гарачую песьню Міхала Анемпадыстава «Аргентынскае танга». Яму ж даручылі прасьпяваць загалоўную кампазыцыю ў ня менш гучным супольным праекце — «Я нарадзіўся тут». А потым выканаўца стрэліў уласнай праграмай «Цацачная крама» на вершы Леаніда Дранька-Майсюка і пацэліў дакладна. На сёньня Зьміцер Вайцюшкевіч — адзін з самых вядомых беларускіх артыстаў, які зьбірае на сваіх сольных канцэртах нязьменныя аншлягі, мае 14 альбомаў у дыскаграфіі і безьліч задумак на будучыню.
Зьміцер — сёньняшні госьць «Белага сьпісу Свабоды». Вітаю вас! Нядаўна ў нашай студыі быў ваш калега — Алег Хаменка, які патлумачыў амаль 10-гадовую паўзу ў дыскаграфіі «Палацу» тым, што ён ставіцца да кожнай песьні як да дзіва, як да вялікай падзеі і ня ставіць на мэце выдаваць альбомы. Гледзячы па вашай дыскаграфіі, вы мяркуеце інакш. Год без альбому лічыце страчаным?
Вайцюшкевіч: Так, я чытаў тое, што сказаў Хаменка. Гэта яго ўласнае меркаваньне. А я такім спосабам, пэрыядычным запісам дыскаў, фіксую свой час, сваё існаваньне ў гэтым сьвеце і выкшталцоўваю сваё майстэрства. Хаменка — добры музыка, але ён, хутчэй, тэарэтык, а я практык.
Будкін: За 10 год сольнай кар’еры вы паклалі на музыку сотні паэтычных твораў — ад Уладзімера Жылкі да Рафала Ваячка. Няўжо ніводнага разу не паўставала жаданьня самому напісаць тэкст?
Вайцюшкевіч: Калісьці, гадоў дзесяць таму, на пачатку сольнай кар’еры, карцела, і нават нешта спрабаваў. Думаю, гэта магчыма, калі задацца мэтай і аддаць два-тры гады на тое, каб навучыцца складаць словы ў рыфмы, рыфмы ў ідэі і так далей. Адзін-два разы спрабаваў напісаць тэкст, але мне стала неяк сумна ад працэсу і стала шкада часу. Мне цікавыя асобы маіх суаўтараў, ад іх я шмат чаму вучуся. Вучуся ў Барадуліна, які гуляецца са словамі і піша кожны дзень, дай Бог яму здароўя. Вучуся ва Ўладзімера Пракопавіча Някляева, Уладзімера Сямёнавіча Караткевіча, Алеся Камоцкага, Міхала Анемпадыстава. У кожнага можна нешта ўзяць, знайсьці сваю паэзію. Таму я ня бачу сэнсу пісаць уласныя вершы.
Будкін: Неаднойчы чуў меркаваньне, што Вайцюшкевічу прысьпеў час даваць званьне народнага артыста. Цікава, ці прынялі б вы?
Вайцюшкевіч: Маеце на ўвазе, што наш галоўнакамандуючы выклікае да сябе «на дыван» і кажа: «Ну, маладзец, Дзімка, заслужыў, вось табе за песьню „Красуня-вясна“ званьне народнага»… Калі б такое здарылася цяпер і неяк дапамагло пры гэтых «чорных» сьпісах ладзіць канцэрты, то ад народу б атрымаў. Але мяне ніколі ня клікалі на афіцыйныя мерапрыемствы, таму што ведаюць, што атрымаюць у адказ. Таму спадзяюся, што ў іх хопіць розуму не паклікаць на ўручэньне народнага. А калі зьменіцца ўлада — дык калі ласка. Мы зь Лявонам Артуравічам хацелі б атрымаць па будынку ў цэнтры Менску, каб там быў свой тэатрык, канцэртны залік, кавярня, можна і казіно, каб на старасьць нам хапіла. (Усьміхаецца.)
Будкін: Вядома, што з продажу дыскаў наш артыст не пражыве, уратоўвае толькі актыўная канцэртная дзейнасьць. Ваш WZ-orkiestra якраз можа гэтым пахваліцца. Вы даяце недзе паўсотні канцэртаў штогод толькі ў Беларусі. Выходзіць, што цяперашняя забарона моцна адаб’ецца на вашым фінансавым стане. Які выхад у гэтай сувязі бачыце?
Вайцюшкевіч: Якраз толькі што вярнуўся з падпольнага канцэрту ў Віцебскай вобласьці, ня буду называць дакладнае месца… Ня ведаю выйсьця. Гэта ня першы раз. Тады, у 2003 годзе, было весялей, цяпер трохі сумна. Для культуры гэта мінус, крок назад, хоць мы, вядома, знойдзем шляхі для рэалізацыі. Мяне ў дадзенай сытуацыі больш за ўсё цікавіць, чаму маўчыць наш шаноўны беларускамоўны міністар культуры, наш аднагодка зь Міхалком. Чаму ён трымае паўзу? Калі мы непрафэсійныя і дэструктыўныя, дык няхай пра гэта скажа нам. А так сталася, што пад забарону трапілі Караткевіч, Бураўкін, Барадулін, Багдановіч, на вершы якога таксама сьпяваю. Уся краіна сёлета будзе патасна адзначаць 120-годзьдзе Багдановіча, а песьні на яго сьпяваць не дазваляюць. У нашай сытуацыі, як заўжды, пытаньняў больш, чым адказаў…
Будкін: Пры канцы размовы вам, Зьміцер, як і кожнаму госьцю «Белага сьпісу Свабоды», прапаную даць невялічкі анплагд. Прадстаўце песьню, якую зьбіраецеся зайграць зараз у эфіры «Свабоды».
Вайцюшкевіч: Гэта будзе песьня на верш Уладзімера Някляева, якая называецца «Красуня-вясна». Няхай яна будзе прывітаньнем Уладзімеру Пракопавічу ад мяне, ад «Свабоды», ад слухачоў. А таксама прывітаньнем Ірыне Халіп і ўсім, хто нас слухае.

Your browser doesn’t support HTML5