“Адабралі льготы, а цяпер будуць адбіраць кватэры?”

Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 5 лютага, аўторак.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.



У Сочы адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімерам Пуціным. Паводле афіцыйных крыніцаў, яны абмеркавалі пытаньні стратэгічнага супрацоўніцтва. На тэму беларуска-расейскай палітыкі -- наступныя тэлефанаваньні:

Валеры, Барысаў: “Крыўдна. Няўжо мы такія зацюканыя?! Сам-насам гавораць Лукашэнка і Пуцін пра штосьці, а ўсё гэта па-за кадрам. Беларусы нічога ня ведаюць. А можа, наш “бацька” прадае нас гуртам і ўраздроб. А яшчэ больш ракеты ставіць бяз нашай згоды. Некалі наша талерантнасьць вылезе нам, беларусам, бокам, але потым будзе позна”.

Іван Карпавіч: “Я хачу выказацца наконт Пуціна і Мядзьведзева. Мядзьведзеў будзе ў Пуціна ангельскай каралевай. Пуцін як камандаваў, так і будзе камандаваць”.

Кіраўніку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку забаранілі выезд зь Беларусі. Па дарозе ў Літву на памежным пераходзе “Каменны лог” яму паставілі ў пашпарце пазнаку “у выезьдзе адмоўлена”.

Аляксандар, Маладэчна: “У мяне пытаньне: хто ўтрымлівае спадара Лябедзьку і яго сям’ю? Ён нідзе не працуе, аднак ён і яго сям’я жывуць бязьбедна. Спадар Лябедзька добра апрануты і добра выглядае. Езьдзіць за мяжу. Якая краіна яго ўтрымлівае? Ці хто ў Беларусі яго ўтрымлівае?”

Адказвае Анатоль Лябедзька:

“Я зьяўляюся падаткаплатнікам, плачу падаткі. Мажліва, што з гэтых падаткаў атрымлівае сваю пэнсію і спадар Аляксандар з Маладэчна. Так што я не зьяўляюся просьбітам у беларускіх улад. Што тычыцца замежных паездак, то гэтае пытаньне, пэўна, цікавіла ня толькі Аляксандра з Маладэчна, але і іншага Аляксандра, Аляксандра Рыгоравіча. І зараз такіх паездак ня будзе, але я буду езьдзіць у Жабінку, у Маладэчна і буду займацца той справай, якую лічу галоўнай у сваім жыцьці. Каб праўда і справядлівасьць прысутнічалі ў нашым жыцьці”.

25 сакавіка спаўняецца 90 гадоў з дня абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Дэмакратычная грамадзкасьць краіны рыхтуе шэраг юбілейных імпрэзаў.

Уладзімер Навагрудзкі: “Тут адзін пасьміхаецца, параўноўваючы БНР з “Лэнд Мрояй”. Паспрабаваў бы ён гэта сказаць Луцкевічам, Каліноўскаму і нават Міцкевічу. Для мяне БНР — гэта ня ўсьмешка за сямейным сталом, не радок у перадузятай энцыкляпэдыі, але разьдзел у нашай вялікай гісторыі. І яе трэба не ўспамінаць, параўноўваючы з мульцікам, але вывучаць і ёю ганарыцца”.

Кіраўнік Нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч заявіў, што ў 2015 годзе сярэдні заробак жыхароў Беларусі складзе тысячу эўра. Камэнтар слухача:

Пётар Сьцяпанавіч: “Герой Беларусі, старшыня Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь Пётар Пракаповіч аднойчы пабачыў сон, нібыта ён жыве ўжо ў 2015 годзе. Сховішчы Нацыянальнага банку даверху запоўненыя мяхамі з эўрапейскай валютай эўра. І ён сядзіць на мяхах і раздае кожнаму беларусу па 1 тысячы эўра. Сон добры. Калі прачнуўся, яго трэба было жонцы расказаць, а ён расказаў народу”.

Маці зьняволенага: "Мой сын знаходзіцца ў Наваполацку. Працуе за 11 тысячаў, маючы пасьведчаньне апэратара газавай кацельні. На свабодзе не было ні аварыяў, ні парушэньняў. 5 гадоў усё ішло добра. Я нават маю заахвочвальны ліст ад начальніка калёніі. Але яго перавялі ў іншы атрад, і пасыпаліся дробныя прычэпкі. Мужа маёй маці таксама забралі, быў 1937 год. І яна так чакала, так спадзявалася, што ён вернецца. Але ён не вярнуўся з Салаўкоў. Зараз усё паўтараецца наноў”.

Жыхары шэрагу дамоў цэнтральнай часткі Менску правялі акцыю пратэсту супраць перасяленьня ў новабудоўлі на ўскраінах Менску. Улады тлумачаць гэта неабходнасьцю рэканструкцыі старой часткі гораду. Меркаваньне з гэтай нагоды:

Цімох Цыбулька: “Ну што, браткі-беларусы, дачакаліся? Спачатку адабралі льготы, потым прыдушылі прадпрымальнікаў, а цяпер будуць адбіраць уласныя кватэры. Я маю на ўвазе вуліцу Маркса. І карэнныя менчукі паедуць у спальныя раёны з затратай вялізных грошай, бо па рыначных коштах зь імі не разьлічваюцца. А можа, нават паедуць у калгасы і вёскі”.

І на заканчэньне — выказваньне наконт будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі.

Яцкевіч Аляксандар Анатолевіч, Віцебск: “Добры дзень. У мяне з галавы не выходзіць, як будуць будаваць гэтую нашу атамную бомбу. Гэта страшна. Ведаеце, у мяне такое меркаваньне: разумнаму чалавеку дай у рукі дубіну, дык ён, можа, будзе якія калкі забіваць, а які-небудзь дурны па галовах будзе біць. Лепш, мне падаецца, адкласьці на гадоў дзесяць. Не такі мэнталітэт павінен быць”.