Вёска Заспа, вялікая, нябедная вёска шырока разьлеглася ў пойме Дняпра, недалёка ад Рэчыцы. Тут няма ніякіх прыкметаў беднасьці ці ўбоства. Амаль няма закалочаных хатаў. Вуліцы напоўнены дзіцячымі галасамі. Каля дыхтоўных дамоў ня рэдкасьць заходні аўтамабіль. Усё паказвае на тое, што справы ў калгасе “Савецкая Беларусь” ідуць някепска. У Заспу я прыехаў у кампаніі з паэтам Сяргеем Сысом.





Сяргей: “Мы заўсёды ганарыліся, што ў нас вуліцы брукаваныя. Выкладзеныя каменем. Я зараз не ўяўляю, як бы машыны езьдзілі. Але тады гэта было вельмі прыгожа. Яна была вельмі шырокая. Я ўяўляю, колькі гэта было працы. Дзьве вуліцы было забрукаваныя. Зімой, канечне, было пагана катацца. Раней былі козы з такіх мэталічных прутоў, мы рабілі. Але летам гэта была прыгажосьць. Чыста заўсёды было. Не было гэтых канаў, калюжын. Ведаеш, як заўсёды ў вёсках, пасьля дажджу. Заспа лічылася цывілізаваная з гэтым брукам. Ну, а зараз, бачыш, усё асфальт. Зьнішчыў гэтую прыгажосьць, адметнасьць...”

Стоячы па-над далінаю Дняпра, які ўвесну разьліваецца тут сапраўдным морам, няцяжка зразумець, чаму гэтая зямля нараджае паэтаў. Тут, у суседнім Гарошкаве, узышла зорка Анатоля Сыса. У Засьпе нарадзіліся Віктар Ярац і Сяргей Сыс. Але ня толькі прыгажосьць прыроды натхняла маладых людзей на паэтычную творчасьць. Немалую ролю заўжды грае настаўнік беларускай мовы. Любіць родную мову ўжо не адно пакаленьне засьпенцаў вучыла 80-гадовая Ганна Цітавец. Нягледзячы на паважны ўзрост, старая вельмі рухавая і гаваркая.

Ганна: “Я вяла літаратурны гурток. Вучыліся вершы складаць. Я і сама спрабавала. Да 60-годзьдзя я склала паэму “Няхай ніколі ня будзе вайны”. А складала я так. Ускопвала граду пад цыбулю, у кішэні блякноцік і аловак. Капаю. Капаю. Рад ускапаю — прадумаю, запішу. І пакуль ускапала граду пад цыбулю, у мяне атрымалася паэма”.

Карэспандэнт: “А стаўленьне да беларускай мовы...”

Ганна: “Любілі беларускую мову. Любілі мяне. Я ішла на работу, як на сьвята”.

Карэспандэнт: “А чым адметная вёска Заспа?”

Ганна: “Гісторыю я ведаю. Паны якія былі, вуліцы як называліся. Як жылі людзі пры панах. Я гэта ведаю”.

Карэспандэнт: “А як пры панах жылі?”

Ганна: “Жылі пры панах. Хадзілі ў дзіравых штанах. Елі хлеб зь мякінкай, паны білі дубінкай”. Пан Вінча. У яго быў упраўляючы па прозьвішчы Юшкевіч. Заспа была падзеленая на тры ўчасткі. Пану Вінчу належала мая вуліца, дзе я цяпер жыву. Называлася яна Вінчаншчына. Ад магазына і да могілак туды — гэта пана Вольбіка. Называецца Вальбікоўшчына. А частка Заспы ў бок Лоева — пану Кіневічу належала. Мая бабуля расказвала. Зьбіралі жыхароў, Юшкевіч выстройваў людзей у рад. Жанчыны высокага росту асобна, нізкага — асобна. Жалі жыта. Плацілі жанчынам высокага росту па дваццаць капеек, нізкага — па пятнаццаць. А калі якая параніцца, дык не заплацяць. А пан Яшкевіч яшчэ бізуном ашнарыць. Во як жылі. Нагараваліся”.

Тая старая местачковая тапаніміка дажывае толькі ў памяці старажылаў. А сам маёнтак пана Вінчы, мураваны аднапавярховы дом у стылі клясыцызму, стаіць на маляўнічым узвышшы, нібы прывід. З абваленым дахам, з павыбіванымі шыбамі.





Сяргей: “Гэта рэшткі яго маёнтка. Ужо і калёнаў нават няма. Стаялі прыгожыя калёны. Тут я памятаю вельмі прыгожыя алеі. Рэгулярны такі парк быў вельмі прыгожы, які пераходзіў у сады. І цікава, што старыя яблыні карчуюць, пад каранямі знаходзяць косткі жывёл. Аказваецца, каб яблыня добра пладзіла, закопвалі нейкую падлу. Ці цяля, якое памерла, ці сабаку якога. І яно прахла і паджыўляла спажыўнымі рэчывамі яблыню. Яблыня колькі? Ну, трыццаць гадоў, сорак. А тут па сто стаяць — і добрыя яблыкі”.





Царква ў Засьпе, як і ў многіх іншых беларускіх вёсках, паўстала дзякуючы ініцыятыве вернікаў. Старшыня царкоўнай грамады, Марыя Міхайлаўна, прыгожая пэнсіянэрка, кажа, што без царквы жыцьця свайго не ўяўляе.





Марыя: “Вельмі многа мам маладых зь дзецьмі. І грудныя дзеці. Вельмі многа прыходзяць. Сваімі рукамі пабудавалі гэтую царкву. І ўжо яна дзейнічае дванаццаць гадоў”.

Усё сваё жыцьцё спадарыня Марыя адрабіла ў калгасе. Але сёньняшні час лічыць для роднай гаспадаркі найбольш спрыяльным.

Марыя: “Работа ёсьць. Домікаў набудавалі многа. Моладзь застаецца. У нас фэрма і вялікі адкормачны пункт. Плюс яшчэ перапрацоўчыя. Кілбаскі розныя робяць, славяцца на ўсю Беларусь. Людзі ня сталі з калгаса ісьці. Ёсьць дзе працаваць. Заможныя людзі. Машын многа. Дзеці ходзяць акуратныя. Фэрмы вялікія. Быў дзень калгасьніка. Узнагароджвалі кожнага, хто мала-мальскі... не прапіў... Усім добрыя падарункі, пуховыя коўдры, ручнікоў пяць-шэсьць. Усе такія давольныя. Людзі любяць працаваць. Можа, сем’яў пятнаццаць у Засьпе, што п’юць”.

Зяць Марыі Міхайлаўны, Мікола, нягледзячы на добрае калгаснае жыцьцё, уцёк з Заспы ў Гомель. Пра што не шкадуе. Мы гутарым каля прыгожага, пабудаванага ў стылі сталінскага ампіру, клюбу.

Карэспандэнт: “А тут моладзі ёсьць куды падацца?”

Мікалай: “Збольшага няма. Клюб, ён надакучыў усім. У клюб схадзіць — гэта пабіцца. Чакаюць людзі суботы ці нядзелі, каб зайсьці ў клюб. Але там усё роўна атрымліваецца так — ты глядзіш на маю сяброўку, і пачынаецца бойка. Большы павінен старэйшых нагляд нейкі быць у клюбах. Калі толькі зьбіраецца куча малалетак, усё роўна паміж імі здараецца бойка. Гэта было спакон вякоў”.

Карэспандэнт: “Моладзі тут хапае. Гэтая вёска не вымірае...”

Мікола: “Заспа — сто працэнтаў не вымірае. Але ў любым выпадку, калі сканчаюць школу, у асноўным зьяжджаюць у Гомель вучыцца. Карацей, харошыя галовы ўсё роўна зьяжджаюць. З добрай адукацыяй тут не застаюцца. Ніколі ў жыцьці не параіў бы сваім дзецям, ні ворагам сваім працаваць у калгасе. Гэта вельмі цяжка за трыста рублёў”.

Сваё падарожжа па мястэчку мы зь Сяргеем Сысом заканчваем на вельмі маляўнічай засьпенскай вуліцы, якая крута спускаецца да дняпроўскіх лугоў. Нават зімою гэты куток выглядае маляўніча. Што ўжо казаць пра вясну, калі разьліваецца Дняпро і хаты патанаюць у квецені садоў. Жыць бы тут і радавацца. Але чамусьці не жывецца.

Сяргей: “Гэта мой сябар быў. Уяўляеш, зімой я бегаў да яго басанож. Жонка была, дзеці. Я ня ведаю, як здарылася. Але з шостага паверха ў Гомелі выпаў і загінуў. Вось праходзім дзьве хаты. Тут Люда, мая аднаклясьніца, жыла. Сям’я была добрая. Таксама выкінулася, толькі з чацьвёртага паверха ў Гомелі. Насупраць таксама ў нас праблемы. Павесіўся хлопец. 32 гады. Двое дзяцей, жонка. Працалюбны. Рабіў тэлефаністам. Усім людзям дапамагаў. Ніякай нагоды, нічога, здавалася б, але... Узяў і павесіўся. Нікому нічога не паведаміўшы”.

Карэспандэнт: “А што гэта такое? Як гэтаму знайсьці нейкае тлумачэньне?”

Сяргей: “Я доўга думаў пра гэта. Нейкае расчараваньне ў тым, як мы, можа быць, жывем. Можа, пошук ідэалу прывёў іх у тупік. Што такое Заспа? Паэты тут нараджаюцца. Віктар Ярац. Тут зямля такая лірычная, паэтычная. Вельмі багата людзей — рамантыкаў. Нейкіх сацыяльных праблем не было ў іх. Яны былі пры працы добрай. Адукацыю атрымалі. Вельмі цяжка знайсьці разуменьне гэтай рэчы”.

Паводле статыстыкі Беларусь займае другое месца па самазабойствах у сьвеце пасьля Літвы. Але адна рэч ведаць гэтую статыстыку. І зусім іншая —пераканацца ў гэтай статыстыцы сярод такога жыцьцясьцьвярджальнага краявіду.