У чым быў сэнс учорашняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна? Якія пытаньні на ёй абмяркоўваліся або маглі абмяркоўвацца, што засталося за кадрам? Якое значэньне мае тое, што ў Сочы адбылася сустрэча кіраўніка Беларусі з кандыдатам на прэзыдэнта Дзьмітрыем Мядзьведзевым? Гэтыя пытаньні ў “Праскім акцэнце” абмяркоўваюць рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі, рэдактар часопісу “Россия в глобальной политике” Фёдар Лук'янаў і аглядальнік нашага радыё Віталь Цыганкоў.
Дракахруст: "Што стала прычынай нечаканай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна ў Сочы ў мінулую нядзелю? Напярэдадні іх сьнежаньскай сустрэчы было шмат чутак, страхаў, надзеяў, але пасьля яе завяршэньня здавалася, што бакі вызначылі рамкі адносінаў на пэрыяд да і нават пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. Дык навошта спатрэбілася сочынская сустрэча, што на ёй вырашалі ці маглі вырашаць такога, што абавязкова трэба было вырашыць да выбараў? Аляксандар Класкоўскі, як Вы мяркуеце?
Дракахруст: “Фёдар Лук'янаў, а якое Ваша меркаваньне? У чым была прычына, у чым і ў каго была патрэба ў гэтай сустрэчы?”
Апошняе, што цяпер аб'ядноўвае ў ідэалёгіі Расею і Беларусь – гэта актыўнае непрыняцьце пашырэньня НАТА, і наагул актывізацыі заходніх структураў бясьпекі на захадзе ад Расеі і Беларусі. Але ў астатнім я ня бачу прынцыповых магчымых пунктаў парадку дня.
Здаецца, што прэзыдэнт Лукашэнка перажыве на сваёй пасадзе ўжо другога прэзыдэнта Расеі і наступная сустрэча будзе з прэзыдэнтам Мядзьведзевым".
Дракахруст: “Спадар Лук'янаў, ну ўсё ж, здавалася б, цяпер ідзе выбарчая кампанія, пры ўсёй умоўнасьці гэтага паняцьця ў сёньняшняй Расеі, і чаму, дзеля якіх мэтаў Пуцін выдзяляе час у сваім шчыльным графіку, каб сустрэцца зь беларускім калегам?”
Лукьянаў: “А чым уласна Пуцін заняты ў сувязі з выбарамі? Асаблівасьць выбарчай кампаніі ў Расеі ў тым, што, па-першае, яе па сутнасьці няма, а па-другое, нават калі яна і будзе ў нейкіх формах, то яна ня мае ніякага значэньня, бо вынік выбараў стаў вядомы ў той дзень, калі быў вызначаны пераемнік Пуціна.
Асаблівасьць выбарчай кампаніі ў Расеі ў тым, што яе па сутнасьці няма.
Ф. Лукьянаў
Ф. Лукьянаў
Адзінае, што Пуцін падводзіць вынікі свайго васьмігадовага тэрміну. І адносіны зь Беларусьсю былі з самага пачатку адной з самых раздражняльных тэмаў. Амаль адразу пасьля прыходу Пуціна да ўлады пачаліся ўсялякія зыгзагі.
Праект саюзнай дзяржавы, які фармальна існуе дагэтуль, па сутнасьці скончыўся з завяршэньнем эры Ельцына. Я мяркую, што бліжэйшым часам Пуцін будзе вельмі сур'ёзна займацца пытаньнямі сваёй гістарычнай спадчыны, бо яны для яго важныя. Я бы ўпісваў учорашнія перамовы ў такі кантэкст, а ня ў нейкія бягучыя палітычныя інтрыгі".
Дракахруст: "Віталь Цыганкоў, паводле афіцыйнага камюніке два лідэры сустрэліся, каб абмеркаваць, як Беларусь будзе дапамагаць Расеі рыхтаваць Сочы да Алімпіяды. Як заўважыў Аляксандар, гэта гучыць як зьдзек над шаноўнай публікай.
Напярэдадні сьнежаньскай сустрэчы шмат гаварылася пра тое, што на ёй будзе агучаны пафасны інтэграцыйны праект. Нічога такога не адбылося ані ў сьнежні, ані цяпер. Кажуць, што гэта было прадметам сакрэтных пагадненьняў. Але ўзьдзеяньне інтэграцыйных праектаў – як раз у іх гучным абнародваньні. Дык у чым жа сэнс таго, каб за месяц да выбараў яшчэ раз сустракацца?"
Зразумела, што ня гэтыя тэмы былі асноўнымі. Цяпер аналітыкі сьмяюцца, што ўся паліталёгія беларуска-расейскіх адносінаў усё больш нагадвае заходнюю крэмліналёгію часоў "халоднай вайны", калі высновы пра савецкую палітыку рабіліся праз аналіз выразу твараў членаў палітбюро на трыбуне Маўзалея.
Цалкам верагодна, што Масква на гэтым этапе паабяцала ставіцца больш лагодна да Беларусі, ня ведаю, колькі ён працягнецца – год, паўгода, тры месяцы. І Лукашэнка, адчуваючы гэты спрыяльны для яго момант, хоча выцягнуць зь яго як мага больш. Вось ён выцягнуў крэдыт, хоча выцягнуць яшчэ адзін, хоча выцягнуць абяцаньне наконт магчымасьці паставак беларускай прадукцыі на расейскі рынак.
А Масква, што зразумела, ня хоча на гэтым зашмат згубіць. Для яе гэтая тэма – ня самая галоўная, але для яе важна, каб цяпер не ўзьнімаліся рэзкія палітычныя пытаньні, каб не было рэзкіх палітычных заяваў, каб Аляксандар Лукашэнка паводзіў сябе ціха і спакойна хаця б бліжэйшыя 3-5 месяцаў, калі палітычнай Маскве будзе не да беларускага пытаньня".
Дракахруст: "Віталь, а можа ўсё прасьцей? Я хачу прыгадаць, што сьнежаньская сустрэча адбывалася паміж абвяшчэньнем Мядзьведзева "кронпрынцам" самім Пуціным і зьездам "Едіной Россіі", дзе адбылося афіцыйнае вылучэньне яго кандыдатам. І ў сьнежаньскай сустрэчы ён наагул ня ўдзельнічаў.
Зараз адбылося знаёмства Лукашэнкі зь Мядзьведзевым у новай якасьці – у якасьці кандыдата на прэзыдэнта. Вы маеце рацыю. Публіцы была паказаная карцінка – Лукашэнка, Мядзьведзеў, Пуцін. Можа ў гэтай карцінцы і быў увесь сэнс: паказаць пераемнасьць палітыкі, паказаць, якія добрыя адносіны з Беларусьсю і ў новага кіраўніка Расеі. Каб Лукашэнка крышачку паўдзельнічаў у расейскай выбарчай кампаніі (вось Фёдар лічыць, што Крамлю гэта ня трэба, але сытуацыя зь нерэгістрацыяй Касьянава паказвае, што там страхуюцца на 150%). Лукашэнка ж не сустракаецца ні зь Зюганавым, ні з Жырыноўскім, ні з Багданавым"
Крамлю трэба, каб на беларускім "фронце" цяпер было ўсё спакойна.
В. Цыганкоў
В. Цыганкоў
Такая дэманстрацыя адзінства для Крамля важная, але не крытычна важная. Ня тое, што гэта прынясе нейкі вялікі "ўлоў" галасоў на выбарах, тут хутчэй тое, пра што я казаў: Крамлю трэба, каб на беларускім "фронце" цяпер было ўсё спакойна, мір, сяброўства, пастаўкі сельгаспрадукцыі, пабудова беларускіх аб'ектаў у Краснай паляне, і безумоўна "ўзаемадзеяньне ў галіне спорту і турызму".
Дракахруст: "Аляксандар, пэўныя рамкі далейшых адносінаў былі вызначаныя падчас сьнежаньскай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна. Нехта можа лічыць, што Пуцін і пасьля 2 сакавіка будзе ўсім кіраваць у Расеі, што насамрэч невідавочна. Магчыма, Лукашэнка пайшоў на гэтую сустрэчу і нават ініцыяваў яе, каб пачуць пацьвярджэньне сьнежаньскіх пагадненьняў з вуснаў чалавека, які пасьля 2 сакавіка будзе гаспадаром Крамля".
Класкоўскі: "Згодны цалкам. У мяне на языку круціцца юрыдычная формула "вочная стаўка". З аднаго боку натуральна, што беларускі кіраўнік быў зацікаўлены ў тым, каб пераемнік асабіста заявіў, што, маўляў, будзем падтрымліваць Беларусь, ня будзем надта задзіраць кошты на энэрганосьбіты і г.д. А зь іншага боку і Пуцін быў зацікаўлены ў такой "вочнай стаўцы", бо сам Пуцін неаднойчы апынаўся ў цяжкой сытуацыі, калі ён пасьля Ельцына пачаў кіраваць Расеяй і займацца інтэграцыйнымі справамі. Бо зь беларускага боку ўжывалася піяраўская антытэза, што, маўляў, быў шчыры прыхільнік братняй, раўнапраўнай інтэграцыі Ельцын, а потым, перафразуючы вядомы анэкдот, "пришел подполковник Путин и все опошлил", пачаў казаць пра "мух і катлеты" і таму падобнае.
Каб не было падставы для такой антытэзы, і было зроблена такое спатканьне вочы ў вочы, усё прагаварылі, і каб потым спэкуляцыяў на тэму, што хтосьці штосьці не зразумеў, не было".