Разьлікі, што выезд у іншыя краіны ад 2008 году істотна спросьціцца, ня спраўджваюцца. Наадварот, калі пры наяўнасьці ў пашпарце дазвольнага штампу перасячэньне мяжы было практычна гарантаваным, то пасьля адмены гэтага штампу некалькі дзясяткаў чалавек штодня запыняюць на падставе “нявыкананых абавязацельстваў перад дзяржавай”. Сёньня памежны калідор зачыніўся перад лідэрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатолем Лябедзькам, які адначасна атрымаў у пашпарце пазнаку пра забарону на выезд зь Беларусі.
Першым з грамадзкіх актывістаў пра немагчымасьць выезду за мяжу быў папярэджаны старшыня АГП Анатоль Лябедзька. Палітыку паведамілі, што рашэньне прынятае на падставе крымінальнай справы, распачатай паводле абвінавачваньня ў паклёпе на прэзыдэнта ў 2004 годзе, пасьля інтэрвію Лябедзькі расейскай тэлепраграме “Зеркало” і публікацыі ў газэце “Народная воля”. Хоць справу і прыпынілі ў зьвязку зь немагчымасьцю сьледчых дзеяньняў, замежныя камандзіроўкі Лябедзьку забароненыя.
Анатоль Лябедзька заявіў, што меў перамовы з амбасадарамі ЗША і Францыі пра спробы ізаляцыі ня толькі грамадзка актыўных дзеячаў, але і ўсіх грамадзянаў Беларусі. Дыпляматы запэўнілі: праблема будзе ўздымацца ў часе дыялёгу ЗША і Эўразьвязу з афіцыйным Менскам. Сам Лябедзька дамагаецца сустрэчы з Генэральным пракурорам Пятром Міклашэвічам і міністрам унутраных справаў Уладзімерам Навумавым. Ён будзе патрабаваць ад іх тлумачэньня статусу сваёй крымінальнай справы, якая, з аднаго боку, прыпыненая, а зь іншага — не дае права на выезд.
Маё тэлефанаваньне першаму беларускаму палітычнаму невыязному засьпела яго якраз у момант “развароту” зь беларуска-літоўскай мяжы:
“На практыцы адчуў, што такое сьпіс палітычных невыязных — іду зь мяжы пешшу на Менск. Сёньня спрабаваў праехаць беларуска-літоўскую мяжу — было заплянавана некалькі сустрэчаў, у тым ліку ў літоўскім парлямэнце. Прыехаў на мяжу, хвілінаў 40 шлі інтэнсіўныя кансультацыі — мяне выклікалі, выводзілі, выбачаліся, прасілі пачакаць. Але праз 40 хвілінаў абвясьцілі, што я не магу пераехаць мяжу, і паставілі ў пашпарт чатырохкутны штамп, а гэта фактычна забарона на выезд зь Беларусі. Так што мае перамовы і ўвогуле праблематыка, якую я ўздымаў, — гэта вельмі актуальна. Ня думаю, што я ў такой сытуацыі адзін, гэта можа аказацца досыць масавай зьявай нават паводле фармальных прыкметаў. Пасьля маршу прадпрымальнікаў узбуджаная крымінальная справа, 23 чалавекі былі на допыце. А значыць, можна і іх заносіць у сьпіс невыязных”.
Сытуацыю Лябедзька называе “чыстай палітыкай”. У папярэднія гады, пасьля ўзбуджэньня крымінальнай справы, ён атрымаў тры пашпарты і тройчы ставіў штамп дазволу на выезд. А пячатка, нагадвае палітык, рабілася толькі з дазволу КДБ.
Ці можна трапіць у сьпіс “імем рэвалюцыі”?
Адзін з адказных за ўкараненьне спрошчанай сыстэмы выезду за мяжу — першы намесьнік начальніка дэпартамэнта грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун. На пытаньне, ці апраўдала сябе за месяц дзеяньня сыстэма спрошчанага выезду за мяжу, ён адказвае сьцьвярджальна: “Цалкам!” А падвышэньне колькасьці тых, каго штодня заварочваюць зь межаў, тлумачыць так: раней людзі і без таго ведалі, што іх ня выпусьцяць, таму й не зьвярталіся ў АВІРы па дазвол. А цяпер шмат хто хоча “прарвацца на дурня”.
Выпадак зь Лябедзькам не адзінкавы. Аналягічнае паведамленьне атрымаў лідэр баранавіцкай суполкі “Малады фронт” Яраслаў Грышчэня, а моладзевага актывіста Барыса Гарэцкага зьнялі зь цягніка па дарозе ў Кіеў. Аляксей Бягун, аднак, ня бачыць у гэтым палітыкі:
“Ніякага палітычнага падтэксту тут быць ня можа. Ёсьць толькі канкрэтныя падставы, каб абмежаваць права грамадзяніна на выезд за мяжу. Калі такая падстава ёсьць, то ён пра гэта і сам ведае. Прыкладам, узбуджана крымінальная справа або ёсьць накладзенае судом абавязаньне перад дзяржавай ці юрыдычнай асобай, ад якога ён ухіляецца. А калі не — то якая тут палітыка? Іншымі словамі, проста так, “імем рэвалюцыі”, ніхто ў банк не ўнясе. Таму трэба гэта таксама разумець”.
За межы Беларусі можна выехаць праз Расею. Але спадар Бягун кажа, што неўзабаве гэтую “чорную дзірку” “апячатаюць”: адпаведныя расейскія службы завяршаюць стварэньне ўласнай базы невыязных (як кажуць спэцыялісты, нават яшчэ больш жорсткай,чым у Беларусі), пасьля чаго гэты аспэкт заканадаўства на тэрыторыі так званай Саюзнай дзяржавы будзе ў асноўных рысах уніфікаваны.
У адпаведнасьці з указам Аляксандра Лукашэнкі “Аб спрашчэньні парадку выезду з Рэспублікі Беларусь” абмяжоўваецца права на выезд для грамадзянаў — носьбітаў дзяржаўных таямніцаў, падазраваных ці абвінавачаных у крымінальных справах, для тых, хто ўхіляецца ад вайсковай службы і судовых абавязацельстваў. Паводле прыблізных зьвестак МУС, у сьпісе больш за 100 тысяч прозьвішчаў. Аднак лічба ўвесь час зьмяняецца, а ўзорны грамадзянін, які не пасьпеў заплаціць адміністратыўны штраф, умомант робіцца невыязным. Палітычна неляяльныя да ўладаў грамадзкія дзеячы не фігуруюць у ніводнай з катэгорыяў, аднак апазыцыйныя палітыкі ўсё часьцей трапляюць у “чорны” сьпіс”.