Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.
4 лютага споўнілася 200 гадоў зь дня народзінаў аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Што зроблена дзеля ўшанаваньня клясыка, і што яшчэ плянуецца зрабіць, – тэма гутаркі з гісторыкам літаратуры Язэпам Янушкевічам.
“Помнік Дуніну-Марцінкевічу найлепш усталяваць у Менску на Плошчы Свабоды”
Міхась Скобла : “Язэп, дзеля адзначэньня юбілею Дуніна-Марцінкевіча ўладамі быў створаны адмысловы арганізацыйны камітэт, старшыняваў у якім намесьнік прэм’ер-міністра Аляксандар Косінец. У ягоным складзе – шэсьць міністраў і намесьнікаў міністраў, высокапастаўленыя чыноўнікі з аблвыканкамаў і райвыканкамаў. І адзіны літаратар – вы. Што з заплянаванага ўдалося ажыцьцявіць?”
Язэп Янушкевіч: “Мушу пачаць з удакладненьня: у сьпісе аргкамітэту значыцца прозьвішча Максімовіча Валер’я Аляксандравіча, які пэўны час выконваў абавязкі дырэктара Інстытуту літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук. Бадай што на гэтыя структуры і лёг асноўны цяжар падрыхтоўкі да юбілею Дуніна-Марцінкевіча. Добра, што мы дамагліся хоць адзінага паседжаньня аргкамітэту, якое адбылося ў траўні мінулага году. На ім гаварылася, што постаць Дуніна-Марцінкевіча настолькі шырокая, што ня ўкладваецца ў акадэмічную прастору, паколькі ён – ня толькі літаратар і публіцыст, але й грамадзкі ды культурны дзеяч.
Хачу адразу адзначыць, што размова ідзе пра цэлы юбілейны год Дуніна-Марцінкевіча ў Беларусі і ў Эўропе. Цягам гэтага году й будуць адбывацца адпаведныя імпрэзы. Прыкладам, помнік Дуніну-Марцінкевічу плянавалася адкрыць да юбілею, але пакуль што ён у стадыі праекту. Яго мяркуецца ўсталяваць у Менску. З усёй сталічнай прасторы дзеля гэтага найлепш падыходзяць дзьве мясьціны. Першая – на вуліцы Фрунзэ, непадалёк ад Дому літаратара, дзе быў дамок Дуніна-Марцінкевіча. І другая (яна мне бачыцца найлепшай) – на Плошчы Свабоды, гэта тая частка сквэру, якая насупраць кансэрваторыі. Там знаходзіўся дом Аўсея Поляка, які пэўны час называўся менскім тэатрам. Менавіта там была пастаўленая опэра “Сялянка” (музыка Станіслава Манюшкі).
“Канчатковы прысуд быў такі: музэю Дуніна-Марцінкевіча ў Люцінцы быць. На жаль, па нейкіх прычынах, мне да канца незразумелых, справа з музэем стаіць на месцы”
Скобла: “Хацелася б верыць, што кожны зь чальцоў аргкамітэту спрычыніўся да годнага ўшанаваньня памяці Дуніна-Марцінкевіча. Але чым займаўся ў гэтым камітэце, да прыкладу, намесьнік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга?”
Янушкевіч: “Мелася на ўвазе, што ў Люцінцы, якая знаходзіцца ў Валожынскім раёне, да юбілею будзе нарэшце створаны музэй Дуніна-Марцінкевіча. І ён бы адразу клаўся ў турыстычны маршрут. На жаль, праца над стварэньнем музэю нават не пачыналася. І гэта пры тым, што да ідэі музэю вельмі прыхільна паставіўся сам старшыня аргкамітэту Аляксандар Мікалаевіч Косінец. Калі я на паседжаньні выказаў сваю прапанову наконт музэю, прагучалі пярэчаньні: маўляў, ня трэба займацца манілаўшчынай, нерэальнымі плянамі. Спадар Косінец павярнуўся да прамоўцы і з запытаньнем у голасе прамовіў: “Вы, відаць, забыліся, за які час была збудаваная “лінія абароны Сталіна”, калі да нас прыяжджаў прэзыдэнт Венецуэлі Уга Чавэс?” І канчатковы прысуд быў такі: музэю Дуніна-Марцінкевіча ў Люцінцы быць. На жаль, па нейкіх прычынах, мне да канца незразумелых, справа з музэем стаіць на месцы. Наколькі я ведаю, нават папярэдняя праца не вялася. А гаворкі пра музэй вядуцца ўжо гадоў дваццаць пяць. Здаецца да 175-годзьдзя Дуніна-Марцінкевіча быў зроблены праект музэю. Пасьля ён лічыўся згубленым, але цяпер шчасьліва адшукаўся. Гэта дазволіць заашчадзіць сродкі і ў аптымальна кароткі час усё ж збудаваць музэй. Адразу скажу, што гэта мае быць ніякі не шыкоўны палац, а звычайная драўляная хата. А ў нас жа пад бокам Налібоцкая пушча”.
Скобла: “5 лютага ў Нацыянальнай Акадэміі навук мае адбыцца Міжнародная навукова-практычная канфэрэнцыя, прысьвечаная беларускаму клясыку. Хто з замежных славістаў займаецца вывучэньнем творчасьці Дуніна-Марцінкевіча?”
Янушкевіч: “Адмысловых спэцыялістаў па Дуніну-Марцінкевічу, такіх, прыкладам, як наш Генадзь Кісялёў, за мяжою няма. Хоць мы маем такі прэцэндэнт: першая манаграфія пра Дуніна-Марцінкевіча была напісаная польскім славістам Юзафам Галомбакам і выдадзеная ў Вількі ў 1932 годзе. А на канфэрэнцыю прыедуць Вера Рыч зь Лёндану й Чэслаў Сэнюх з Варшавы. Іх лучыць тое, што яны абодва – літаратары, перакладчыкі. А да юбілею Дуніна-Марцінкевіча апроч акадэмічнага Збору твораў выдадзеная камэдыя “Пінская шляхта” на пяці эўрапейскіх мовах. Вось менавіта да зьяўленьня гэтага выданьня й спрычыніліся Вера Рыч і Чэслаў Сэнюх”.
Скобла: “У выдавецтве “Мастацкая літаратура” прымяркоўна да юбілею выйшаў двухтомавік Дуніна-Марцінкевіча, цалкам падрыхтаваны вамі. Памятаю, здаецца, у 1984 годзе выдаваўся дыхтоўны аднатомавік, які таксама рыхтавалі вы. Дык няўжо за прамінулыя 23 гады назьбіралася твораў яшчэ на адзін том?”
Янушкевіч: “Не, справа ў тым, што новы Збор твораў падрыхтаваны па ўсіх акадэмічных правілах. Творчая спадчына Дуніна-Марцінкевіча ў ім пададзеная ў арыгінале. Калі твор напісаны па-польску, ён і падаецца па-польску, а таксама ў перакладзе на беларускую мову. Творчасьць Дуніна-Марцінкевіча як мінімум дзьвюхмоўная, пра што сьведчыць і першы апублікаваны ягоны твор – камэдыя “Ідылія”. У ёй адны героі гавораць па-беларуску, другія – па-польску. У чытачоў уражаньне, што яны ідуць разнатраўным лугам, дзе цьвітуць розныя кветкі. Як адзначаў яшчэ Уладыслаў Сыракомля, менавіта бытавая праўда змушала Дуніна-Марцінкевіча пераплятаць беларускамоўныя дыялёгі з польскамоўнымі. Паны ў ягоных творах гавораць пераважна па-польску, тутэйшы люд – па-беларуску”.
“Дунін-Марцінкевіч прыдумаў ня толькі пэрсанажа Кручкова зь ягонымі “ўказамі Пятра Вялікага ад 1988 году”, але й бліскуча разыграў мову сваіх пэрсанажаў”
Скобла: “З мовай твораў Дуніна-Марцінкевіча да гэтай пары ня ўсё зразумела. Як вядома, “Пінская шляхта” напісаная на паляшуцкай гаворцы. Чаму так? Дунін-Марцінкевіч – нараджэнец цэнтральнай Беларусі, вучыўся ў Вільні й Пецярбургу. Адкуль у яго веданьне мовы палешукоў?”
Янушкевіч: “Канчаткова і я не магу адказаць на гэтае пытаньне. Мне здаецца, што кожны творца, які пэўны час пажыў на Палесьсі, паспрабаваў бы адлюстраваць той непаўторны куток Літвы-Беларусі, які раскінуты на палескіх багністых балотах. Калі ж паглядзець з прафэсійнага боку, то не выпадае называць мову “Пінскай шляхты” палескай ці, тым больш, украінскай. Хоць спробы такія й былі. Але, скажам, мой сябра пісьменьнік Алесь Наварыч, карэнны паляшук, ён нарадзіўся на Століншчыне, сказаў мне, што сярод 32 палескіх дыялектаў, апісаных мовазнаўцамі, той мовы, на якой напісаная “Пінская шляхта”, няма. Дунін-Марцінкевіч, як бліскучы творца, прыдумаў ня толькі фабулу, ня толькі пэрсанажа Кручкова зь ягонымі “ўказамі Пятра Вялікага ад 1988 году”, але й бліскуча разыграў мову сваіх пэрсанажаў”.
Скобла: “4 лютага ў Бабруйскім касьцёле Беззаганнага зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі высьвечаная мэмарыяльная дошка ў памяць Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча. Яе аўтар – ваш брат, скульптар Валяр’ян Янушкевіч. Чыя гэта была ініцятыва?”
“Памятную шыльду Дуніну-Марцінкевічу можа ўсталяваць кожны касьцёл Беларусі”
Янушкевіч: “У гэтай справе я б хацеў найперш адзначыць ініцыятара, завадатара і часткова фундатара гэтай памятнай дошкі, пробашча бабруйскага касьцёлу ксяндза Юрыя Быкава. Я перакананы, што будучая Беларусь яшчэ выкажа яму сваю ўдзячнасьць”.
Скобла: “З намі на сувязі Бабруйск, ксёндз Юры Быкаў. Айцец Юры, краязнаўчы пратэстуюць. Маўляў, Дунін-Марцінкевіч ня мае адносінаў да вашага касьцёлу. Ці так гэта?”
Юры Быкаў: “Памятную шыльду Дуніну-Марцінкевічу можа ўсталяваць кожны касьцёл Беларусі. Нішто гэтаму не замінае. Дунін-Марцінкевіч быў ахрышчаны ў Бабруйску. На жаль, таго парафіяльнага касьцёлу няма, яго зруйнавалі. Замест яго існуе наш парафіяльны касьцёл, нанова адбудаваны. Але ж парафія застаецца тая самая, бабруйская. І таму шыльда ўсталяваная ў нашым касьцёле. Але я яшчэ раз падкрэсьлю: шыльда Дуніну-Марцінкевічу можа быць усталяваная ў любым беларускім касьцёле – і ў Менску, і ў Горадні, і дзе заўгодна. Гэта ня мае значэньня”.
“У юбілейны год “Пінская шляхта” будзе пастаўленая ў Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы”
Скобла: “Дзякуй ксяндзу Юрыю Быкаву за ўдзел у нашай гутарцы. Язэп, з нашых папярэдніх гутарак мне вядома, што рэжысэр Мікалай Пінігін браўся за пастаноўку “Пінскай шляхты” на тэатральнай сцэне. Што чуваць з гэтай задумкай?”
Янушкевіч: “Бясспрэчна, дарагая лыжка да абеду. Паколькі Мікалай Пінігін працуе цяпер за межамі Беларусі, у Санкт-Пецярбургу, я ня ведаю, якія ў яго адносіны з нашым Міністэрствам культуры. Але, наколькі мне вядома, Пінігін бярэцца за “Пінскую шляхту”, і прыступае да працы з 1 сакавіка. Да будучай пастаноўкі мае таксама спрычыніцца паэт Уладзімер Някляеў. Спадзяюся, што ў юбілейны год “Пінская шляхта” будзе пастаўленая ў Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы”.
“Творчасьць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча запатрабаваная ў сучаснай Беларусі”
Скобла: “Калі я думаю пра забарону царскім урадам твораў Дуніна-Марцінкевіча, таго ж “Халімона на каранацыі”, то ўспамінаю імёны сучасных творцаў, якіх летась выкінулі са школьнай праграмы. Калі я думаю пра падпольную школу ў Люцінцы, у маёнтку Дуніна-Марцінкевіча, то ўспамінаю сучасны Гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, які дзейнічае фактычна ў падпольлі. Што б сказаў на гэта Дунін-Марцінкевіч, калі б цудам зьявіўся ў нашым часе?”
Янушкевіч: “Што б ён мог сказаць? Пра тое, што нельга спадзявацца на нейкія казённыя структуры, на людзей пры пасадах. Мы і толькі мы павінны быць гаспадарамі на ўласнай зямлі. І таму калі мы ствараем школку, гэта наша школка. Калі мы пішам творы, то не павінны зважаць на тое, ці будуць яны прыхільна прынятыя ў “дэпартамэнце генэрал-губэрнатара”. Талент павінен быць непахісным і шчырым. Менавіта гэта дазваляе яму быць несьмяротным. А твой несьмяротны талент робіць увесь твой народ таксама несьмяротным”.
Скобла: “У 1856 годзе ў лісьце да свайго выдаўца Адама Завадзкага Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч пісаў: “Прашу пана дабрадзея выслаць мне першай поштай 40 асобнікаў “Ідыліі”, бо шчырая Беларусь шалёна патрабуе маіх твораў. І калі б я меў 300 асобнікаў, то распрадаў бы ўсе”. А што сёньня “шчырая Беларусь”, ці жадае яна з гэткай жа ахвотай чытаць Дуніна-Марцінкевіча?”
Янушкевіч: “Хачу з гонарам адзначыць, што першы акадэмічны Збор твораў Дуніна-Марцінкевіча ў 2 тамах выйшаў у дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура” накладам 2 000 асобнікаў. Улічваючы спэцыфіку гэтага выданьня, найперш ягоную рознамоўнасьць, пра якую мы гаварылі, то гэта нямала. І я перакананы, што Беларусь яго запатрабуе”.