Пра што пісалі беларускія газэты 4 лютага ў розныя гады мінулага.
“Віцебскі пролетарый” у 1938 годзе ў рэдакцыйным артыкуле піша пра кар’ерыстаў: “Кар’ерыст баіцца за сваё становішча ў партыі, здабытае ашуканствам. Таму ён разводзіць паніку, шуміху, мітусню. Таму ён з лёгкасцю патрабуе выключэнняў з партыі на якой-небудзь фармальнай падставе ці зусім без падставы. Для яго не існуе іншых мер спагнанняў у адносінах правініўшыхся членаў партыі, апрача аднаго — выключэння... Тым самым кар’ерысты затрудняюць партыі ачысціцельную работу ад ворагаў народа...”
“Вячэрні Мінск”, год 1988. Газэта піша пра будаўнічыя атрады: “На будаўніцтве цялятніка ў вёсцы Дубровічы Вілейскага раёна працаваў атрад “Авангард”. Ганаровым байцом атрада стаў паэт і артыст Уладзімір Высоцкі. Камісар атрада Алег Якубовіч расказаў: “Калі даведаліся аб адкрыцці рахунку на стварэнне музея Высоцкага, вырашылі прыняць паэта ганаровым байцом, а заробленыя грошы пералічыць у фонд музея. У Высоцкага мы вучымся жыць сумленна, адкрыта, заўсёды займаць прынцыповую пазіцыю...”
* “Навіны” ў 1998 годзе паведамляюць пра сур’ёзную акцыю ў італьянскім горадзе Імпэрыя: “Некалькі маладых дзяўчат — служачыя, хатнія гаспадыні, студэнткі — з уласнай ініцыятывы сфатаграфаваліся аголенымі для эратычнага календара. Увесь прыбытак ад продажу гэтага выданьня “для дарослых” будзе перададзены мясцовай арганізацыі “Форум”, якая дапамагае дзецям Беларусі. Дзякуючы гэтай арганізацыі дзеці з пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі раёнаў адпачываюць на Лігурыйскай рыўеры штолета. “Так, мы голыя, — кажуць дзяўчаты. — Але толькі дзеля любові да гэтых няшчасных дзяцей!”