Мітрапаліт адкрыў мэмарыяльную дошку Дуніну-Марцінкевічу

Архібіскуп, мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч сёньня ў Бабруйскім касьцёле беззаганнага зачацьця найсьвяцейшай панны Марыі адкрыў і асьвяціў мэмарыяльную дошку ў памяць аб Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. Урачыстасьць адбылася з нагоды двухсотгодзьдзя з дня нараджэньня клясыка беларускай літаратуры.

Паводле старшыні бабруйскай суполкі Таварыства беларускай мовы Віктара Маліноўскага, разам з Тадэвушам Кандрусевічам у Бабруйск прыехалі нашчадкі роду Дунінаў-Марцінкевічаў з Польшчы, дасьледчыкі творчасьці драматурга, сярод якіх Язэп Янушкевіч.

“Пачэсным госьцем мерапрыемства стаў Валяр’ян Янушкевіч, аўтар і выканаўца мэмарыяльнай дошкі. На дошцы з чырвонага мармуру –барэльефная выява Дуніна-Марцінкевіча і надпіс на беларускай лацінцы: “Году гасподняга 1808 дня 4 лютага ў Бабруйску быў ахрышчаны Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч”, – паведаміў “Свабодзе” Віктар Маліноўскі.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся на Бабруйшчыне ў фальварку Панюшкавічы. У Бабруйску ён скончыў павятовую школу.