Ад сёньняшняга дня спэцыяльны мытны падатак на нафту, якую ўвозяць у Беларусь з Расеі, павялічыўся з 92 да 111 даляраў за тону. Гэта зьвязана з ростам экспартнай мыты на нафту ў Расеі.
Эканамічны аглядальнік Тацяна Манёнак адзначае, што гэта прагназаванае падвышэньне: “Тут такі ланцужок: расьце кошт нафты, за ім расьце экспартная мыта, а за ёй спэцыяльная мыта для Беларусі. Гэта для нас мінус. Але ёсьць і плюс, паколькі на эўрапейскіх рынках, дзе прадаюцца беларускія прадукты з нафты, іх кошт узрастае. Таму пэўная кампэнсацыя для Беларусі ёсьць, але яна трохі адстае ад стратаў, зьвязаных з падвышэньнем мыты”.
Дарэчы, сёньня амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў сказаў журналістам, што кошты газу для Беларусі ў другім квартале 2008 году могуць мяняцца ў залежнасьці ад коштаў нафты. “Але гэта будзе ў разумных межах, ня болей чым на 10%” – удакладніў амбасадар.
Цяпер Беларусь плаціць за газ у памеры 119 даляраў за тысячу кубоў.