Суд у Баранавічах пакараў штрафам 700 000 рублёў царкву “Новае пакаленьне” Зьвязу хрысьціянаў поўнага Эвангельля. Царкву зьвінавацілі ў нямэтавым выкарыстаньні зямлі.
Царква “Новае пакаленьне” ў 1997 годзе набыла будынак складу і пасьля рамонту, цягам дзесяці гадоў, праводзіла там багаслужбы. Улады зьвінавацілі царкву, што яна карыстала будынак не па прызначэньні. Паводле юрыста Сяргея Луканіна, спачатку судзьдзя спыніла разгляд гэтай справы з-за недахопу аргумэнтаў. Але праз два тыдні ў справе не зьявілася ніводнага новага дакумэнту, а пастанова суду памянялася:
“У матэрыялах судовай справы ёсьць ліст за подпісам старшыні Баранавіцкага гарвыканкаму, нават тры такія лісты, што царква “Новае пакаленьне” павінна выкарыстоўваць свой будынак пад рэлігійныя мерапрыемствы. І таксама ёсьць ліст, што гарвыканкам абвінавачвае царкву ў тым, што яна выкарыстоўвае гэты будынак ня так, як напісана ў дамове арэнды зямельнага надзелу”.
Пастар царквы “Новае пакаленьне” Леанід Вараненка сказаў:
“Тут ужо як бы ціск адміністрацыйнага рэсурсу на судзьдзю, і таму без усялякіх камэнтароў нам прыпісалі штраф – 700 000 рублёў. Я думаю, што тут указаньне ідзе зьверху. Яны самі ствараюць гэты канфлікт і падтрымліваюць. Можа, гэта стаўленьне ўладаў да пратэстанцкіх цэркваў і да іншых канфэсіяў. Такая непрыязнасьць менавіта да нас...”
Яшчэ ў 2007 годзе царква падала заяву на працяг дамовы арэнды на зямлю. Месяц прайшоў, а адказу няма. Паводле пастара Леаніда Вараненкі, цягам дзесяці гадоў улады так і не дазволілі паставіць новы будынак царквы, узяць у арэнду іншы ці рэканструяваць склад.
“Мы будзем праводзіць нашыя багаслужбы у гэтым месцы, – гаворыць пастар Вараненка. – Мы падамо заяву, каб нам выдзелілі зямлю пад будаўніцтва, ці прапанавалі нейкі іншы будынак, ці прапанавалі арэнду памяшканьня. Гэта якраз тыя рэчы, якія мы ўжо прасілі, пісалі заявы. Мы зноў напішам ім заяву, абапіраючыся на пастанову суду. Цягам дзесяці гэтых гадоў мы сустракалі атаку з боку ўладаў”.
У такой самай сытуацыі апынулася царква “Новае жыцьцё” ў Менску. Паводле Сяргея Луканіна, улады сваімі дзеяньнямі прымушаюць царкву пакінуць свой будынак:
“Намесьнік пракурора Маскоўскага раёну Менску папярэдзіў, што калі й надалей мы ня будзем пускаць у свой будынак прадстаўнікоў улады, то будзе ўжо заведзена крымінальная справа і, магчыма, япіскап пойдзе ў турму”.
Япіскапа Вячаславу Ганчарэнку ўжо выклікаюць позвай у пракуратуру Маскоўскага раёну. Сяргей Луканін заявіў, што такая сытуацыя – вынік дзейнасьці закону “Аб свабодзе сумленьня”. Беларускія хрысьціяне сабралі ўжо больш за 47 з паловай тысяч подпісаў, каб закон быў памяняны. Гэтая кампанія завершыцца ў лютым, і подпісы адправяць кіраўніцтву краіны.
“Мы, як і раней, сустракаемся з парушэньнямі правоў свабоды веравызнаньня, такімі як адміністрацыйны ціск, штрафы, а таксама маюць месца пагрозы на адрас пастараў, лідэраў рэлігійных аб’яднаньняў, – камэнтуе сытуацыю сябра “Праваабарончага хрысьціянскага дому” Марыя Савушкіна. – Я думаю, што гэта тактыка ўладаў, якая ўжываецца адносна вернікаў-хрысьціянаў з мэтай узяць пад кантроль эвангельскія супольнасьці”.