Грамадзкая рэдактарка “Свабоды” на гэтым тыдні – кандыдат гістарычных навук, стваральніца і старшыня арганізацыі “Беларуская жаночая ліга” Ніна Стужынская.
Цягам тыдня ў нашым эфіры гучалі гутаркі з грамадзкай рэдактаркаю пра розныя грані сацыяльнага партрэту сучаснай беларускі. Сёньня Ніна Стужынская гаворыць пра свае густы, ацэнкі і арыенціры.
Уліцёнак: “Што чытае гісторык Ніна Стужынская?”
Стужынская: “Самае вялікае задавальненьне для мяне – гэта праца ў архівах”.
Уліцёнак: “А, напрыклад, Пікуль ці акадэмік Абэцэдарскі?”
Стужынская: “У Абэцэдарскага я вучылася, і ён, дарэчы, зь вельмі вялікай сымпатыяй ставіўся да мне, гаварыў: “Як я люблю вашыя блакітныя вочкі!” Тым ня менш паставіў “тройку”...”
Уліцёнак: “Вы ж у даўгу не засталіся, адпомсьцілі: пачалі перапісваць ім напісанае!”
Стужынская: “Гэта праўда! Зразумела, што ён абсалютна ня мае рацыі! Шкада, рана пайшоў з жыцьця, а так бы падыскутавалі!”
Уліцёнак: “А што чытае Ніна Стужынская-жанчына?”
Стужынская: “Як сродак псыхатэрапіі – жаночыя дэтэктывы. Замест надакучылай Данцовай Тацяну Ўсьцінаву”.
Уліцёнак: “Вашыя героі ў сёньняшнім рэальным, не гістарычным жыцьці...”
Стужынская: “Я жанчына расчараваная, такіх герояў не знаходжу. Спадзяюся, будуць”.
Уліцёнак: “У літаратуры маеце любімых герояў?”
Стужынская: “Сама іх адкрыла – знайшла ў архівах. Яны бачылі Беларусь эўрапейскай, дэмакратычнай, за гэта змагаліся, паклалі жыцьцё! Дзякуючы ім я стала новым чалавекам. Пачала паважаць нас, беларусаў. Я адчула, што мы сапраўды нацыя – дзякуючы менавіта той, 1920-х гадоў, нацыянальнай эліце”.
Уліцёнак: “Вашая любімая песьня...”
Стужынская: “Ой, а я не сьпяваю! Урэшце, мне падабаюцца баявыя маршы маіх любімых атаманаў 1920-х гадоў”.
Уліцёнак: “Ваш любімы колер...”
Стужынская: “Чорны: як стан душы”.
Уліцёнак: “Бачу. Любімы напой...”
Стужынская: “Піва. Магу скласьці зь любой групай піўную кампанію”.
Уліцёнак: “Актор, які прымушае дрыжаць вашае сэрца...”
Стужынская: “О-ой! Сэрца маё даўно не дрыжыць... Не ўяўляю сабе такой фігуры! Хоць падабаўся Абдулаў. Прычым позьні. У стужцы “Пастка”.
Уліцёнак: “А хто для вас сэкс-сымбаль Беларусі?”
Стужынская: “Ну, у адрозьненьне ад большасьці жанчын Беларусі, якія й выбралі вядома каго, бо лічылі сэксуальна прывабным, у мяне іншы герой. Лічу сэкс-сымбалем Беларусі нашага выдатнага пісьменьніка Ўладзімера Арлова. Ён умее падысьці да жанчыны. Умее напісаць пранікнёныя словы, адрасаваныя жанчыне”.
У пятнічным вечаровым эфіры прагучыць перадача, падрыхтаваная на заказ грамадзкай рэдактаркі тыдня. Тэма перадачы – месца жаночых арганізацыяў у дэмакратычных пераменах у краіне.