Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца, заяўляюць прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў.
Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, камэнтуючы сытуацыю з правамі чалавека, зьвяртае ўвагу на тое, што апошнім часам у Беларусі скарачаецца сьпіс палітвязьняў:
“І гэта вельмі добра, і адбываецца, бясспрэчна, дзякуючы вельмі прынцыповай пазыцыі ЗША і Эўрапейскага зьвязу. Зь іншага боку, садзяць новых людзей. Зь іншага боку, вызваленьне палітычных вязьняў нібы кампэнсуецца рэпрэсіямі іншага кшталту. Гэта масавыя адміністрацыйныя пасадкі, гэта выгнаньне з вучобы. Цяпер адбываецца ціск на тых студэнтаў, якія былі ў вязьніцах апошнія тыдні”.
Каардынатар аргкамітэту грамадзкай камісіі па рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, сябра БСДП (Грамада) Ігар Рынкевіч заявіў пра эскаляцыю рэпрэсіяў адносна грамадзкіх актывістаў і сяброў апазыцыйных партыяў:
“Колькасьць тых, хто прыцягнуты да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці, павялічваецца. Па падзеях 10 студзеня якраз узбуджаецца крымінальная справа, аналягічная той, паводле якой у свой час быў асуджаны Аляксандар Казулін. Гэта такі дамоклаў меч, які ўлада зараз трымае ў руцэ. І плюс вось гэтыя рэчы, што са спадаром Жалезьнічэнкам – гэта, канечне, жудасная выява ціску на студэнтаў. Працягваецца праблема з тым, што ў нас не рэгіструюць грамадзкія аб’яднаньні, працягваецца ціск на апазыцыйныя партыі”.
Сустаршыня Палітрады аб’яднаных дэмсілаў Сяргей Калякін заявіў, што ацэнку сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выказвалі аўтарытэтныя міжнародныя структуры, сярод якіх Камітэт правоў чалавека ААН:
У палітычнай сфэры не засталося правоў, якія б выконваліся.
“Цягам апошніх гадоў улады зрабілі вельмі шмат, каб ліквідаваць правы грамадзянаў, асабліва палітычныя. Але і сацыяльныя таксама. Апошнія дзеяньні ўладаў па зьнішчэньні льготаў і гарантыяў для больш як пяці мільёнаў грамадзянаў Беларусі накіраваны на скасаваньне правоў. У палітычнай сфэры не засталося правоў, якія б выконваліся. Права на тое, каб ствараць асацыяцыі, права на свабоду друку, права на дэманстрацыі, мітынгі і шмат якія іншыя палітычныя правы наогул зьнішчаны насуперак Канстытуцыі”.
Стваральнік Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Павал Севярынец заявіў, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца:
“Крымінальных справаў за іншадумства, палітычных крымінальных справаў у Беларусі за апошнія гады болей, чым у 1970-я гады. То бок, рэпрэсіі сёньняшняга рэжыму перавысілі ўзровень рэпрэсіяў часоў застою. Яшчэ адзін трывожны сыгнал у тым, што калі па гучных і вядомых справах людзей могуць вызваліць празь ціск Эўропы альбо гандаль зь ёй, то па “сутках”, зьнявагах, выключэньнях з унівэрсытэту і з працы проста ідзе жахлівая дынаміка. Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі моцна пагаршаецца”.