Няхачава


Усе, хто добра ведаў актора маскоўскага Тэатра Сатыры Анатоля Папанава, пішуць, што гэта быў вельмі нетыповы сталічны артыст. Не рабіў кар’еры, ідучы па галовах калег. Не любіў свае камэдыйныя ролі, якія прынесьлі яму шалёную славу. І нават крыху гэтай славы саромеўся. А яшчэ Анатоль Папанаў лічыў сябе беларусам. І нават аднойчы наважыў сваю беларускасьць выявіць. Памятаеце?

Голас Папанава: “Я ўстрэціл вас і ўсё былое ў аджыўшым сэрцы ажыло. Я ўспомніл урэмя...”



Вёска Няхачава ляжыць на старой варшаўскай дарозе, Увагу падарожнікаў яна прыцягвае старасьвецкім будынкам былой паштовай станцыі і гасьцінага двара, пабудаванага ажно ў 1840 годзе. А таксама маленькім і прыгожым вакзальчыкам, помнікам архітэктуры міжваеннага часу. На вакзальным коміне сям’я буслоў зьвіла сабе гняздо. А яшчэ ў Няхачаве нарадзілася Алена Раўкоўская. Маці будучага актора. Эвакуацыя Першай сусьветнай вайны закінула маладую беларуску ў Расею. Дзе яна пабралася шлюбам з чырвоным афіцэрам Дзьмітрыем Папанавым. У 1922 годзе ў іх нарадзіўся сын Анатоль. Алена Раўкоўская марыла вярнуцца на радзіму. Але Рыскі мірны дагавор яе мары перакрэсьліў. Толькі ў 1940 годзе Папанавы прыехалі ў Няхачава. Дзе малады Анатоль упершыню пазнаёміўся са сваёй гістарычнай радзімай, шматлікай раднёй ды яе моваю. Пасьля ён будзе тут частым госьцем.

Дом Раўкоўскіх сёньня стаіць закалочаны. Уся радня даўно разьехалася па іншых гарадах. Але суседка, цётка Ірына, 70-гадовая старая, якую я засьпеў, калі яна секла дровы, памятае былыя часы.





Старая: “Зь Няхачава. Ён нарадзіўся тут. Канечне, не пры маёй памяці ён нарадзіўся. Ён, здаецца, з дваццаць другога году”.

Карэспандэнт: “Ён прыяжджаў сюды?”

Старая: “Прыяжджаў ён. Яго мацеры сястра, Валя, брат Толя. Яны па суседзтву жылі. Прыяжджаў у якіх шасьцідзесятых гадах. І застольле было. Разам мы сядзелі за сталом. Мой гаспадар любіў зь ім пажартаваць. Ён такі таксама быў жартаўлівы, мой гаспадар”.

Карэспандэнт: “А ён ужо тады быў вядомы ці не яшчэ?”

Старая: “Ён ужо артыстам быў. А якім, народным ці не народным, я ня ведаю. Я ня ведаю, у якіх гадах кіны пачаліся. Я ж сюды прыйшла, яшчэ не было тэлевізараў. Самы першы купіла Папанава сястра маці, Валя. “Рэкорд”, самы стары. Да іх усё бегалі. Я пабяру малых дзяцей і туды, на тэлевізар. А з Рабкоўскім Колем, зь ягоным дзядзькам, мы вельмі добра жылі. “Ты ўжо, — кажа, — паглядзі за гаспадаркай, адпусьці нас. Мы паедзем туды”. А як прыедуць, частуюць нас, расказваюць”.

Карэспандэнт: “Гэта яны езьдзілі ў Маскву?”

Старая: “Яны вельмі часта езьдзілі”.

Карэспандэнт: “А што расказвалі са сваіх маскоўскіх паездак? Што рабілі? У тэатар хадзілі?”

Старая: “Гарэлку папівалі. Ён жа аматар быў сьпіртнога. Ён нават сюды прыяжджаў, добра выпіваў. Зьбяруцца. Самагонку гналі хлебную. Ня тое, што зараз цукар. А тады хлебная. Мяккая, смачненькая была.

Голас Папанава: “За чужой шчот п’юць дажэ трэзьвеньнікі і язьвеньнікі”.

Старая: Ён добры быў дзядзька. Такі сьмешны. Я была такая маладая, дваццаць гадоў. Ідзе з гаспадаром дахаты, кажу: “Ой, які вы файны дзядзька”. А ён пажартуе: “Каб малады быў, дык, можа, і ўлюбілася б”. Ну, я што я магу больш сказаць?





Стараста Няхачава Сяргей Фанькін, саракагадовы невысокі мужычок, гадоў дзесяць ужо як пераехаў у Беларусь з Расеі. І не шкадуе. Працуе начальнікам станцыі.

Карэспандэнт: “А тут у асноўным старыя жывуць ці ёсьць моладзь?”

Стараста: “Моладзь ёсьць, але большая частка, вядома, старых людзей.

Карэспандэнт: “А асноўная маса моладзі працуе ў СВК?”

Стараста: “Не, у нас тут калгаса няма. На чыгунцы працуюць манцёрамі, у ПМК. Дзьве крамы. Тут вёска добра разьмешчана. Чыгунка, аўтатраса адна, другая. Яшчэ б сюды газ, і будзе тут жытло даражэй, чым у горадзе”.

Карэспандэнт: “На халеру вам той газ? Урубяць такія цэны, што лепш дровы”.

Сваю ролю старасты Сяргей бачыць у навядзеньні парадку. А гэта з кожным годам усё цяжэй.

Стараста: “У вёсцы што? Навядзеньне парадку. Цяжка зь некаторымі. У каго чысьценька, плот стаіць. А хто кажа — сіл няма. Касіць, прыбіраць. А плот пафарбаваць — гэта ж грошы.

Аляксандар Цэменя — самы стары жыхар Няхачава. Дзеду больш за восемдзесят гадоў, але на нагах трымаецца моцна. Ён — шчасьліўчык. Бо савецкая ўлада забрала ў яго толькі невялічкі лапік зямлі. Вучыўся на кранаўшчыка. Падчас Другой сусьветнай атрымаў бронь, працуючы на ўральскіх ваенных заводах.





Карэспандэнт: “Што за чалавек быў Анатоль Папанаў?”

Стары: “Я яго толькі тут бачыў раз, як ён прыехаў сюды ў госьці. А вось яшчэ самы старэйшы быў, з маёй мамай у школу хадзіў, Коля, Мікалай. Але яго ў 39 годзе, ён лесьніком быў, тут яго ў вагон. Я бачыў, як садзілі. У вагоны, з рэчамі, з дочкамі. У Архангельск паехалі. Тады закон такі быў”.

Карэспандэнт: “А многа забралі зь Няхачава?”

Стары: “Зь Няхачава не. Толькі яго аднаго. Лесьніком быў. У вагоны загружалі і паехалі. У вагонах гэтых таварных карыты былі зробленыя...”

Гаворка ідзе пра роднага дзядзьку Папанава, Мікалая Раўкоўскага. Падчас высылкі ў Архангельск у дарозе загінулі ад холаду двое ягоных дзяцей. Менавіта з-за гэтай гісторыі ўсенародна любімы актор Анатоль Папанаў так ніколі і не ўступіў у КПСС. Якімі б пернікамі туды ні вабілі. Але мой суразмоўца нават вёў перапіску з самім Сталіным. Пра магчымасьць вяртаньня на радзіму пасьля вайны.

Стары: “Начальства казала — знайдзі на сваё месца замену. А дзе я знайду замену? Я бабах ліст Сталіну. Ад Сталіна прыходзіць паперка. Мяне выклікаюць у заводаўпраўленьне: “Праз два тыдні вам будзе замена. Разьлік дадзім”.

Карэспандэнт: “Вы напісалі Іосіфу Сталіну?”

Стары: “Так. У мяне і паперка ляжала. Я яе згубіў. Што ад яго прыйшла. Адкамандзіраваць па месцы жыхарства сям’і”.

Карэспандэнт: “І не баяліся?”

Стары: “Я трудзяга быў. Я быў перадавы”.

Голас Папанава: “Алё! Эта я, Лёлік. Лёлік!”

Кабета перадпэнсійнага веку, Натальля, працуе ў дзяржаўнай будаўнічай арганізацыі. Будуюць яны жытло для калгасьнікаў. Па прэзыдэнцкай праграме. Зь цеплынёй і гонарам апавядае дасьведчаная тынкоўшчыца пра сваю працу.

Танальля: ““Домікі прэзыдэнцкія. Спачатку ўсе сьпяць, чухаюцца. Пакуль маразы, дажджы. Матэрыялаў няма. Якая там якасьць? Тынкуеш па мокрых сьценках. Пасьля яно зваліцца. Зараз ляпалі сьцены. Мокрая цэгла, і мы па мокрым ідзем”.

Карэспандэнт: “Гэта так будуецца?”

Натальля: “Будуецца. У суботу. Хто ня выйдзе на работу, таму кантракт будзем разглядаць. Усё кантрактамі палохаюць. Я не магу так жыць. У чалавека павінны быць правы, абавязкі. Законы. Ну ты ж не авечка, якую ў атару загналі і паганяюць? Мужыкі прап’юцца, а хто падымаецца — закрый рот”.

“Карэспандэнт: “І ўсім гэта падабаецца? А не было жаданьня сказаць начальніку...”

Голас Папанава: “Штоб ты здох. Штоб я відзеў цібя ў грабу ў белых тапках”.

Натальля: “Гэта ж як Дамоклаў меч над табой. Ладна, у маім веку я магу за сябе пастаяць. А моладзь, якая прыходзіць? Іх туды-сюды шпурляюць. І маўчы. Кантракт. Што гэта за кантракт на год?”

Маладое пакаленьне няхачаўцаў прадстаўляе дзяўчына Надзя. Маладая, прыгожая, незамужняя. Надзя працуе фэльчаркаю.

Карэспандэнт: “Вы патрыёт вёскі Няхачава?”

Надзя: “Канечне. Яшчэ які патрыёт. І зьяжджаць ня хочацца. Дваццаць пяць гадоў тут пражыла. Я нарадзілася тут. Была магчымасьць зьехаць, але...”

Карэспандэнт: “Не паехалі. А чаму?”

Надзя: “Я не такі чалавек, каб штосьці мяняць у сваім жыцьці. Я люблю сваю вёску, свой дом. Я нават ня ведаю, за што”.

Карэспандэнт: “Вы такая маладая і прыгожая. Прабачце, а як тут з жаніхамі?”

Надзя: “З жаніхамі туга. Вельмі туга. Ніяк”.

Карэспандэнт: “А што ж рабіць маладой прыгожай жанчыне?”

Надзя: “А я проста пра гэта ня думаю. Я працую, і ўсё.

Карэспандэнт: “Гэта няправільна”.

Надзя: “Гэта правільна. Шлюб — ня самае галоўнае ў жыцьці”.

Голас Папанава: “Нет такога мужа, каторы не мячтаў бы хоць на час стаць халасьцяком”.

Карэспандэнт: “А што ж самае галоўнае ў жыцьці?”

Надзя: “Каб у мяне было ўсё добра на працы, дома. А жаніхі — гэта такое другаснае. Для мяне сям’я, муж і дзеці не на галоўным месцы”.





У цывілізаваных краінах ёсьць традыцыя ставіць помнікі літаратурным і кінагероям. Спрабую ўявіць адзінокую фігуру Лёліка на пэроне Няхачаўскага вакзалу. І не знаходжу ў сабе адмоўных рэакцыяў.