У Маскве ўпершыню ў папулярным яшчэ за савецкім часам кніжным праекце “Жизнь замечательных людей” (ЖЗЛ) выйшла кніга, прысьвечаная дзейнаму прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну.
Аўтар дакумэнтальнай біяграфіі – 83-гадовы гісторык-марксіст, палітоляг Рой Мядзьведзеў. Ён на 700 старонках тлумачыць фэномэн Пуціна як нацыянальнага лідэра, што здолеў “прадухіліць распад і ўмацаваць новую расейскую дзяржаву”. Расейскія крытыкі не саромеюцца ў выказваньнях на адрас чарговага панэгірыка, называючы зьмест кнігі “ружовай сьлінаю” і “непрыкрытым халуйствам”.
Чарговая кніга, прысьвечаная кіраўніку Расеі, выйшла, бадай, у самай вядомай яшчэ з дарэвалюцыйнай пары анталёгіі “Жыцьцё выдатных людзей”, вылучанай у асобную плынь “Біяграфія працягваецца”. Іншымі словамі, Уладзімер Пуцін запачаткаваў сэрыю, дзе будуць услаўляцца ня мёртвыя геніі, а жывыя сучасьнікі.
“Московский комсомолец”: чэкіст уславіў чэкіста
Вядомы сваім радыкалізмам “Московский комсомолец” называе “ружовай сьлінаю” ідэалягізаваную біяграфію Пуціна, а самога Мядзьведзева – “халуём” цяперашніх уладаў. Аўтар “рэцэнзіі”, аглядальнік газэты Аляксандар Мінкін (сам аўтар кнігі пра Пуціна “Лісты прэзыдэнту”), акцэнтуе ўвагу на тым, што ніхто з савецкіх і расейскіх правіцеляў не дадумаўся ўвекавечыць сябе ў папулярнай сэрыі, якая выходзіць больш за сто гадоў. Самога Мядзьведзева Мінкін наўпрост называе агентам спэцслужбаў, што ў дадзеным выпадку, на думку журналіста, лягічна – чэкіст піша пра чэкіста:
“Рой Мядзьведзеў – асоба вядомая, ягоная біяграфія таксама вядомая... Кніга трапіла мне ў рукі і выклікала такую агіду, што я нават ня думаў пра яе пісаць. Але раптам адчуў, што сядзіць гэтая агіда, што стрэмка. Бо гэта – данос у форме кнігі. У сваёй рэпліцы цытатамі з кнігі я гэта даказаў. Гаварыць пра штосьці з аўтарам лічу бессэнсоўным – як з чалавекам, здольным на вялікія подласьці (а кніга цалкам складаецца з подласьці). Апроч таго, выпускаць такія кнігі – гэта ганьба для выдавецтва. І мне здаецца, што і для аб’екта гэта досыць ганебны момант, гэта яму славы – Пуціна я маю на ўвазе – не дадасьць”.
Андрэй Пятроў, галоўны рэдактар выдавецтва “Маладая гвардыя”, дзе надрукавана кніга, не выключае: у пэрспэктыве кнігі пра Пуціна могуць скласьці асобную сэрыю – настолькі запатрабаваная ягоная палітычная біяграфія, дый сам прэзыдэнт зьяўляецца надзвычай знакавай асобай. У выпадку з аўтарствам Мядзьведзева ўлічваўся ягоны багаты досьвед – гэта ўжо ня першая кніга гісторыка, прысьвечаная расейскаму лідэру:
“Чаму Рой Мядзьведзеў? А чаму не? Чаму, калі чалавеку сымпатычны дзейны прэзыдэнт і ён крытыкуе, дапусьцім, публікацыі “Московского комсомольца” і “Новой газеты”, то значыць, ён – халуй. А калі займае адваротную пазыцыю, то ён, відавочна, вельмі адважны, мужны. І ўвогуле, калі чалавек супраць прэзыдэнта нешта гаворыць, то гэта нейкі крытэр, ня ведаю, яго ўнутранай прыстойнасьці. Маўляў, ён пра прэзыдэнта сказаў дрэнна. У нас увогуле цяпер існуе пэўная падмена паняцьцяў, хоць я не бяру ўсёй прэсы”.
Пра Лукашэнку – з “прагібам” да зямлі ці ў памфлетах
У беларускіх інтэрнэт-крамах “Уладзімера Пуціна” можна замовіць і набыць за 50 тысяч рублёў. А ўвогуле за час прэзыдэнцтва Пуціна пра яго напісаныя дзясяткі твораў – ад узьнёсла паэтычных да адрасна абражальных.
А вось беларускага калегу Пуціна Аляксандра Лукашэнку такая ўвага абмінула. Найбольш грунтоўнай працай, прысьвечанай кіраўніку Беларусі, можна лічыць дасьледаваньне палітоляга Аляксандра Фядуты “Лукашэнка. Палітычная біяграфія”.
Астатнія, як лічыць адзін з аўтараў кнігі “Выпадковы прэзыдэнт” Павел Шарамет, прэтэндуюць на даведкавую літаратуру (як ужо згаданы “Выпадковы прэзыдэнт” і “Шклоўскія жарсьці” Вольгі Паўлавай) ці памфлеты (“Нашэсьце” Ўладзімера Мацкевіча, “Куля для прэзыдэнта” Ўладзімера Падгола, напаўнародны “Лука Мудзішчаў – прэзыдэнт”):
“Нашэсьце” – гэта мастацкі памфлет. Ну вось, маем 3-4. Дзьве сур’ёзныя, адзін памфлет... Гэтага вельмі мала. Бо за той час, што прэзыдэнтам Расеі Ўладзімер Пуцін, там зьявілася каля 40 кніг пра Пуціна. А ў Беларусі – тры незалежныя і яшчэ пару афіцыйных. Гэта вельмі і вельмі мала”.
Карэспандэнт: “А ці можа быць працяг “Выпадковага прэзыдэнта”?”
“Цяпер мы – ні я, ні Сьвятлана Калінкіна – нічога ня пішам пра Лукашэнку. У нас іншыя праблемы, іншыя праекты. Дый “Выпадковага прэзыдэнта” мы напісалі за некалькі тыдняў. Бо мы не такія пісьменьнікі і філёзафы, як Фядута. І мы не імкнуліся зрабіць кніжку, каб яе 3 ці 5 гадоў усе чыталі, рабілі высновы. Мы зрабілі кніжку як даведнік для беларусаў, расейцаў. Больш нават для Расеі пісалі, бо ў Расеі мала хто разумее, што насамрэч адбываецца ў Беларусі”.
Прапаганда адкінула “Жыцьцё для народу”
Зямляк Лукашэнкі, музэйны супрацоўнік і сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Мікола Жыгоцкі ў 1997-м падрыхтаваў і нават выдаў невялікім накладам даведкавы збор “Аляксандар Лукашэнка – першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь”. Аднак спроба абнавіць выданьне пад новай назвай “Жыцьцё для народу” плёну ня мела – наверсе забракавалі матэрыял з прычыны “нізкай мастацкай якасьці”, з чым аўтар катэгарычна ня згодзен:
“Мелася яна выйсьці ў прыватным выдавецтве “Хата”. Тады Падгайны яшчэ быў міністрам інфармацыі, і ён нават выдаў загад, каб выдаць мяне ў гэтай “Хаце”. Але грошай так і не далі, і паступова ўсё спусьцілі на тармазах. А самастойна выдавецтву не пад сілу было зрабіць такую працу, у такой справе патрэбен спэцыяльна навучаны калектыў, а там дырэктар амаль што адзін, толькі што наймае рэдактараў ды іншых”.
Карэспандэнт: “Калегі, натуральна, ведаюць, над чым вы працуеце. Напэўна, стаўленьне, меркаваньні з гэтай нагоды неадназначныя?”
“Правільна, некаторыя неадназначна ставяцца, некаторыя крыху й кпіны робяць у гэтым сэнсе. Ёсьць рознае. Але я рабіў па-зямляцку, адлюстраваў сапраўды яго жыцьцё, грамадзкае і палітычнае. І людзі ў любым выпадку будуць пісаць, дасьледаваць гэта. Усё ж ён шмат робіць і добрага, я лічу. І ўсё ж гэта застанецца ў гісторыі, будзе выдадзена. Гэта ж наш прэзыдэнт! Колькі гадоў ад яго абраньня ўжо прайшло”.
Зь іншых афіцыйных летапісаў, якія ўслаўляюць беларускага прэзыдэнта, можна згадаць “дакумэнтальна-мастацкую аповесьць” “Аляксандар Лукашэнка” былога супрацоўніка Інстытуту гісторыі партыі Ўладзімера Якутава, а таксама публіцыстыку “Адсюль выток, адсюль натхненьне” намесьніка рэдактара часопіса “Беларуская думка” Міхася Шэлехава. У гэтым шэрагу варта згадаць і музычныя творы – “Таварыш прэзыдэнт” Эдуарда Ханка і “Слухай бацьку” ансамблю “Сябры”.