Зь першага студзеня набраў сілу прэзыдэнцкі ўказ №302, паводле якога індывідуальныя прадпрымальнікі могуць наймаць на працу толькі сваякоў. У якасьці альтэрнатывы дзяржава прапануе прадпрымальнікам перарэгістравацца ў ПУПы – прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. Якія неспадзяванкі могуць чакаць індывідуальных прадпрымальнікаў, што вырашылі перарэгістравацца?
Указ №302 устанаўляе, што ў якасьці месца знаходжаньня ўнітарнага прадпрыемства можа выкарыстоўвацца жытло прадпрымальніка, які рэгіструе ПУП. Менавіта гэтыя абставіны пераканалі спадара Васіля зь Менску перарэгістравацца.
Жыроўка, якую ён атрымаў у наступным пасьля перарэгістрацыі месяцы, уразіла сваёй сумаю.
“Ён быў вельмі не задаволены, – расказвае Васілёва сястра Алена. – Бо ў 3-4 разы паболела жыроўка яго як юрыдычнай асобы – у параўнаньні з тым часам, калі ён быў індывідуальным прадпрымальнікам. Каля 600 тысяч ён заплаціў. Атрымалася, што для яго раней камунальныя паслугі каштавалі паўтары тысячы за мэтар, а юрыдычная асоба плаціць 7-8 тысяч. Ён зьбіраўся шукаць праўды ў судзе”.
У 3-4 разы паболела жыроўка яго як юрыдычнай асобы
Па тлумачэньні я зьвярнулася ў аддзел прадпрымальніцтва і рэгістрацыі выканкаму Цэнтральнага раёну Менску:
“Пасьля рэгістрацыі цягам году плата за кватэру павялічвацца не павінна. А потым павялічвацца будзе, у некалькі разоў. Але дакладна пакуль што невядома, наколькі вырасьце”.
У юрыдычным аддзеле ЖРЭА Партызанскага раёну спаслаліся на ўказ №302: маўляў, там нічога не гаворыцца пра непадвышэньне цэнаў на камунальныя паслугі:
“Там жа не напісана, што калі яны перарэгістраваліся, то стаўце ім квартплату як проста насельніцтву – і ўсё”.
Па больш дэталёвыя тлумачэньні юрыдычны аддзел параіў зьвярнуцца да разьлікова-інфармацыйнага цэнтру. Намесьніца начальніка цэнтру пацьвердзіла, што плата за камунальнае абслугоўваньне жытла, дзе зарэгістравана прыватнае ўнітарнае прадпрыемства, вырасьце:
Калі рэгіструеце юрыдычны адрас ПУП, плаціце 544,9
“Калі ў вас кватэра, дапусьцім, 60 мэтраў і там не зарэгістравана нічога, то вы плаціце за яе як за жытло ў гэтым месяцы 240,3 рубля за мэтар квадратны. Калі вы там рэгіструеце юрыдычны адрас ПУП, то плаціце 544,9. То бок 100% плацім на адлічэньні для капрамонту з той сумы, што плаціцца на тэхабслугоўваньне. Расьце тэхнічнае абслугоўваньне – растуць адлічэньні на капрамонт. Чым большая плошча кватэры, тым большая набягае розьніца. Гэта ўсё адпавядае пастанове Савету міністраў №207 ад 19 лютага 2003 году”.
Зь цягам часу названыя лічбы могуць зьмяніцца яшчэ больш значна:
“Цяпер у нас падняўся кошт квадратнага мэтра па тарыфе. Быў меншы, цяпер – 240 рублёў. А па сабекошце тарыф застаўся такі, як раней – 544 рублі. Калі згодна з нарматыўнымі новымі дакумэнтамі ён зьменіцца, стане каштаваць тысячу ці дзьве тысячы, то гэта й дасьць істотную розьніцу паміж тым, што яны плацілі і што яны будуць плаціць далей”.
Былыя індывідуальныя прадпрымальнікі кажуць, што перарэгістрацыя ў ПУП у рэальнасьці аказалася з падвохам. Здавалася, што выкарыстаньне жытла ў якасьці юрыдычнага адрасу спросьціць працэдуру. Але ж калі тарыф на сабекошт будзе расьці, як усе цэны ў краіне, утрымліваць рэнтабэльнасьць прыватнага ўнітарнага прадпрыемства стане немагчыма.