Сёньня з турмы на вуліцы Акрэсьціна ў Менску на волю выйдуць актывісты моладзевага дэмакратычнага руху, якіх затрымалі 16 студзеня і арыштавалі на 15 сутак.
Адных абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы, іншых – ва ўдзеле ў акцыі пратэсту супраць палітыкі ўладаў у дачыненьні да малога бізнэсу, якая адбылася 10 студзеня. Разам зь імі на волю выйдуць тыя, каго арыштавалі на 10 сутак за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня.
Сваякі і сябры арыштаваных актывістаў з розных незарэгістраваных моладзевых арганізацыяў будуць сёньня сустракаць іх каля турэмнай брамы на вуліцы Акрэсьціна. Актывістаў “Маладога фронту” Касю Галіцкую, Людмілу Атакулаву, Касю Краснову, Уладзімера Сяргеева затрымалі 16 студзеня, як толькі тыя прыйшлі на каток каля Палацу спорту. Спэцназаўцы праверылі іх заплечнікі і знайшлі там партрэты Артура Фінькевіча і Зьмітра Дашкевіча. Маладзёнаў прывезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну і склалі на іх пратаколы па факце “дробнага хуліганства”.
Маладых людзей абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы. У судзе ўсіх арыштавалі на 15 сутак.
Зьміцер Дашкевіч выйшаў на волю ў той час, калі яго паплечнікі, якія спрабавалі ладзіць акцыю салідарнасьці зь ім, ужо былі ў турме. Зьміцер прыйдзе сустракаць сваіх сяброў.
“Мы там будзем па чарзе дзяжурыць, пачынаючы ад раніцы, – гаворыць моладзевая актывістка Тацяна Шапуцька, – бо, нягледзячы на тое, што нашыя дзяўчаты павінны выйсьці ўвечары, супрацоўнікі “Акрэсьціна” выпускаюць вязьняў на 8 ці на 10 гадзінаў раней. Мы спадзяемся, што нашая сустрэча будзе даволі ўрачыстая і мы вельмі добра сустрэнем дзяўчат і нашага хлопца, якія паўмесяца сядзелі ў астрогу”.
Яшчэ раней 16 студзеня ў міліцыю трапілі моладзевыя актывісты Партыі БНФ Франак Вячорка і Антон Каліноўскі. Хлопцаў затрымалі ў судзе, калі яны прыйшлі туды падтрымаць сваіх сяброў. Іх таксама абвінавацілі ў дробным хуліганстве.
Антона пакаралі арыштам на 10 сутак, Франака – на 15.
Сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Ініцыятыва” Андрэя Прасьняка і Андрэя Кіма затрымалі падчас разгону акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня. Хлопцаў арыштавалі на 10 сутак.
Амаль усе, каго будуць сёньня сустракаць каля турэмнай брамы, зьяўляюцца студэнтамі вышэйшых навучальных установаў.
“На жаль, адміністрацыйны арышт лічыцца прагулам, і мы непакоімся за моладзевых актывістаў, якія цяпер выйшлі з “Акрэсьціна” і свой тэрмін адбывалі ў часе зімовай сэсіі. Але мы спадзяемся, што адміністрацыі ўнівэрсытэтаў ня будуць удзельнічаць у расправах”, – гаворыць сябра Камітэту дапамогі палітрэпрэсаваным Эніра Браніцкая.
За кратамі турмы на вуліцы Акрэсьціна застануцца адбываць арышты некалькі прадпрымальнікаў, сярод якіх Артур Піцько, Сяргей Шаўцоў, Віктар Кукрыш, Уладзімер Няпомняшчы, а таксама актывіст руху “Джынс за свабоду” Павал Кур’яновіч і актывіст “Маладога фронту” Зьміцер Хведарук. Зьмітра затрымалі, калі ён 17 студзеня выйшаў з будынку суду, дзе судзілі яго сяброў. Ён выйдзе на волю 1 лютага.