У сядзібе БНФ сёньня адбылася прэзэнтацыя раману Артура Клінава – “Малой падарожнай кніжкі па Горадзе Сонца”. Гэты твор аўтар называе аўтабіяграфічным.
“Горад Шчасьця памёр, але засталася цудоўная, і да чаго не падобная эстэтычная канструкцыя — Сонечны Горад Мрояў”, – піша ў сваім творы Артур Клінаў.
Паводле філёзафа Алеся Анціпенкі, які выступіў пад час прэзэнтацыі, кніга Артура Клінава – гэта разьвітаньне з той “Краінай шчасьця”, у якой жыве ці не большая частка насельніцтва.
“Краіна шчасьця” яшчэ працягвае існаваць у сьвядомасьці яшчэ значнай колькасьці беларусаў і ў нашым рэальным часе. Ад гэтага робіцца крыху сумна, але радуе тое, што гэту “Краіну шчасьця” пакідае ўсё больш і больш людзей. І Артур Клінаў піша ў сваёй кнізе пра тое, што ён значна раней за сваіх аднагодкаў пакінуў гэтую “Краіну шчасьця”, дзякуючы свайму бацьку, які адкрыта не прымаў савецкі лад жыцьця. Гэта пэўна першая ў беларускай літаратуры кніга, дзе робіцца спроба разьлічыцца з камуністычным мінулым. Гэтая кніжка ёсьць спробай такога разьвітаньня з “Краінай шчасьця”, з імпэрыяй зла”.
Артур Клінаў сказаў, што гарады стварае літаратура. А Менск рос такімі тэмпамі, што літаратура за ім не пасьпявала. Аўтар прачытаў некалькі ўрыўкаў з кнігі, а потым адказаў на пытаньні чытачоў. Ці Менск прыгожы горад, на думку спадара Клінава?
“Для мяне ён прыгожы сваёй дэкадэнцкай прыгажосьцю”.
На пытаньне ці ёсьць сэнс выносіць на фасад краіны менавіта “Горад сонца”, ці ня лепш шукаць нешта спрадвечнае, беларускае, спадар Клінаў адказаў:
“Гэта падарунак утопіі, які паўстаў у гэтым месцы ў Менску. Але гэты падарунак не зьвязаны зь любай сэрцу традыцыяй Вялікага княства Літоўскага. Пытаньне ў тым, як нам гэта адаптаваць, бо гэта трэба адаптаваць у нацыянальны кантэкст. У гэтым ёсьць праблема. У сваёй кніжцы я ў пэўным сэнсе і зрабіў гэтую спробу адаптаваць”.
Адносна цяперашніх плянаў забудовы Менску, у прыватнасьці, узьвядзеньня на месцы гатэлю “Беларусь” дзелавога цэнтру і будаўніцтва некалькіх новых гатэляў, Артур Клінаў сказаў, што яны выклікаюць жах і пэсымізм. І гэта можа прывесьці да таго, што можа зьнікнуць “Горад Сонца” – унікальны помнік архітэктуры.
“Гэта наша Вэнэцыя, гэта нашы піраміды. І я прапаную гэтую ўнікальнасьць захаваць. Што да старога Менску, то трэба зносіць гэтыя 1970-х гадоў пабудовы і аднаўляць Нямігу. Мы маглі б мець сытуацыю, калі б у нас быў Горад Сонца, і стары Менск. Тым больш, што яны непарыўныя. Яны ствараюць вельмі дзіўную і файную канструкцыю. З аднаго боку, Няміга, якая перакладаецца як бяссоньне, як тая, якая ня сьпіць.З другога боку, горад Сонца. Няміга, як горад ночы і Горад Сонца – горад дня. Горад-сон і горад-бяссоньне, Няміга. Таму Нямігу трэба адраджаць, а Горад Сонца захаваць. Але баюся, што і Нямігу затопчуць ужо канчаткова, і Горад Сонца затопчуць”.