Сёньня ў Менску адбылося супольнае паседжаньне калегіяў міністэрстваў замежных справаў Расеі і Беларусі, на якім зацьвердзілі супольную праграму дзеяньняў на міжнароднай арэне ў 2008—2009 гг.
Потым міністры Сяргей Лаўроў і Сяргей Мартынаў адказалі на пытаньні журналістаў.
Кіраўнік вонкавапалітычнага ведамства Расеі казаў пра тое, што “спробы некаторых краінаў Захаду дыктаваць сваю волю Беларусі” выклікаюць у Маскве неспакой. Тут лічаць такі падыход контрапрадуктыўным, пра што, як заявіў Сяргей Лаўроў, ён ня раз казаў сваім амэрыканскім і эўрапейскім партнэрам:
“Вырашаць праблемы, якія непазьбежна ўзьнікаюць паміж дзяржавамі, трэба не праз дыктат і ціск, а праз узаемапаважлівы дыялёг. Прыклады такога падыходу ў гісторыі ёсьць. І ён нязьмерна больш прадуктыўны з пункту гледжаньня зьняцьця тых пытаньняў, якія могуць кагосьці хваляваць”.
Лаўроў таксама сказаў, што ў гэтым сэнсе ён падтрымлівае палітыку Беларусі, якая хоча вырашаць свае пытаньні з Эўропай і ЗША менавіта праз дыялёг. Расейскі міністар сказаў, што магчымае паляпшэньне дачыненьняў Беларусі з Захадам не адаб’ецца нэгатыўна на адносінах Беларусі з Расеяй. “У нас такіх перасьцярог не існуе”, – падкрэсьліў спадар Лаўроў.
Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў традыцыйна скардзіўся на падвойныя стандарты адносна Беларусі з боку Захаду:
“Рэспубліка Беларусь лічыць крытыку на свой адрас, а тым больш аднабаковыя захады прымусу ў эканамічнай сфэры неабгрунтаванымі і несправядлівымі. Мы ўдзячныя Расейскай Фэдэрацыі за падтрымку нашай пазыцыі ў гэтым пытаньні... Цяпер мы супольна з Расеяй і ў кантактах з Эўразьвязам ды іншымі заходнімі партнэрамі працуем над тым, каб гэтыя праблемы зьняць. Якія будуць вынікі – пабачым у далейшым”.
Алесь Лагвінец — палітоляг, дарадца Аляксандра Мілінкевіча ў міжнародных пытаньнях, тлумачыць, чаму Расеі выгадна падтрымліваць Беларусь і аберагаць яе ад крытыкі з боку дэмакратычных краінаў:
“Першае: Беларусь – гэта такі адмоўны прыклад, на тле якога Расея выглядае нашмат больш прыстойна.
А другая вельмі важная рэч, пра якую трэба ўвесь час памятаць, — Расея вельмі добра ўсьведамляе патэнцыял эўрапейскай, дэмакратычнай Беларусі. І з гэтага гледзішча Расея перасьцерагаецца, што Беларусь сапраўды будзе ўзорам добрых дачыненьняў з Эўрапейскім Зьвязам, узорам разьвіцьця дэмакратыі для шмат якіх расейцаў, якія маюць добрае стаўленьне да беларусаў.
Таму сёньняшняе пагадненьне і сам факт візыту міністра Лаўрова паказваюць на тое, што Расея імкнецца яшчэ больш прывязаць Беларусь да сябе. І гэта робіцца праз розныя фармальныя пагадненьні. Нават робячы гэтыя пагадненьні ня толькі на ўзроўні Лукашэнкі, які апошнім часам можа паводзіць сябе ў дачыненьнях з Расеяй вельмі непрадказальна, але і завязаць Беларусь праз пагадненьні з рознымі інстытуцыямі, з рознымі міністэрствамі. Дзеля таго, каб мець кантроль над Беларусьсю”.