У памяшканьні Гістарычных майстэрняў у Менску адбыўся ўстаноўчы сход грамадзкай арганізацыі “Інстытут нацыянальнай памяці”.
Ініцыятарамі стварэньня новага грамадзкага аб'яднаньня сталі вядомыя ў краіне прадстаўнікі навуковай і творчай інтэлігенцыі, палітыкі і грамадзкія дзеячы.
На пачатку сходу сьвятар Леанід Акаловіч правёў кароткую малітву, якую завяршыў пажаданьнямі посьпехаў ініцыятарам стварэньня “Інстытуту нацыянальнай памяці”:
“Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква ў маёй асобе шчыра вас вітае з той адказвай справай, якую вы бераце на свае плечы, – справай аднаўленьня гістарычнай і нацыянальнай памяці нашага старажытнага ліцьвінска-беларускага народу. Гэта пачэсная місія, хоць, можа, і няўдзячная з боку дзяржавы, але, спадзяюся, удзячная з боку нашчадкаў”.
Грамадзкая арганізацыя “Інстытут нацыянальнай памяці” – пераемніца аргкамітэту па дасьледаваньні пэрыяду сталінскіх рэпрэсіяў, які працаваў цягам мінулага году. Інстытут мае намер дасьледаваць праблемы і папулярызаваць дасягненьні беларускай нацыі ад старажытнасьці да нашых дзён, а таксама мае іншыя задачы, кажа адзін з заснавальнікаў, пісьменьнік Васіль Якавенка:
“Ідэя і задача – стрымліваньне распаду грамадзянскай супольнасьці ў краіне і стрымліваньне распаду нацыянальнай культуры”.
Сустаршынямі новай грамадзкай арганізацыі будуць Алесь Петрашкевіч, Леанід Маракоў, Генадзь Лыч, Радзім Гарэцкі. Спадар Гарэцкі і Рыгор Барадулін, якія ня здолелі прысутнічаць на сходзе, даслалі свае прывітальныя лісты.
Удзельнікамі ўстаноўчага сходу сталі таксама больш маладыя пасьлядоўнікі справы нацыянальнага адраджэньня. Адзін зь іх – старшыня аб’яднаньня “Гісторыка” Зьміцер Рагачоў:
“Інстытут нацыянальнай памяці – вельмі слушная назва – дазволіць, на наш погляд, сыстэматызаваць і аднавіць усю тканку нацыянальна-гістарычнай памяці. Тое, што неабходна, каб стаць здаровай нацыяй”.
Ужо на ўстаноўчым сходзе сябры арганізацыі заплянавалі на 2008 год шэраг акцыяў: выданьне кніг памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, сустрэчы з удзельнікамі беларускага антысавецкага супраціву, вечарыны, прысьвечаныя лёсу сям’і Гарэцкіх.
Пра значнасьць і патрэбу стварэньня “Інстытуту нацыянальнай памяці” гаворыць сябра аргкамітэту Вячаслаў Сіўчык:
“Трэба вітаць стварэньне любых структур, якія ставяць за мэту абарону беларускай тоеснасьці. Спадзяюся, што Інстытут нацыянальнай памяці засяродзіцца на вельмі сур’ёзных, сыстэмных, канцэптуальных рэчах”.