Беларусаў ураўнавалі ў правох з замежнікамі. Цяпер грамадзяне Беларусі будуць плаціць за беларускія гатэлі амаль столькі ж, колькі плацяць госьці зь іншых краінаў.
Супрацоўніца Таварыства з абмежаванай адказнасьцю “Мінатэль”, аднаго з заснавальнікаў гатэлю “Эўропа”, уладальніка гатэляў “Спадарожнік” і “Беларусь”, патлумачыла юрыдычную глебу пераменаў:
“Пастанова Міністэрства эканомікі і Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі №203/41 ад 23 лістапада 2007 году. Гэтая пастанова набыла сілу 1 студзеня 2008-га. У адпаведнасьці зь ёй аплата за паслугі гатэляў, якія аказваюцца замежным грамадзянам, робіцца згодна зь міжнароднымі дамовамі. Паколькі ў нас з Расеяй падпісана дамова аб тым, што правы на тэрыторыях нашых краінаў у нашых грамадзянаў аднолькавыя, то і аплата за паслугі гатэляў мае быць аднолькавая”.
Карэспандэнтка: “І ўсё ж цэны для беларуса і немца ў нашых гатэлях як розьняцца?”
“На сёньняшні дзень у нас 2 тарыфы: адзін для беларусаў і расейцаў, другі для ўсіх астатніх. Тарыф для беларусаў і расейцаў – ён крышачку меншы – на 2-3 эўра”.
У рэгіянальных гатэлях новаўвядзеньні трактуюць зусім інакш. У Нясьвіжы ў аднайменным гатэлі мне назвалі гэткія цэны:
“17 180 – адно месца ў двухмясцовым нумары. 21 600 рублёў – нумар на аднаго чалавека”.
Карэспандэнтка: “А ці ёсьць розьніца ў аплаце для грамадзянаў і неграмадзянаў Беларусі?”
“Розьніца і раней была. Толькі цяпер расейцы і беларусы па той самай цане. А для ўсіх астатніх – СНД і іншыя краіны – павелічэньне 1 да 4”.
Карэспандэнтка: “То бок колькі будзе, прыкладам, немцу каштаваць нумар у вашым гатэлі”?
“87 тысяч”.
Адміністратарка гатэлю “Юбілейны” расцэньвае падвышэньне цэнаў пражываньня ў гатэлях для беларускіх грамадзянаў як праяву клопату аб роўнасьці правоў:
“Аднамясцовы нумар будзе каштаваць ад 60 даляраў, двухмясцовы – ад 80 даляраў па курсе Нацбанку. Цэны не падвысіліся, проста яны сталі аднолькавыя для беларусаў і небеларусаў. Ну, вось за мяжой – там жа няма дзяленьня такога, як у нас было раней? Вось і ў нас таксама ўраўнавалі. Аднолькавы кошт для ўсіх катэгорыяў грамадзянаў”.
Карэспандэнтка: “Колькі раней у вас каштаваў нумар для беларуса?”
“Таньней даляраў на 20”.
У найдаражэйшым гатэлі Беларусі “Эўропа” цэны, паводле адміністратаркі, зьмяніліся апошнім часам неістотна:
“Былі маленькія зьмены. Цэны для беларускіх грамадзянаў і замежных гасьцей былі розныя. Але цэны зьмяніліся неістотна. Аднамясцовы нумар каштуе 308 эўра, двухмясцовы – 409. Ёсьць яшчэ люкс па 500, 520 эўра”.
А вось адміністратарка гатэлю “Кастрычніцкі” прызнае, што цэны для беларускіх грамадзянаў вырасьлі істотна:
“Раней кошты для беларускіх грамадзянаў, для расейцаў і замежных грамадзянаў былі вельмі розныя, цяпер кошт аднолькавы. Раней для беларусаў аднамясцовы нумар каштаваў 48 310 рублёў, цяпер – 116 500. Адчуваецца розьніца”.